У акупаваных Херсоне і Луганску — выбухі. Забіты генпракурор так званай «ЛНР»
У цэнтры захопленага рускай арміяй Херсона сёння, 16 верасня, прагучалі выбухі, расійскія СМІ паведамляюць пра ракетны ўдары па прарасійскай "адміністрацыі" горада. Выбух адбыўся і ў Луганску ў кабінеце так званага "генпракурора".
У цэнтры Херсона, за будынкам аблдзяржадміністрацыі, у раёне Апеляцыйнага суда бачны слуп дыму, паведамляе "Суспільне".
Расійскія медыя сцвярджаюць, што там упала па меншай меры пяць ракет, адна з іх трапіла ў будынак акупацыйнай "адміністрацыі", ёсць загінулы.
Зрэшты, інфармацыя пра тое, дзе здарыліся выбухі, неадназначная. Паводле адной версіі, удар прыйшоўся па будынку Апеляцыйнага суда, дзе ў акупантаў была камендатура, паводле другой, — у "адміністрацыю", дзе знаходзіліся прарасійскія ўлады.
ТАСС піша, што ёсць загінулыя і параненыя сярод "супрацоўнікаў адміністрацыі". Нібыта параненая "начальнік дэпартамента працы", загінуў яе кіроўца. Будынак адміністрацыі Херсонскай вобласці атрымаў істотныя пашкоджанні.
Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Стрэмаусаў заявіў, што ўдар прыйшоўся па яго кабінеце: "Да мяне прама ў кабінет, шчыра кажучы, прыляцела каля 5 HIMARS, маё крыло, дзе я знаходзіўся, практычна разбуранае".
Удзень 16 верасня і ў акупаваным Луганску адбыўся выбух у будынку Генеральнай пракуратуры так званай "ЛНР". Каля будынка сабраліся баевікі, стаіць пажарная машына.
Расійскія СМІ пішуць, што выбух у Луганску здарыўся ў кабінеце "генпракурора", ён паранены. Пазней з'явілася інфармацыя, што ён забіты. Антон Герашчанка ў сваім тэлеграм-канале адзначае, што шклопакеты на вокнах выгнутыя вонкі — “відаць, што выбух адбыўся знутры”.
Паводле "Суспільне", "Украінская праўда", ТАСС, "РІА Новости"