Расійскія войскі зноў зрываюць эвакуацыю. Гэтым разам з Ізюму
Расійскія войскі працягваюць абстрэлы Ізюму Харкаўскай вобласці, нягледзячы на дамоўленасць аб эвакуацыі мясцовых жыхароў. На дадзены момант ідуць перамовы.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на начальніка аддзела моладзі і спорту мясцовага гарадскога савета Максіма Стрэльніка.
«Калона для эвакуацыі мірных жыхароў ужо ў ваколіцах Ізюму. Але ў горадзе раздаюцца выбухі. Расійскія акупанты не выконваюць сваіх абавязацельстваў па прадастаўленні «зялёнага калідора» і працягваюць абстрэлы горада. Ідуць перамовы пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, чакаем вынікаў», — адзначыў ён.
Нагадаем, што ўчора аналагічным чынам была сарваная эвакуацыя з Марыупалю. Больш за тое, расійскія войскі пачалі наступ па тым самым «гуманітарным калідоры».