У Маскве падчас развітання з Міхаілам Гарбачовым паліцыянты зладзілі «хапун»
У Маскве ў чарзе на цырымонію развітання з першым прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым у Калоннай зале Дома саюзаў паліцыя затрымала пяць чалавек. Пра гэта паведамляе «ОВД-Инфо».
Паліцыянты пачулі, як нехта ў чарзе крытыкаваў сілавікоў, і
сталі шукаць чалавека, які гэта казаў. Неназваны прапаршчык папрасіў дакументы
ў адной з жанчын, яна дала яму сваё пенсійнае пасведчанне. Калі яна папрасіла
вярнуць дакумент, яе затрымалі.
Таксама прапаршчык «убачыў побач пажылую жанчыну са
значком "Не вайне" і загадаў свайму калегу затрымаць і яе». Пазней
была затрымала яшчэ адна жанчына з такім жа значком.
«Што, вы, смелыя, тут крычалі, а цяпер баіцеся нам слова
сказаць? Мы забярэм бабулю, а вы прызнавайцеся, хто гэта крыкнуў», — звярнуўся
сілавік да тых, хто стаіць у чарзе.
Адзін мужчына папрасіў паліцэйскіх не затрымліваць пажылую
жанчыну. У адказ на гэта прапаршчык даручыў і гэтага чалавека адвезці ў паліцэйскі аддзел.
Усіх затрыманых ужо адпусцілі. На жанчын з антываеннымі
значкамі склалі адміністрацыйныя пратаколы аб «дыскрэдытацыі расійскага войска».
Таксама ў чарзе затрымалі жанчыну Паліну Панову з-за значка «Не
вайне». Яе адвезлі ў пастарунак.
3 верасня ў Калоннай зале Дома саюзаў прайшла цырымонія
развітання з першым прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, памерлым 30 жніўня.
Развітацца з ім прыйшлі нобелеўскі лаўрэат і галоўны рэдактар «Новай газеты»
Дзмітрый Муратаў, намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў,
прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, пасол ЗША ў Расіі Джон Саліван,
тэлевядучыя Дзмітрый Кісялёў і Уладзімір Познер.
Гарбачова пахавалі на Новадзявочых могілках у Маскве ў
радавым пахаванні побач з жонкай Раісай.