Трамп не хоча абараняць саюзнікаў па NATO. Будучыня Альянса пад пагрозай?

Пуцін, напэўна, пацірае рукі: Трамп, пасварыўшыся з Украінай, вырашыў і далей сварыцца з саюзнікамі. Прынамсі, ён выказаў няўпэўненасць у чальцах NATO — маўляў, яны не будуць абараняць Амерыку. А Еўропа вырашыла выдаткаваць на абарону гіганцкія грошы. Ідзе 1108-мы дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Танк Leopard ва Украіне. Фота з life.ru

Танк Leopard ва Украіне. Фота з life.ru

Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 146 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 сакавіка. З Пакроўскага кірунку расійскія войскі перанеслі намаганні на Тарэцкі.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 33 атакі непадалёк Дыліеўкі, Крымскага, Леанідаўкі, Тарэцка. На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 19 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Котліна, Надзіеўкі, Улаклаў, Андрэеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 16 разоў, спрабаваўшы рушыць наперад паблізу Іванаўкі, Ямпалаўкі і ў напрамку Рыгароўкі.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 13 боесутыкненняў ў раёне Часавага Яру і ў напрамку Ступачак.

На Арэхаўскім кірунку за суткі абаронцы Украіны адбілі 11 спробаў расіян рушыць наперад у раёнах Малой Такмачкі, Малых Шчарбакоў, Несцяранкі, Каменскага і Пяціхатак. 

У Курскай вобласці Расіі УСУ за мінулыя суткі адбілі 32 атакі расійцаў. Акрамя гэтага расіяне нанеслі 27 авіяцыйных удараў з ужываннем 35 кіраваных авіябомбаў па сваёй тэрыторыі.

* * *

У ноч на 7 сакавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў на Харкаўшчыне і Курскай вобласці Расеі. Паводле інфармацыі DeepState, расійскія войскі прасунуліся каля Курылаўкі ў Курскай вобласці і Фігалеўкі ў Харкаўскай вобласці. «На Куршчыне праціўнік мае поспехі за кошт прымянення значнай колькасці вайскоўцаў Узброеных Сіл паўночнакарэйскай рэспублікі», — адзначылі ў праекце.

* * *

Расія адхіляе магчымасць якіх-небудзь саступак на будучых мірных перамовах па вайне ва Украіне. У Крамлі заявілі, што не пойдуць на кампрамісы, адмаўляюць магчымасць размяшчэння міратворцаў ва Украіне, і адкінулі магчымасць спынення агню шляхам перамоваў, піша ў штодзённай справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

ISW адзначае, што падчас візіту ў маскоўскае аддзяленне Фонду «абаронцы Айчыны» 6 сакавіка Пуцін падкрэсліў, што Расія «не саступіць». «Пуцін абвясціў 2025 год «годам абаронцы Айчыны», што сведчыць аб мабілізацыйных намаганнях і падтрымцы вайны супраць Украіны. Ён таксама заявіў, што РФ «не адмовіцца» ад «уласнай» тэрыторыі на будучых мірных перамовах, маючы на ўвазе незаконна анэксаваныя ўкраінскія землі», — адзначаецца ў дакладзе.

Таксама міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што Масква не будзе разглядаць ніякіх ініцыятыў па размяшчэнні еўрапейскіх міратворчых сіл ва Украіне. Паводле яго слоў, такія дзеянні будуць прыроўненыя да разгортвання сіл NATO, а значыць, Расія будзе лічыць іх прамым удзелам Альянсу ў вайне.

Лаўроў падкрэсліў, што Расія будзе настойваць на выкараненні так званых «першапрычын» вайны, сярод якіх ён назваў спыненне пашырэння NATO і гарантыі бяспекі для РФ. Ён заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нібыта разумее гэтыя патрабаванні, тады як еўрапейскія краіны іх ігнаруюць.

* * *

_2025_03_07_072152798.png

* * *

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацсетцы Х адрэагаваў на словы Лаўрова і Пуціна, заявіўшы, што Пуцін «публічна дзёрзка і ўпарта» адхіляе прапановы прэзідэнта Трампа.

«Калі Пуцін адмовіцца сур'ёзна сесці за стол мірных перамоваў, я спадзяюся і чакаю, што прэзідэнт Трамп увядзе больш эканамічных санкцый супраць банкаўскага і энергетычнага сектараў Расіі, а пры неабходнасці прыменіць маштабныя тарыфы. Уплыў на і без таго слабую эканоміку Расіі прымусіць іх сесці за стол перамоваў», — заявіў Грэм.

Ён таксама дадаў, што за апошнія 48 гадзін Украіна зрабіла важныя заявы аб спыненні агню, пагадненне аб здабычы карысных выкапняў і гатоўнасці да мірных перамоваў.

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне і Расіі Кіт Келаг заявіў, што адміністрацыя ЗША цяпер «актыўна» цісне не толькі на Украіну, але і на Расію, ужываючы метад бізуна і перніка.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў саюзнікаў па NATO ў тым, што яны не сталі б абараняць Штаты ў выпадку бяды. Ён не ўпэўнены, што такая дапамога будзе. 

«Калі б Злучаныя Штаты былі ў бядзе, і мы патэлефанавалі б ім, сказалі: у нас праблема, Францыя, у нас праблема, яшчэ некалькі краін, я не буду іх называць... Вы думаеце, яны прыйдуць і абароняць нас? Яны павінны, але я не ўпэўнены», — цытуе Трампа The Guardian.

Перад гэтым ён сказаў, што Штаты не будуць ваяваць за саюзнікаў па NATO, калі тыя краіны не вылучаюць дастатковыя сродкі на ўласную абарону. «Гэта здаровы сэнс. Яны не плацяць, я не буду іх абараняць», — паведаміў прэзідэнт ЗША падчас размовы з журналістамі. Аднак разам з тым ён адзначыў, што не збіраецца выходзіць з NATO, і лічыць Альянс патэнцыйна добрай арганізацыяй.

* * *

Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мэлані прапанавала распаўсюдзіць на Украіну дзеянне 5-га артыкула NATO аб калектыўнай бяспецы без сяброўства краіны ў Альянсе. Пра гэта яна заявіла падчас размовы з журналістамі на палях сустрэчы лідараў ЕС у Бруселі.

«Відавочна, што цэнтральным пытаннем з'яўляецца мір ва Украіне, і я думаю, што мы ўсе павінны прыкладаць усе магчымыя намаганні для садзейнічання мірнаму працэсу, вітаючы амерыканскую ініцыятыву і ўсіх, хто хоча дасягнуць мірнага працэсу. Але справядлівы мір патрабуе дакладных гарантый бяспекі», — сказала Мэлані.

«Далей ужо ёсць розныя спосабы рэалізацыі, і мы працуем над сваімі прапановамі. Але, на маю думку, адпраўка нявызначаных ваенных кантынгентаў, брытанскіх або любых іншых, з'яўляецца самым складаным і, магчыма, найменш эфектыўным рашэннем. Я пра гэта казала, і таксама выключыла магчымасць, што ў гэтым кантэксце могуць быць накіраваныя італьянскія вайскоўцы», — адзначыла прэм'ер Італіі.

Паводле яе слоў, распаўсюджванне дзеяння 5-га артыкула NATO на Украіну было б значна больш эфектыўна. «Гэта не тое ж самае, што ўступленне ў NATO, але гаворка ідзе аб распаўсюдзе на Украіну такога ж парасоніка бяспекі, які маюць краіны NATO. Гэта забяспечыла б стабільныя, доўгачасовыя і рэальныя гарантыі бяспекі, больш чым некаторыя з прапаноў, якія я бачу цяпер. Таму гэта адна з прапаноў, якую мы выстаўляем», — удакладніла Мэлані.

* * *

The Guardian паведамляе, што Брытанія працягне пастаўляць Украіне даныя выведкі нават пасля спынення абмену данымі паміж Кіевам і Вашынгтонам. 

«Іх магчымасці не такія ўсёабдымныя, як у ЗША, не такога маштабу і не могуць іх замяніць», — сказаў былы супрацоўнік брытанскага ўрада, але пры гэтым брытанская інфармацыя, паводле звестак выдання, дазволіць Украіне захаваць пэўную магчымасць ранняга папярэджання аб паветраных нападах і пэўны ўзровень ударнага патэнцыялу ў глыбокіх мэтах у тыле Расіі.

* * *

Прэзідэнт Еўрапейскага Савета Антоніў Кошта на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння саміту ЕС па бяспецы заявіў, што некалькі дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза абвясцілі аб абавязацельствах вылучыць да 15 млрд еўра на дадатковую дапамогу Украіне.

Кошта падкрэсліў, што дзяржавы ЕС могуць неадкладна павялічыць сваю падтрымку Украіны дзякуючы ініцыятывам для павелічэння фіскальнай прасторы. «З 2022 года мы ўжо далі больш за 135 мільярдаў еўра на падтрымку Украіны. Наша падтрымка з'яўляецца непахіснай у любой будучыні-калі вайна працягнецца,, у мірных перамовах, у аднаўленні, ва ўступленні ў Еўрапейскі саюз», — заявіў Кошта.

* * *

Усе 27 краін ЕС узгаднілі план пераўзбраення Еўропы. План прадугледжвае мабілізацыю 800 млрд еўра на абаронныя мэты і ўключае крэдытаванне на 150 млрд для абаронных патрэб, паведамляе Le Figaro.

Як вядома, 2 сакавіка Урсула фон дэр Ляен заклікала «тэрмінова пераўзброіць» Еўропу. Пра гэта яна сказала па выніках саміту, арганізаванага прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам у Лондане.