Портнікаў: Рашэнне Пуціна аб прымяненні ядзернай зброі ніяк не звязанае з так званымі «рэферэндумамі» ва Украіне

Украінскі журналіст Віталь Портнікаў у сваім новым відэа разважае пра магчымасць прымянення ядзернай зброі Расіяй супраць Украіны, а таксама лічыць, што не варта звяртаць увагу на прапаганду Крамля. Бо такія рашэнні прымаюцца без прапаганды.

photo_portnikov.jpg


— Уладзіміру Пуціну ўдалося ўнесці ў сусветны парадак дня пытанне аб прымяненні ядзернай зброі. Цяпер, калі скончыліся фэйкавыя рэферэндумы, якія праходзілі на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, гэтая тэма зноў стала вострай для сусветных медыя, вядучых палітыкаў і экспертаў.

Магчымасць ужывання ядзернай зброі актыўна каментуюць, задаючыся пытаннямі, ці сапраўды Расія гатовая да нанясення ядзернага ўдару і што будзе рабіць Пуцін, калі Федэральны сход прыме пастанову аб далучэнні да Расіі некалькіх украінскіх рэгіёнаў. Каб правільна адказаць на гэтыя пытанні, важна не згаджацца з палітычнай логікай Пуціна, — сказаў Портнікаў.

Журналіст адзначае: мы выдатна ведаем, што напад на Украіну здарыўся зусім не таму, што Уладзімір Пуцін быў занепакоены магчымым уступленнем Украіны ў NATO або невыкананнем Мінскіх пагадненняў.

— Нагадаю, калі да NATO вырашыла далучыцца Фінляндыя або Швецыя, у Маскве на гэта рэагавалі выключна афіцыйнымі заявамі, а не вайной. Што тычыцца выканання Мінскіх пагадненняў. Размовы пра гэта ішлі гадамі, і перш за ўсё сама РФ не была гатовая да выканання гэтых пагадненняў, хоць бы шляхам вываду ўласных войскаў з тэрыторый, акупаваных Масквой: раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.

Вядома, і NATO, і Мінскія пагадненні — усё гэта было толькі падставай для выканання рашэння, прынятага ў Крамлі: сілавы ціск на суседнюю краіну, спроба змяніць там уладу і спроба акупаваць яшчэ якую-небудзь частку яе тэрыторый.

Гэта значыць, можна сказаць выразна: у Крамлі спачатку прымаюць рашэнні, а ўжо потым шукаюць падставы, каб гэтыя рашэнні ўвасобіць. З ядзернай зброяй тая ж самая сітуацыя.


Віталь Портнікаў тлумачыць: мы не ведаем, ці прыняў Уладзімір Пуцін рашэнне аб націску чырвонай кнопкі, аднак відавочна, што гэтае рашэнне ніяк не звязанае з так званымі рэферэндумамі, што прайшлі на тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей.

— Калі Пуцін будзе лічыць, што далучэнне гэтых украінскіх рэгіёнаў да Расіі — дастатковая падстава для прымянення ядзернай зброі, вядома, ён зможа націснуць на кнопку. Але калі ён не прыняў рашэння аб прымяненні ядзернай зброі, няма ніякага значэння, якое рашэнне прыме Федэральны сход РФ і з якімі заявамі будзе выступаць сам Пуцін.

Па словах журналіста, у падставы Уладзіміра Пуціна верыць нельга.

— Мы павінны шукаць адказ на пытанне: якія рэальна рашэнні прымае расійскі прэзідэнт у дачыненні да вайны супраць Украіны? Тады мы зразумеем, ці гатовы ён ужыць ядзерную зброю. І гэты адказ будзе залежаць ад таго, якой можа быць рэакцыя цывілізаванага свету на падобнае рашэнне Пуціна.

Якой можа быць рэакцыя саюзнікаў Масквы на такое рашэнне, напрыклад, Кітая ці Ірана? Якая будзе рэакцыя краін, якія ўсё яшчэ нейтральна ставяцца да вайны Расіі супраць Украіны, ці зменіцца іх пазіцыя?

У Крамлі будуць пільна вывучаць усе наступствы такога рашэння, якое кардынальна зменіць свет. Абсалютна відавочна, што ад усіх гэтых абставін і будзе залежаць рашэнне Пуціна.

Тое, што кажа Пуцін для расійскай прапаганды або для апраўдання сваіх акупацыйных войскаў на ўкраінскай зямлі, ніякага рэальнага дачынення да ўжывання ядзернай зброі не мае. І таму не варта прымаць кожную жорсткую заяву Пуціна як прэлюдыю да ненавіснага рашэння.

Такія рашэнні існуюць па-за прапагандай, якой займаецца Крэмль. Яны звязаны перш за ўсё з жаданнем даказаць Пуціну, што з яго воляй і сілай павінны лічыцца.

Адзіны адказ Крамлю ў гэтай сітуацыі — гэта працяг барацьбы за вызваленне ўкраінскіх зямель. Толькі такая барацьба можа спыніць Расію.