Памятаеце вагнераўца, які папрасіў у Нарвегіі прытулку? Яго затрымалі за п'яную бойку ў Осла
Найміт ПВК «Вагнер» Андрэй Мядзведзеў, які ўцёк у Нарвегію, арыштаваны за напад на паліцыянтаў у Осла.
Экс-камандзір аддзялення ПВК «Вагнер» Андрэй
Мядзведзеў, які ўцёк у Нарвегію, арыштаваны за бойку каля бара ў цэнтры Осла і
гвалт у дачыненні да паліцэйскіх пры затрыманні. Адпаведная судовая пастанова ёсць у распараджэнні «Новай газеты. Еўропа».
У дакументах абвінавачання гаворыцца, што ў ноч на 22
лютага Мядзведзеў ўвязаўся ў бойку ў цэнтры нарвежскай сталіцы, пасля чаго
супраціўляўся затрыманню і нанёс ўдары паліцыянтам.
Адвакат Мядзведзева Брун'юльф Рыснес заявіў, што бойка
ўзнікла ў выніку «непаразумення пасля ўжывання алкаголю», а яго падабаронны не
разумеў, што адбываецца, калі прыехала паліцыя.
Рыснес паказаў, што экс-найміту цяжка даюцца мовы і яму
цяжка выказваць думкі. На допыце Мядзведзеў не прызнаў віну, яго ўжо адпусцілі
да суда.
«У сераду, 22 лютага 2023 года, каля 5:00 раніцы, калі
некалькі супрацоўнікаў паліцыі і іншых праваахоўнікаў выводзілі яго
[Мядзведзева] з паліцэйскай машыны ў двары цэнтральнага следчага ізалятара, ён
аказаў супраціў і ўдарыў нагой аднаго або некалькіх супрацоўнікаў», — гаворыцца
ў пастанове аб арышце.
Незадоўга да гэтага, каля 3:20 ночы, Мядзведзеў уступіў у
бойку з неназваным чалавекам непадалёк ад аднаго з бараў Осла.
Справу Мядзведзева разгледзяць у акруговым судзе Осла 25
красавіка. Пракурор прад'явіў яму абвінавачанне па трох крымінальных артыкулах.
Андрэй Мядзведзеў нелегальна перасёк мяжу Расіі і Нарвегіі ў
студзені гэтага года, пасля чаго папрасіў палітычны прытулак у гэтай скандынаўскай краіне. За гэты час Мядзведзеў паспеў даць некалькі інтэрв'ю нарвежскім і
іншым замежным СМІ. Да арышту ён пражываў па сакрэтным адрасе ў Осла.
З 23 па 25 студзеня экс-найміт знаходзіўся ў Нарвегіі пад
вартай у дэпартацыйным цэнтры ў Трандуме.
У інтэрв'ю нарвежскаму тэлеканалу TV 2 былы найміт распавёў,
што перасёк мяжу па лёдзе ў даліне ракі Паз. Каб прайсці КПП у
памежнай зоне (Цітаўка, Мурманская вобласць), Мядзведзеў з дапамогай
неназванага мужчыны здабыў пашпарт на імя іншага чалавека, вонкава
падобнага на яго.
Мядзведзеў казаў нарвежскім СМІ, што жадае пачаць новае
жыццё, а таксама разам з заснавальнікам Gulagu.net Уладзімірам Асечкіным выдаць
кнігу пад працоўнай назвай «супраць Вагнера» і працаваць над прыцягненнем
да адказнасці бізнесоўца Яўгена Прыгожына.