Мінабароны Расіі абвергла словы Пуціна: прызнала знаходжанне ва Украіне расійскіх салдат тэрміновай службы

Мінабароны РФ прызналася, што ў вайне ва Украіне ўдзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. У цяперашні час многія з іх знаходзяцца ў палоне.

fnsldsyxsamv2_0.jpg


«На жаль, выявіліся некалькі фактаў прысутнасці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расійскіх Узброеных Сіл, якія ўдзельнічаюць у правядзенні спецыяльнай вайсковай аперацыі на тэрыторыі Украіны», — цытуе АФН заяву Мінабароны РФ.

Нагадаем, толькі ўчора, 8 сакавіка, Пуцін заявіў, што ні вайскоўцы тэрміновай службы, ні рэзервісты не задзейнічаныя і не будуць задзейнічаныя пры правядзенні ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне.

«Падкрэслю: у баявых дзеяннях не ўдзельнічаюць і не будуць удзельнічаць салдаты, якія праходзяць тэрміновую службу, і не будзе праводзіцца дадатковы заклік рэзервістаў з запасу. Пастаўленыя задачы вырашаюць толькі прафесійныя вайскоўцы», — заявіў Пуцін у сваім відэазвароце да жанчын з нагоды 8 сакавіка, апублікаваным на сайце Крамля.

У сваю чаргу Міністэрства абароны Украіны казала пра 2000 расійскіх салдат, узятых у палон з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну.