Паўночная Карэя прызнала вынікі «рэферэндумаў» у Данбасе, Запарожжы і Херсоне
МЗС КНДР прызнала вынікі «рэферэндумаў» у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспубліках, а таксама ў акупаваных частках Запарожскай і Херсонскай абласцей. Пра гэта піша «Reuters» са спасылкай на словы гендырэктара міжнародных арганізацый у Міністэрстве замежных спраў Пхеньяна Джо Чхоль Су.

«Рэферэндумы былі праведзены законна ў адпаведнасці са Статутам ААН, але Злучаныя Штаты прытрымліваюцца падвойных бандыцкіх
стандартаў, каб захаваць сваю ўласную перавагу», — заявіў дыпламат. Паводле яго
слоў, ЗША ўмешваюцца ва ўнутраныя справы незалежных краін і ўшчамляюць іх
законныя правы з мэтай захавання «бясспрэчнага аднапалярнага свету».
Пацешныя «рэферэндумы» аб уваходжанні акупаваных тэрыторый у склад РФ прайшлі з 23 па 27 верасня. Афіцыйна абвешчаныя вынікі сапраўды назвалі «паўночнакарэйскімі»: арганізатары фэйкавага волевыяўлення ўсюды намалявалі ў раёне 90 працэнтаў падтрымкі ўваходу акупаваных тэрыторый у склад РФ.

Акрамя КНДР, пакуль ніхто ў свеце не прызнаў гэтыя «рэферэндумы». Уключаючы Лукашэнку, які не зрабіў гэтага нават у сваёй манеры — не сказаў, што цяпер гэта «дэ-факта» Расія. Зразумела чаму: «рэферэндумы» не спынілі контрнаступленне ўкраінскай арміі, якая працягвае вызваляць свае тэрыторыі. Уключаючы і тыя, якія Расія абвясціла сваімі.