Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда зноў у Кіеве

Нягледзячы на пагрозу ракетных удараў, у Кіеў сёння, 23 жніўня, прыехаў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда ў Кіеве. Фота twitter.com/prezydentp

Анджэй Дуда ў Кіеве. Фота twitter.com/prezydentp

Анджэй Дуда па запрашэнні прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сёння наведаў Кіеў. Падчас візіту адбудуцца двухбаковыя перамовы прэзідэнтаў і дэлегацый, прысвечаныя сітуацыі ва Украіне, падтрымцы Украіны ў ваенным, эканамічным і гуманітарным вымярэннях, двухбаковаму супрацоўніцтву.

Анджэй Дуда таксама возьме ўдзел у 2-м саміце Крымскай платформы, скліканым Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка польскай дзяржавы.

Крымская платформа — гэта форум з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і міжнародных арганізацый. Сустрэча накіравана на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і спыненне незаконнай акупацыі Крыма Расійскай Федэрацыяй. Першы форум адбыўся год таму, 23 жніўня 2021 года, у Кіеве  пры ўдзеле прэзідэнта Анджэя Дуды.

Візіт Дуды адбываецца напярэдадні Дня Незалежнасці Украіны і з'яўляецца пятай сустрэчай прэзідэнтаў Польшчы і Украіны сёлета і трэцяй з пачатку вайны. Папярэднія сустрэчы праходзілі 20-21 студзеня ў Польшчы, 23-24 лютага, 13 красавіка і 21-22 траўня ў Кіеве.