The Guardian: з пачатку года актыўнасць расійскай разведкі з тэрыторыі Беларусі вырасла на 20%

Па даных выдання The Guardian, Масква можа паступова пашыраць ролю Беларусі ў вайне, і краіна сама не заўважыць, як апынецца ўцягнутая ў яе паўнавартасна. Бо поспехаў на фронце ў РФ практычна няма, а эканоміка можа абрынуцца ў любы момант. А Украіна працягвае атрымліваць маштабную дапамогу ЕС. Ідуць 1577-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4465622.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 248 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян ў раёнах Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Радзінскага, Навамікалаеўкі, Філіі і ў бок Васіллеўкі, Біліцкага, Дарожнага, Шаўчэнка, Сяргееўкі, Навапаўлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў бок Дабраполля, Гуляйпольскага, Горкага, Цвятковага, Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 23 атакі паблізу Плешчыеўкі, Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Тарэцкага, Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ 16 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону УСУ ў бок Шыйкаўкі, Стаўкі, Дробышава, Ліману і іншых.

На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 11 разоў у бок Рай-Аляксандраўкі, Крывой Лукі і ў раёнах Закітнага і Каленікаў.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося дзевяць боесутыкненняў каля Ваўчанска, Лімана, Старыцы, і ў бок Ізбіцкага і Ахрымаўкі.

* * *

У апошнія месяцы ўкраінскай арміі ўдалося ўтрымаць лінію фронту і нават палепшыць свае пазіцыі на некаторых кірунках, прызнаў намеснік міністра абароны ЗША па пытаннях палітыкі Элбрыдж Колбі на 35-м пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце Рамштайн.

«Сапраўды, не звяртаючыся да гіпербал, за апошнія месяцы ў нас ёсць падставы лічыць, што сітуацыя ва Украіне нават палепшылася. Гэта крытычна важна», – заявіў ён.

На думку Колбі, «Украіне ўдалося ўтрымаць лінію фронту і нават палепшыць свае пазіцыі ў некаторых месцах, працягваючы закладваць аснову для трывалага міру, пабудаванага на разуменні Расіяй таго, што працяг гэтай вайны не толькі заслугоўвае асуджэння, але і не акупіцца для Масквы».

«Гэта магчымасць для Еўропы…  дапамагчы стварыць і ўмацаваць умовы для працяглага міру ва Украіне. У працэсе ўмацавання кантынентальнай абароны Еўропы на доўгатэрміновай аснове і забеспячэння вельмі трывалай асновы для НАТА 3.0. Еўропа паказала, што здольная ўмацаваць Украіну. Гэта момант, каб скарыстацца раннімі поспехамі і рухацца наперад», – заклікаў Колбі.

* * *

У выніку расійскага ўдару па Паўлаградзе ў Днепрапятроўскай вобласці раніцай 19 чэрвеня загінула 8-гадовая дзяўчынка. Таксама паранена 49-гадовая жанчына, яна шпіталізаваная.

Расійскія акупанты ноччу 19 чэрвеня ўдарылі КАБамі па Халаднагорскім раёне Харкава, у выніку чаго пашкоджаны больш за 40 прыватных дамоў, складское памяшканне і пацярпелі 9 чалавек.

Віцэ-прэм’ер-міністр па аднаўленні Украіны — міністр развіцця абшчын і тэрыторый Украіны Аляксей Кулеба паведаміў аб атацы расійскіх беспілотнікаў на два судны ў Чорным моры. Загінуў член экіпажа судна пад сцягам Панамы, яшчэ двое маракоў атрымалі раненні. Пад удар таксама патрапіла судна пад сцягам Сент-Кітс і Невіс, дзе трое членаў экіпажа атрымалі лёгкія раненні.

У пятніцу раніцай расійскія захопнікі ў Херсоне атакавалі маршрутку, у выніку чаго былі ранены як мінімум 4 чалавекі.

* * *

727221102_1362183472467325_1910697949614062938_n.jfif

* * *

Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін «зайшоў у тупік» у сваёй агрэсіі супраць Украіны, і наступствы вайны ўсё больш востра адчувае расійскае насельніцтва. Пра гэта ён сказаў на 35-м пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны.

«Пакуль расійскае наступленне страчвае сілу, вашы войскі захоўваюць сваю дынаміку на полі бою. Тое, як Украіна пераносіць вайну туды, адкуль яна пачалася, сапраўды ўражвае. Гэта не выпадковасць. Падтрымка ў рамках "Рамштайна" адыграла вырашальную ролю», — адзначыў Пісторыус.

Па яго словах, Германія ад самага пачатку падтрымлівае новы план ваеннай кампаніі Украіны і ўсебакова садзейнічае нарошчванню яе патэнцыялу. Міністр запэўніў, што Берлін і надалей будзе гэта рабіць. Ён анансаваў пастаўку Украіне трохзначнай колькасці ракет «паветра-паветра» з нямецкіх запасаў, а таксама сумесную вытворчасць наземных робататэхнічных комплексаў.

Асобна Пісторыус падкрэсліў, што Германія павінна вучыцца ва Украіны, а партнёрства паміж краінамі ўжо даўно перастала быць аднабаковым.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram назваў «прадуктыўнай» сустрэчу Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны і вылучыў тры галоўныя кірункі.

Першым пунктам ён назваў новыя ўнёскі ў праграму PURL на суму больш за 1 мільярд долараў. Зяленскі адзначыў, што гэта — самая вялікая сума падтрымкі PURL, абвешчаная ў рамках пасяджэнняў Кантактнай групы.

«Другое: падтрымка чэшскай ініцыятывы і пастаўкі дальнабойных снарадаў. Больш за 500 мільёнаў долараў абвясцілі партнёры на дапамогу ў гэтым кірунку. Частка дальнабойных боепрыпасаў Украіна атрымае ўжо ў гэтым месяцы», — гаворыцца ў паведамленні.

Трэцім пунктам Зяленскі назваў узносы на вытворчасць украінскіх дронаў і ракет на суму каля 1 мільярда долараў.

* * *

Расійская эканоміка апынулася ў «выбухованебяспечным стане» ў выніку пераходу на ваенныя рэйкі, з-за чаго маштабны пакет санкцый супраць банкаў або ўстойлівае падзенне цэн на нафту можа стаць «спускавым кручком» маштабнага крызісу,  гаворыцца ў ацэнцы еўрапейскіх разведвальных колаў, з якой азнаёмілася нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ).

Згодна са справаздачай, асабліва вялікай рызыцы падвяргаецца банкаўскі сектар РФ. У справаздачы адзначаецца, што балансы банкаў «штучна завышаныя». Масавая выдача субсідаваных дзяржавай іпатэчных крэдытаў прывяла да росту цэн на нерухомасць, што стварае рызыку ўтварэння «пухіра» і ўзнікнення дэфолтаў.

Акрамя таго, як сцвярджаецца ў справаздачы, на банкі кладзецца дадатковая нагрузка з-за таго, што на іх перакладаюцца даўгі, звязаныя з партнёрскімі адносінамі паміж дзяржаўнымі і прыватнымі суб’ектамі ў расійскіх рэгіёнах, у выніку чаго яны «вымушаны пакрываць страты ад маларэнтабельных праектаў і цяжкасці рэгіёнаў з пагашэннем даўгоў».

Да гэтага дадаюцца «скрытыя даўгі» у выглядзе ільготных крэдытаў, якія банкі «пад ціскам Крамля» надалі абаронным прадпрыемствам з «каласальнымі фінансавымі патрэбамі».

У верасні мінулага года негатыўныя сігналы ў банкаўскім сектары настолькі ўзмацніліся, што расійскія ўлады асцерагаліся, што на працягу бліжэйшых дванаццаці месяцаў можа адбыцца банкаўскі крызіс.

У справаздачы гаворыцца, што Расія па-ранейшаму стварае «бачнасць дынамічнай эканомікі», якой «рэальнасць ужо не адпавядае».

* * *

Украіна ўзмацняе абарону на паўночнай мяжы на фоне асцярог, што Беларусь можа быць яшчэ больш уцягнута ў вайну на баку РФ. Умацоўваюцца фартыфікацыйныя збудаванні, і ўважліва адсочваецца актыўнасць войскаў і беспілотнікаў паблізу мяжы, піша The Guardian.

Па даных выдання, з пачатку 2026 года ўкраінскія ваенныя зафіксавалі прыкладна 20-працэнтны рост актыўнасці расійскіх разведвальных дронаў, якія дзейнічаюць з тэрыторыі Беларусі. Таксама паведамляецца аб з’яўленні новых расійскіх баз для беспілотнікаў паблізу беларускай мяжы і пашырэнні інфраструктуры, якая патэнцыйна можа выкарыстоўвацца для падтрымкі расійскіх аперацый.

Нягледзячы на гэта, украінскія і еўрапейскія аналітыкі пакуль не бачаць прыкмет фарміравання ўдарнай групоўкі войскаў у Беларусі для новага наступлення на Украіну.

Выданне адзначае, што галоўная пагроза для Кіева заключаецца не столькі ў непасрэдным уступленні беларускай арміі ў баявыя дзеянні, колькі ў ператварэнні Беларусі ў стабільны плацдарм для расійскіх аперацый супраць Украіны.

Эксперты таксама лічаць, што стратэгія Крамля можа заключацца не ў рэзкай эскалацыі, а ў паступовым пашырэнні ролі Беларусі ў вайне, што стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі Украіны і ўсяго рэгіёну.