Па Жытомірскай вобласці ўдарылі з тэрыторыі Беларусі — Генштаб Украіны

Па Жытомірскай вобласці Украіны нанеслі ўдар з тэрыторыі Беларусі. Тры расійскія самалёты ўначы ўзляцелі з аэрадрома ў Баранавічах і здзейснілі ракетны напад на Жытомірскую вобласць.

Ілюстрацыйнае фота russianplanes.net

Ілюстрацыйнае фота russianplanes.net

Расійскія самалёты ў чацвер, 9 чэрвеня, нанеслі ракетны ўдар па Жытомірскай вобласці з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта на брыфінгу паведаміў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны Аляксей Громаў, піша korrespondent.net.

"Што тычыцца напрамку Беларусі. Наступальных групаванняў праціўніка таксама там не створана. Але, напрыклад, сёння з аднаго з аэрадромаў Рэспублікі Беларусь праціўнік, Узброеныя Сілы РФ, падняў свае самалёты і нанёс ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны", — сказаў Громаў.

Ён удакладніў, што ўдар крылатай ракетай Х-59 адбыўся ў 1:15 ночы ў Жытомірскай вобласці.

"Самалёты былі прыцягнутыя з раёна Мазыра, Гомельскай вобласці, Рэспубліка Беларусь, аэрадром Баранавічы", — паведаміў Громаў. Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб двух самалётах Су-34 і адным Су-30.