Палітыкі тыдня: Генадзь Зюганаў, Махамед шосты, Іслам Карымаў

Генадзь Зюганаў

Не так даўно ў некаторых расійскіх СМІ з’явіліся публікацыі пра тое, што ў лютым будучага года на з’ездзе КПРФ можа быць пастаўлена пытанне пра змену лідара партыі, галоўнага сістэмнага апазіцыянера Пуцінскаму рэжыму.



genadiy_zuganov.jpg

Гэта ўскалыхнула апазіцыйны асяродак, дзе даўно падазраюць у Зюганаве чалавека Пуцінскай сістэмы, які займаецца мімікрыяй апазіцыйнай дзейнасці. Напрыклад, як ускосна прызнаў Дзмітрый Мядзведзеў, на прэзідэнцкіх выбарах 1996 года Зюганаў перамог Ельцына, аднак замест таго, каб патрабаваць справядлівага пераліку галасоў, першым павіншаваў ЕБН з перамогай. Асабліва радаваліся апошнім навінам незюганаўскія левыя, якія крытыкуюць Зюганава за дыскрэдытацыю ідэйнай спадчыны Леніна: напрыклад, КПРФ падтрымлівае клерыкалізацыю адукацыі і прапаганду рускага нацыяналізму. Аднак цяпер стала відавочна, што ніякай адстаўкі Зюганава на 15-м з’ездзе КПРФ не адбудзецца. Гэта вынікае са зместу інтэрв’ю першага намесніка старшыні ЦК КПРФ Мельнікава. У інтэрв’ю агенцтву “Інтэрфакс Мельнікаў заявіў, што “лідарства Зюганава ў КПРФ ніхто не аспрэчвае і што “ні на адной рэгіянальнай справаздачна-выбарчай канферэнцыі камуністаў пытанне пра змену федэральнага лідара партыі не ставілася. Увогуле, па словах Мельнікава, “партыя ганарыцца сваім нязменным лідарам. Рашэнне Зюганава застацца правадыром, на думку экспертаў, прывядзе да далейшай дэградацыі партыі. Так, паказальна, што на выбарах прэзідэнта 4 сакавіка 2012 года Зюганаў прайграў палітычнаму навічку Прохараву ў самых буйных расійскіх гарадах — Маскве і Санкт-Пецярбургу. У сваю чаргу, маладыя левыя арганізацыі, накшталт Левага Фронту, пакуль не здольныя заняць нішу КПРФ.
 



Махамед шосты

232718_27062067_.jpg


Кароль Марока Махамед стаў героем праграмы “Les guignols de l’info — французскага аналагу вядомай расійскай праграмы “Цацкі, якую ў свой час рабіў на НТВ Віктар Шэндэровіч. Дакладней, не цэнтральнай праграмы, што выходзіць у Францыі, а яе франчызы ў Тунісе, аўтары якой робяць выпускі, арыентаваныя на аўдыторыю франкамоўных краін Паўночнай Афрыкі. Калі ў іншых краінах рэгіёну выпускі “Les guignols de l’info ніякай асаблівай рэакцыі не выклікалі, то ў Марока адбыўся скандал. Аказваецца, па мясцовых законах, прадстаўляць манарха ў карыкатурах забаронена (рэдакцыя адной з газет Марока паплацілася за публікацыю малюнку караля закрыццём выдання і турэмнымі тэрмінамі для супрацоўнікаў). На думку ўраду, які ўзначальваюць ісламісты, цацачны персанаж — карыкатура, і таму трансляцыя праграмы на Марока павінна быць забаронена. Цяпер афіцыйны Рабат цісне на Туніс з-за перадачы, а самі аўтары “Les guignols de l’info спрабуюць прадстаўляць караля Марока Махамеда на ўсялякі выпадак больш пазітыўна. Так, у адной з апошніх праграм ён выратоўвае жанчын горада Касабланка ад візіту Дамініка Строс-Кана, экс-дырэктара Міжнароднага валютнага фонду, які пагарэў на сэксуальных скандалах. Паводле праграмы, Махамед і яго прэм’ер вырашаюць правесці эвакуацыю з гораду ўсіх прадстаўнікоў жаночага полу на час візіту Дамініка.
 



Іслам Карымаў

37509.jpg


Прэзідэнт Узбекістана Карымаў, як піша незалежная ўзбекская прэса, стаў марыянеткай групы нацыяналістаў, якая сфармавалася ў яго атачэнні. Нібыта яны пераканалі ўзбекскага гаранта пачаць кампанію супраць Дзеда Мароза і Снягуркі. 10 снежня ўлады Узбекістана настойліва рэкамендавалі СМІ краіны не згадваць у навагодніх праграмах Дзеда Мароза, Снягурку, а таксама Бабу Ягу. Пры гэтым навагоднюю ёлку, прычым маленькую, дазволена паказваць на экранах і на старонках газет толькі на заднім плане. Па звестках, такое распараджэнне было зроблена ў рамках кампаніі барацьбы з масавай культурай. Журналісты адзначаюць, што ўчынкі ўладаў Узбекістана з’яўляюцца спробай узняць чарговую хвалю самаідэнтыфікацыі і нацыянальнай самасвядомасці. Аднак цяжка сказаць, наколькі пераслед Новага года з’яўляецца справай нейкай нацыяналістычнай фракцыі ў прэзідэнцкай адміністрацыі, якая пачала набіраць вагу. Паведамленні пра рэпрэсіўныя меры да навагодняга свята ва Узбекістане сталі з’яўляцца з 2004 года. У 2005-м кіраўнік ташкенцкага аддзела народнай адукацыі забараніў адзначаць Новы год у школах. Сваю пазіцыю ён патлумачыў тым, што насельніцтва краіны мае права толькі на адно навагодняе свята — Навруз, які традыцыйна адзначаецца ва Узбекістане ў дзень вясновага раўнадзенства. Усе астатнія святы, на яго меркаванне, не адпавядаюць ментальнасці карэннага народа, а таму недапушчальныя. Таксама не зразумела, наколькі рэпрэсіі супраць Новага года паслядоўныя. Дзед Мароз, Снягурка і Баба Яга забароненыя, аднак прэзідэнцкая навагодняя ёлка дасюль застаецца афіцыйным мерапрыемствам.