Расійскія войскі зрываюць эвакуацыю з Марыупаля і Сум

Для эвакуацыі мірных жыхароў Марыупаля па адзіным маршруце абаронцамі горада быў прыняты шэраг мер, але войскі РФ зноў пайшлі на правакацыю, паведамілі ў Мінабароны Украіны.

1122596447_0_160_3076_1890_1920x0_80_0_0_a49b78a688758cf40715ef90a59a2c6f.jpg


«Былі расчышчаны дарогі ад мін, знятыя інжынерныя загароды і гэтак далей. Тым не менш, акупанты не выпусцілі дзяцей, жанчын, пажылых людзей з горада. Вораг пачаў атаку менавіта ў напрамку гуманітарнага калідора. Такія дзеянні расіян з’яўляюцца нічым іншым, як генацыдам народа Украіны», — цытуе паведамленне «Главред».

Паводле інфармацыі народнага дэпутата Міхаіла Ананчанкі, па маршруце «зялёнага калідора» ў Сумах таксама пачалася стральба, у тым ліку з танкаў.

«Зялёны калідор толькі пасля спынення стральбы (будзе зноў адкрыты. — Заўв. рэд.)! Без каманды і спынення просім нікога не з’язджаць! Пры спыненні агню выезд будзе працягнуты», — напісаў нардэп на сваёй старонцы ў Facebook.
Па стане на 15:00 па Мінску «гуманітарны калідор» з Сум аднавіўся, але ніхто не можа сказаць, ці надоўга. 

Нагадаем, раней віцэ-прэм'ерка, міністарка па пытаннях рэінтэграцыі Ірына Верашчук заявіла, што Украіна, Расія і «Чырвоны Крыж» узгаднілі гуманітарныя калідоры для эвакуацыі з Марыупаля і Сум.

«Гэта значыць, дакументальнае пацвярджэнне мае і "Чырвоны Крыж", і мы як бок, з якім узгаднялася адкрыццё гуманітарнага калідора», — адзначыла Верашчук.