Споўнілася 30 дзён прапанове ЗША аб спыненні агню, на якое пагадзілася Украіна, але не пагадзілася Расія

Сёння мог скончыцца тэрмін прапанаванага ЗША 30-дзённага спынення агню. Гэтую прапанову прыняла Украіна, але не прыняла Расія. А Дональд Трапм па-ранейшаму спадзяецца «хутка» скончыць вайну ва Украіне. У той жа час еўрапейская кааліцыя збірае жаўнераў для міратворчай місіі ва Украіне. Ідуць 1143-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы за 11 красавіка. 

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 53 штурмавых і наступальных дзеянні расіян ў напрамках Раманаўкі, Александропаля, Катляроўкі і паблізу Калінавага, Срэбнага, Валянцінаўкі, Елізаветоўкі, Лісоўкі, Удалага і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі ў бок Дыліеўкі і ў раёнах Дружбы і Тарэцку.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 13 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Надзеі, Новага, Ямпалаўкі і ў напрамках Торскага, Грэкаўкі, Ольгаўкі, Кацярынаўкі і іншых.

На Северскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі восем варожых атак. Па тры штурмы расіян зафіксавана на Краматорскім, Новапаўлаўскім і Гуляйпольскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 24 баявыя сутыкненні рознай інтэнсіўнасці. Расіяне нанеслі 45 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 62 кіраваных авіяцыйных бомбаў.

* * *

Паводле інфармацыі маніторынгавага рэсурсу DeepState, расійскія войскі акупавалі населены пункт Александропаль у Данецкай вобласці, а таксама прасунуліся ўглыб украінскіх пазіцый у вёсцы Успенаўка, размешчаным за 6 кіламетраў ад адміністрацыйнай мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю.

* * *

Сілы абароны Украіны прасунуліся каля Часавага Яру. Фіксуецца прасоўванне і з боку расіян каля Тарэцка і Пакроўска, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

10 красавіка Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што каля 5000 з 11000 вайскоўцаў Паўночнай Карэі, якія ваююць супраць УСУ — верагодна, у Курскай вобласці — панеслі страты, прычым прыкладна траціна ад агульнай колькасці была забітая падчас баявых дзеянняў.

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў напрамку Часавага Яра. Як паказваюць апублікаваныя 10 красавіка геалакацыйныя кадры, УСУ нязначна прасунуліся ўздоўж вуліцы Цэнтральнай у заходняй частцы горада.

У кірунку Часавага Яру таксама фіксуецца прасоўванне і з боку расіян. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся па вуліцы Прывакзальнай у заходняй частцы горада.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся прыкладна на 4 км на Тарэцкім кірунку, але, верагодна, не ўтрымліваюць ўстойлівых пазіцый пасля наступу. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ўздоўж трасы Т-0516 Тарэцк — Канстанцінаўка да Неліпаўкі. На кадрах відаць, як УСУ наносяць удары па двух расійскіх машынах уздоўж дарогі, а расійская пяхота спешваецца ў бліжэйшыя раёны.

«Незразумела, ці замацаваліся расійскія жаўнеры пазіцыі на прылеглых участках, або яны зандавалі ўкраінскія пазіцыі. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Крымскага (на паўночны захад ад Тарэцка), але гэта змяненне, імаверна, не адбылося за апошнія 24 гадзіны», — пішуць эксперты ISW.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў паўднёвую і заходнюю частку Лісоўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска). ISW пацвярджае атакі расійцаў у раёне Александропаля, але не піша пра захоп населенага пункта.

* * *

490167142_1019590490354029_5814856224362075614_n.jpg

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падкрэслівае, што на перамовах з Расіяй прыярытэтным пытаннем застаецца менавіта спыненне агню ва Украіне. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус.

На пытанне прадстаўнікоў СМІ аб пазіцыі ЗША на тое, што ў пятніцу «спаўняецца 30 дзён, калі Украіна фактычна падпісала ваша пагадненне аб спыненні агню, а Расія адмовілася, і з тых часоў марудзіць і працягвае абстрэлы», чыноўніца заявіла, што пакуль не будзе прагрэсу ў гэтым пытанні — «нічога больш нельга абмяркоўваць».

«Гэта мясарубка. Нічога больш нельга абмяркоўваць па выніку, пакуль не спыняцца страляніна і забойствы», — падкрэсліла прэс-сакратарка Дзярждэпу.

Яна нагадала, што на адной з прэс-канферэнцый Рубіё «выразна даў зразумець, што мы на самой справе даведаемся праз некалькі тыдняў, ці сур'ёзна настроена Расія» ў пытанні спынення агню. «Таму мы паверым яму на слова... І я лічу, што Расіі, безумоўна, трэба паставіцца да гэтага сур'ёзна... Гэта не будзе доўжыцца паўгода, ці год, ці яшчэ нешта. І прэзідэнт таксама выразна даў зразумець, што мы хочам дыпламатыі. Але справа ў тым, што мы назіраем і бачым, як гэты працэс працягваецца», — адзначыла Брус.

* * *

«Мы спадзяемся, што нам удасца адносна хутка дамовіцца з Расіяй і Украінай аб спыненні баявых дзеянняў», — заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы са сваім кабінетам міністраў.

«Я думаю, мы спынім гэта. Мы павінны пачаць дзейнічаць. Мы павінны дамагчыся гэтага. Мы павінны рухацца хутчэй», — дадаў ён.

* * *

Еўрапейскія міністры абароны правялі новыя перамовы адносна патэнцыйнага разгортвання войскаў ва Украіне. Ужо прыкладна шэсць краін пагадзіліся даслаць сваіх жаўнераў, піша AFP.

Вялікабрытанія, Францыя і краіны Балтыі заявілі, што могуць даць войскі. Міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкельманс задаў шэраг удакладняючых пытанняў адносна адпраўкі войскаў ва Украіну. «Якая патэнцыйная місія, якая будзе мэта, які мандат? Што мы будзем рабіць пры розных сцэнарах, напрыклад, калі будзе нейкая эскалацыя ў дачыненні да Расіі?» — спытаў ён. Ён таксама адзначыў, што вельмі важна «мець на борце Злучаныя Штаты».

Міністр абароны Швецыі Пал Ёнсан таксама заявіў, што ў Стакгольма ёсць «шэраг пытанняў, якія мы павінны растлумачыць», перш чым браць якія-небудзь абавязацельствы.

* * *

Вялікабрытанія можа размясціць войскі ва Украіне тэрмінам да пяці гадоў. Гэта адзін з варыянтаў, якія абмяркоўваюць заходнія хаўруснікі, піша The Telegraph.

Плануецца, што такое разгортванне павінна дапамагчы навучыць і аднавіць украінскую армію, каб прадухіліць новую ваенную агрэсію з боку РФ.

Французскія ваенныя планіроўнікі лічаць «вельмі малаверагоднай» магчымасць таго, што Пуцін вырашыцца атакаваць заходнія сілы ва Украіне на фоне актуальнага становішча яго ўласнай арміі і яе магчымасцяў.

Пазней заходні кантынгент павінен выходзіць з Украіны паэтапна, а апошнія войскі могуць выйсці прыкладна праз пяць гадоў, гаворыцца ў публікацыі The Telegraph. 

Варта дадаць, што кіраўнікі брытанскай, дацкай і нямецкай выведак мяркуюць, што Пуцін таксама выкарыстоўвае мірную дамову для ўзмацнення свайго войска, і можа быць гатовы да новай атакі ўжо праз 5 гадоў.

* * *

Вялікабрытанія і Нарвегія дапамогуць прафінансаваць дастаўку ва Украіну сотняў тысяч беспілотнікаў у рамках новага пакета ваеннай падтрымкі ў памеры 580 мільёнаў даляраў (450 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў), паведамляюць Мінабароны Брытаніі і Bloomberg.

У Міністэрстве абароны Брытаніі адзначаюць, што гэта дапаможа прафінансаваць хуткую дастаўку ўкраінскаму боку дронаў FPV. Таксама фінансаванне забяспечыць рамонт і тэхнічнае абслугоўванне транспартных сродкаў і абсталявання, радарных сістэм і процітанкавых мін.