Новае ваеннае злачынства: расійская ракета патрапіла ў кавярню, дзе праходзілі памінкі
У выніку абстрэлу вёскі Граза ў Харкаўскай вобласці загінула больш за 50 мірных жыхароў.

У выніку абстрэлу вёскі Граза ў Харкаўскай вобласці, паводле апошніх звестак, загінуў 51 чалавек, яшчэ шасцёра атрымалі раненні. Сярод загінулых — шасцігадовы хлопчык. Яшчэ адно дзіця, паводле інфармацыі мясцовых улад, паранена.
Ракетны ўдар прыйшоўся па кафэ і краме, дзе ў гэты момант было шмат людзей, распавёў кіраўнік ваеннай адміністрацыі Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў. Украінскі журналіст Андрэй Цапліенка са спасылкай на мясцовыя крыніцы паведаміў, што ў сельскай кавярні ў момант абстрэлу праходзілі памінкі, таму там сабралася шмат людзей. Гэтую інфармацыю пацвердзіў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка. Паводле яго слоў, усяго ў краме і кафэ ў момант удару знаходзіліся сама меней 60 чалавек. Усяго ў сяле пражывалі 330 чалавек.

«Пад заваламі разбураных крамы і кафэ яшчэ могуць быць людзі, таму ратавальнікі, паліцэйскія і мясцовыя жыхары працягваюць разбіраць іх», — адзначыў Кліменка ў сваім тэлеграм-канале. Офіс генпракурора Украіны адкрыў расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, спалучанага з наўмысным забойствам (частка 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэкса Украіны). Па папярэдніх даных МУС Украіны, па кафэ і краме нанеслі ўдар ракетай «Іскандэр».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў:
«Расійскі тэрор трэба спыніць. Усе, хто дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі, — злачынцы. Усе, хто падтрымлівае Расію да гэтага часу, падтрымлівае зло. Гэты і падобныя тэракты патрэбны Расіі толькі для аднаго: зрабіць сваю генацыдную агрэсію новай нормай для ўсяго свету. І я дзякую кожнаму лідару, кожнаму народу, які падтрымлівае нас у абароне жыцця!»

Ракетны ўдар па вёсцы Граза стаў самым масавым па колькасці загінулых на тэрыторыі Харкаўскай вобласці з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, заявіла прадстаўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алена Шапавал. У Харкаўскай вобласці аб'яўлена трохдзённая жалоба па загінуўшых пры ўдары.