На фоне росту выдаткаў на вайну ва Украіне чатыры з пяці расіян эканомяць на ежы
Вайна ва Украіне і пераарыентацыя эканомікі на ваенныя патрэбы ўсё мацней адбіваюцца на дабрабыце расіян. Вынікі сацыялагічных даследаванняў Prognosis і Shopper's паказалі, што чатыры з пяці расіян сталі эканоміць на прадуктах харчавання. Ва ўмовах ваеннай эканомікі прагноз відавочны — узровень жыцця расіян працягне зніжацца. Ідуць 1588-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 227 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 чэрвеня.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 31 раз атакавалі паблізу Верхняй Тэрсы, Навасёлаўкі і Гуляйпольскага, а таксама ў бок Падарожнага, Уздвіжаўкі, Стараўкраінкі, Святапятроўкі, Капаноў, Прывольнага, Роўнага, Цвятковага і Чароўнага.
На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 23 штурмы, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Рэзнікоўкі, Закітнага і Крываой Лукі, а таксама ў кірунку Рай-Аляксандраўкі.
На Канстанцінаўскім і Пакроўскім кірунках расіяне здзейснілі па 22 атакі на кожным.
Украінскія падраздзяленні на Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбілі 15 атак арміі РФ паблізу Ваўчанска, Сінельнікава, Старыцы і Ваўчанскіх Хутароў, і ў кірунку Ізбіцкага, Лімана, Ахрымаўкі, Шавякоўкі і Хатняга.
На Ліманскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў раёнах Дробышава і Ліману, а таксама ў кірунку Шыйкаўкі, Новаміхайлаўкі і Навасёлаўкі.
* * *
Расійскія войскі прасунуліся ў раёне Закітнага Ліманскай грамады Данецкай вобласці. Па даных аналітыкаў праекта DeepState, расіяне ўстанавілі кантроль над тэрыторыяй плошчай каля двух квадратных кіламетраў.
Згодна з гэтымі данымі, уся тэрыторыя забудовы ў межах Закітнага аказалася пад кантролем РФ. Акрамя таго, суседняя вёска Крывая Лука, якая раней поўнасцю знаходзілася пад кантролем Узброеных сіл Украіны, цяпер часткова ў раёне пранікнення арміі РФ.
Падобны малюнак дэманструюць карты, апублікаваныя амерыканскім Інстытутам вывучэння вайны (ISW) па стане на нядзелю. На іх таксама ўказана, што Закітнае поўнасцю акупавана, а Крывая Лука знаходзіцца ў зоне інфільтрацыі расійскіх войскаў. Але ў тэксце справаздачы ISW гаворыцца толькі пра агульныя аперацыі расійскіх сіл на Славянскім кірунку без згадак пра канкрэтныя населеныя пункты.
* * *
Расія ставіць сабе мэту захапіць Данецкую вобласць да 31 снежня гэтага года, аднак гэта ўжо 15-ты раз, калі Крэмль пераносіць адпаведны дэдлайн, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце 29 чэрвеня.
«Палітычнае кіраўніцтва Расіі пастаянна марыць пра Данбас. Ужо 15 разоў была гэтя мара ў іх — быццам яны поўнасцю захопяць Данбас», — сказаў Зяленскі і нагадаў, што на працягу 2022 года Крэмль вызначаў пяць дат: 31 сакавіка, 9 траўня, 1 чэрвеня, 15 верасня і 31 снежня. У 2023 годзе былі новыя спробы ўстанавіць дэдлайны — на 1 сакавіка і 31 снежня.
У 2024 годзе планы аднавіліся з чарговымі тэрмінамі. А ў 2025 годзе расійскае кіраўніцтва спрабавала пераканаць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў будучым падзенні Украіны, прызначыўшы тры новыя даты: 1 верасня, 1 снежня і 25 снежня.
Падобная сітуацыя паўтарылася і ў 2026 годзе: спачатку планавалі завяршыць акупацыю Данбаса да 31 сакавіка, затым тэрмін ссунулі на 1 верасня, а цяпер канчатковай датай вызначана 31 снежня.
«Калі Расія не скончыць сваю вайну, то і гэты тэрмін ім зноў давядзецца пераносіць. Калі Пуцін хоча пакласці яшчэ мільён сваіх салдат, каб далей біцца аб гэтую сцяну, то мільёну расіян, якія пакуль што не мабілізаваны ў расійскую армію і спрачаюцца ў чэргах за бензінам, варта падумаць, што іх чакае далей», — адзначыў Зяленскі.
* * *
З вечара 29 чэрвеня расійскія войскі атакавалі Украіну 154 ударнымі БпЛА розных тыпаў, 138 дронаў удалося абясшкодзіць, зафіксавана 13 траплянняў, паведамілі Паветраныя сілы УСУ ў Telegram.
Колькасць загінулых у выніку расійскага ўдару па Дняпры 29 чэрвеня ўзрасла да 7 – раніцай 30 чэрвеня памёр адзін з параненых. 16 пацярпелых застаюцца ў медыцынскіх установах. З іх семера — у цяжкім стане.
Вечарам 29 чэрвеня расійская армія нанесла паўторны ўдар па будынку Запарожскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Абышлося без пацярпелых.
* * *
* * *
Сістэматычныя і неаднаразовыя атакі на энергетычную інфраструктуру Украіны зімой 2025-2026 гадоў выклікалі маштабныя перабоі ў прадастаўленні асноўных паслуг і ўзмацнілі ўздзеянне на грамадзянскае насельніцтва, гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным Упраўленнем ААН па правах чалавека 30 чэрвеня.
У дакладзе задакументавана гібель 1272 грамадзянскіх асоб і раненні 6871 чалавека за справаздачны перыяд, што на 40% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года.
Асноўнай прычынай ахвяр сярод грамадзянскіх заставаліся атакі з прымяненнем дальнабойных ракет і беспілотнікаў. Рост выкарыстання беспілотнікаў малой далёкасці яшчэ больш узмацніў рызыкі для грамадзянскіх, ускладніў эвакуацыю і гуманітарныя аперацыі, а таксама ўзмацніў ізаляцыю асобных грамад.
«Страта электра- і цеплазабеспячэння зімой паўплывала на здароўе, бяспеку і магчымасць людзей падтрымліваць належны ўзровень жыцця, асабліва пажылых людзей, асоб з інваліднасцю і сем’яў з дзецьмі… Наступнай зімой людзі зноў сутыкнуцца з такімі ж цяжкасцямі, а калі атакі адновяцца — то нават з яшчэ большымі», — сказала кіраўніца Маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне (ММПЛУ) Даніэль Бель.
* * *
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган падчас тэлефоннай размовы з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам заявіў, што працуе над аднаўленнем перамоваў паміж Украінай і Расіяй.
«Прэзідэнт Эрдаган заявіў, што Турцыя імкнецца да доўгага міру ў расійска-ўкраінскім канфлікце і прыкладае намаганні для аднаўлення перамоваў і дыпламатычнага працэсу», — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення камунікацый прэзідэнта Турцыі.
Лідары таксама абмеркавалі іншыя глабальныя пытанні. Эрдаган заявіў, што Турцыя і Германія імкнуцца палепшыць двухбаковыя адносіны.
Прэзідэнт Турцыі адзначыў, што чакае ад саміту лідараў НАТА, які пройдзе ў Анкары, дэманстрацыі цвёрдай волі па ўмацаванні Еўропай уласнай абароны ў рамках НАТА і захавання «трансатлантычнай сувязі».
* * *
Двухпартыйны законапраект, які павінен скараціць бюракратыю і паскорыць пастаўкі Украіне неабходных боепрыпасаў, прадставілі ў Вашынгтоне сенатар-дэмакрат ад штата Вірджынія Тым Кейн і сенатар-рэспубліканец ад штата Тэхас Джон Корнін.
Дакумент павінен забяспечыць больш стабільныя і своечасовыя пастаўкі буйных партый боепрыпасаў, неабходных Украіне для процідзеяння расійскай агрэсіі. Таксама ён павінен стымуляваць інвестыцыі еўрапейскіх саюзнікаў у падтрымку Украіны і пашырыць магчымасці абароннай прамысловасці ЗША. Новы механізм павінен дазволіць больш эфектыўна падтрымліваць Украіну дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з саюзнікамі і больш хуткай перадачы неабходных боепрыпасаў.
Джон Корнін падкрэсліў, што цяперашняя працэдура ўзгаднення экспарту ўзбраенняў занадта доўгая, з-за чаго затрымліваюцца пастаўкі, якія маюць крытычнае значэнне для ўкраінскіх ваенных.
* * *
Вайна ва Украіне і пераарыентацыя эканомікі на ваенныя патрэбы ўсё мацней адбіваюцца на дабрабыце расіян, значная частка якіх вымушана эканоміць на адзенні і прадуктах, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.
Як адзначаюць у СЗР, вынікі сацыялагічных даследаванняў Prognosis і Shopper's дэманструюць рост фінансавага ціску на расійскія хатнія гаспадаркі. У прыватнасці, 34% апытаных заявілі, што апошнім часам сталі эканоміць на прадуктах харчавання. Яшчэ 47% рэспандэнтаў паведамілі, што і раней былі вымушаны абмяжоўваць такія расходы з-за недахопу сродкаў.
Такім чынам, чатыры з пяці расіян у той ці іншай ступені сутыкаюцца з неабходнасцю кантраляваць расходы нават на базавыя тавары.
Падобная сітуацыя назіраецца і на рынку адзення. Па даных разведкі, амаль 40% грамадзян Расіі адкладваюць куплю новых рэчаў з-за фінансавых цяжкасцей. Яшчэ каля 20% апытаных заявілі, што наогул не могуць дазволіць сабе абнаўленне гардэроба.
Пагаршэнне дабрабыту насельніцтва адбываецца на фоне росту дзяржаўных выдаткаў на вайну ва Украіне. Масква працягвае накіроўваць значныя фінансавыя рэсурсы на ваенна-прамысловы комплекс і забеспячэнне баявых дзеянняў, што ўсё больш моцна адбіваецца на грамадзянскім сектары эканомікі.
Насуперак афіцыйным заявам Крамля пра ўстойлівасць эканомікі да санкцый, звычайныя расіяне ўсё часцей сутыкаюцца з ростам цэн, зніжэннем пакупніцкай здольнасці і неабходнасцю эканоміць на паўсядзённых таварах. Вынікі апытанняў сведчаць пра далейшае пагаршэнне фінансавага стану насельніцтва РФ. Ва ўмовах ваеннай эканомікі прагноз відавочны — узровень жыцця расіян працягне зніжацца.