The Washington Post: Да надыходу эканамічнага крызісу ў Расіі засталося тры-чатыры месяцы
Усе думалі, што Расія — вялікая эканоміка, і ў яе хопіць моцы трываць зацягнутую вайну. Аднак падаецца, што «вялікая эканоміка» — такі ж міф, як і «другая армія свету». І Расія можа не вытрымаць працяглай вайны раней за Украіну. Асабліва калі РФ падштурхнуць да падзення новымі дзейнымі санкцыямі. Ідуць 1444-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 152 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян ў раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 23 атакі расіян у раёнах Гуляйполя, Мірнага і ў бок Дабраполля, Чыгуначнага, Прылук, Варвараўкі, Святапятроўкі, Зялёнага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак паблізу Плешчыеўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру, Клебан-Быка і ў бок Канстанцінаўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі, Сафіеўкі.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 12 атак у раёнах Ямпалю, Дронаўкі і ў бок Закітнага, Платонаўкі, Рай-Аляксандраўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы правялі 9 атак. каля Дробышава, Зарэчнае і ў бок Ставак, Дзібровы.
* * *
У студзені Расія другі раз з пачатку поўнамаштабнай вайны страціла салдат больш, чым мабілізавала, паведаміў камандуючы Сіл беспілотных сістэм ВСУ Роберт «Мадзьяр» Броўдзі.
Паводле яго слоў, у студзені расійская армія папоўнілася 22 000 навабранцаў. У гэты ж перыяд пацверджаныя расійскія страты склалі 30 618 салдат. Такім чынам, ліквідавана на 8 618 расіян больш, чым было мабілізавана/закантрактавана.
«Мадзьяр» заявіў, што кожнага трэцяга расійскага акупанта ліквідавалі менавіта падраздзяленні беспілотных сістэм Сіл абароны Украіны.
«Мадзьяр» адзначыў, што ў снежні 2025 года падраздзяленні СБС знішчылі на 22% больш расіян — 12 037. Паводле яго слоў, студзеньскія паказчыкі ўпалі праз ўмовы надвор'я і зніжэнне штурмавой актыўнасці расіян. Раней «Мадзьяр» паведамляў, што ў снежні СБС знішчылі ў паўтары разы больш жывой сілы праціўніка, чым у лістападзе.
* * *
«Радыё Свабода», спасылаючыся на крыніцы ў Генштабе УСУ, паведамляе, што расійскія сілы паменшылі колькасць штурмаў на фронце пасля дамоўленасці Украіны і SpaceX аб блакаванні незарэгістраваных тэрміналаў спадарожнікавага інтэрнэту Starlink.
Суразмоўцы выдання пацвердзілі, што колькасць штурмаў месцамі паменшылася, а на некаторых участках яны наогул спыніліся, таксама адзначаецца зніжэнне актыўнасці БпЛА расіян.
25 студзеня спецыяліст па радыётэхналогіях Сяргей «Флэш» Бескрэстаў, які стаў дарадцам міністра абароны Украіны Фёдарава па тэхналагічных кірунках, заявіў пра імавернае выкарыстанне расіянамі спадарожнікавага інтэрнэту Starlink на ўдарных БпЛА «Шахед».
Амерыканскі бізнесмен Ілан Маск адгукнуўся на запыт Фёдарава, і SpaceX прыняла контрмеры супраць выкарыстання Starlink на расійскіх ударных БпЛА. 1 лютага Маск адзначыў, што, імаверна, меры па несанкцыянаваным выкарыстанні Расіяй Starlink паказалі вынік.
5 лютага Бескрэстаў паведаміў, што ў расіян масава перасталі працаваць тэрміналы Starlink. Расіяне скардзяцца на немагчымасць аднавіць сувязь і на тое, што гэта адаб'ецца на каардынацыі дзеянняў ворага па ўсёй лініі фронту.
* * *
Праз масавую адмову тэрміналаў Starlink кіраванне войскамі РФ было амаль паралізавана, паведамляе тэлеграм-канал партызанскага руху Украіны «АТЭШ».
«Нашы крыніцы са 122-га мотастралковага палка (Купянскі кірунак) і 1152-га палка (Запарожскі кірунак) паведамляюць пра адну і тую ж карціну — кіраванне войскамі фактычна паралізавана», — гаворыцца ў публікацыі.
«Без устойлівай сувязі на перадавой пачынаецца хаос. Адсутнасць каардынацыі ўжо прыводзіць да цяжкіх страт», — пішуць у «АТЭШ».
Партызаны сцвярджаюць, што на Запарожскім кірунку праз поўны парыў камунікацыі адбыўся «дружалюбны агонь». Расійскія падраздзяленні, не маючы ніякай інфармацыі адно пра аднаго, адкрылі агонь па сваіх і знішчылі сваю штурмавую групу з 12 чалавек.
* * *
У выніку атакі расійскіх дронаў на Запарожжа атрымаў раненні 14-гадовы хлопец, пашкоджаны жылыя дамы, абясточаны 12 тысяч абанентаў.
У горадзе Вальнянск Запарожскай вобласці расійскія войскі нанеслі ўдар беспілотнікам у жылую забудову. У выніку ўдару загінулі муж і жонка.
Адзін чалавек загінуў і яшчэ двое пацярпелі ў выніку расійскага ўдару па Днепрапятроўскай вобласці ўначы 6 лютага.
У расійскім Белгарадзе і прылеглых раёнах пасля ракетнай атакі на аб'екты энергетычнай інфраструктуры назіраюцца маштабныя перабоі з электра-, вода- і цеплазабеспячэннем.
У сацыяльных сетках паведамляюць, што пад абстрэл патрапіла ЦЭЦ «Белгарад» і электрападстанцыя «Фрунзенская» ў раёне вёскі Стрэлкавае. Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў выніку начной атакі зафіксаваны «сур'ёзныя пашкоджанні» на энергетычных аб'ектах.
* * *

* * *
У бліжэйшыя месяцы ў Расіі можа пачацца эканамічны крызіс. Пра гэта расійскага дыктатара папярэдзілі чыноўнікі фінансавага блока ўрада РФ, паведамляе The Washington Post са спасылкай на крыніцу, якая знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з гэтымі чыноўнікамі.
Паводле слоў суразмоўцы выдання, папярэджанні Пуціну становяцца ўсё больш настойлівымі, а крызіс, на думку чыноўнікаў, можа наступіць ужо летам. Пуціна папярэдзілі, што без далейшага павышэння падаткаў дэфіцыт бюджэту працягне расці праз скарачэнне нафтагазавых даходаў, а банкаўская сістэма знаходзіцца пад растучым ціскам праз высокія працэнтныя стаўкі і крэдыты для фінансавання вайны.
Да надыходу крызісу засталося «тры-чатыры месяцы», сказаў выданню адзін з маскоўскіх топ-менеджараў. Паводле яго слоў, інфляцыя па ўсіх прыкметах значна вышэйшая за дэклараваныя ўладамі 6%, нягледзячы на вельмі жорсткую палітыку ЦБ РФ. На будучы крызіс таксама паказваюць вымушаныя звальненні тысяч работнікаў і рэкордная з пандэміі хваля закрыццяў рэстаранаў і бараў у Маскве.
Раней былі зафіксаваны прыкметы тэхнічнага крызісу ў банкаўскай сістэме Расіі.
* * *
Адміністрацыя ЗША разглядае магчымасць узмацнення санкцый супраць Расіі. Далейшыя абмежаванні будуць залежаць ад ходу мірных перамоў. Пра гэта 5 лютага, заявіў міністр фінансаў ЗША Скот Бесент, перадае Reuters.
Падчас слуханняў у банкаўскім камітэце Сената ЗША Бесента спыталі, ці можа ён абавязацца прыняць меры ў дачыненні да ценевага флоту РФ. «Я вазьму гэта на разгляд. Мы паглядзім, як будуць развівацца мірныя перамовы», — адказаў міністр.
Reuters нагадвае, што ўвядзенне новых санкцый супраць расійскага ценевага флоту з'яўляецца крокам, на які прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не пайшоў з моманту вяртання на пасаду ў студзені 2025 года.
Акрамя магчымых новых абмежаванняў, Бесент заявіў, што санкцыі, уведзеныя адміністрацыяй Трампа супраць расійскіх нафтавых кампаній «Раснафта» і «Лукойл», спрыялі таму, што Расія пагадзілася сесці за стол перамоў па завяршэнні вайны.
* * *
Фінляндыя перадасць Украіне 32-і пакет дапамогі ў выглядзе ваеннай тэхнікі, паведаміла фінскае Міністэрства абароны 5 лютага.
«Кошт перададзенай тэхнікі складае каля 43 млн еўра. Пакет дапамогі ўключае, сярод іншага, матэрыялы, набытыя ў фінскай абароннай прамысловасці ў межах праграмы падтрымкі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле даных ведамства, у цэлым рэспубліка ўжо паставіла Украіне ваенную тэхніку на суму 3,2 млрд еўра.
«Фінляндыя працягне аказваць Украіне падтрымку ваеннай тэхнікай у адпаведнасці з планам. Акрамя пакетаў падтрымкі, мы ўдзельнічаем у некалькіх кааліцыях па развіцці патэнцыялу, мэтай якіх з'яўляецца нарошчванне і ўмацаванне ўласнага патэнцыялу Украіны», — заявіў фінскі міністр абароны Анці Хакянен.
З аператыўных меркаванняў і для бяспечнай дастаўкі дапамогі дакладны змест, спосаб дастаўкі і графік дастаўкі не разгалошваюцца.