Пуцін адмяніў штурм «Азоўсталі»

На сустрэчы з кіраўніком Мінабароны РФ Сяргеем Шайгу Уладзімір Пуцін назваў немэтазгодным штурм прамзоны "Азоўсталі" у Марыўпалі і загадаў адмяніць яго, паведамляе euronews.com.

azovstal.jpg

"Гэта той выпадак, калі мы павінны думаць, — гэта значыць, мы заўсёды павінны думаць, але ў дадзеным выпадку тым больш, — аб захаванні жыцця і здароўя нашых салдат і афіцэраў. Не трэба лезці ў гэтыя катакомбы і поўзаць там пад зямлёй па гэтых прамысловых аб'ектах, — патлумачыў сваё рашэнне Пуцін.

Ён таксама абяцаў усім украінскім вайскоўцам, якія вырашаць скласці зброю, захаваць жыццё.

Эвакуацыя грамадзянскага насельніцтва ў Марыупалі прыпыненая. Горад практычна захоплены, але ўкраінскія войскі адмаўляюцца здавацца.

Мінабароны Расіі абвясціла аб зрыве гуманітарнай аперацыі ў Марыупалі. Па звестках ведамства РФ, калідорам для эвакуацыі мірнага насельніцтва з тэрыторыі камбіната "Азоўсталь",  нібыта ніхто не скарыстаўся. Раней віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук паведаміла, што гуманітарны калідор з Марыупаля ў сераду не спрацаваў, спробы эвакуацыі будуць працягнутыя.

Намеснік камандзіра палка "Азоў" заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы гатовыя эвакуявацца "ў трэцюю краіну або пры яе садзейнічанні", прычым байцы павінны захаваць асабістую стралковую зброю.