У Расіі рэзка вырасла папулярнасць VPN-сервісаў — сотні тысяч загрузак штодня

Расійцы сталі масава ўсталёўваць прыкладанні, якія прапускаюць інтэрнэт-трафік праз VPN-серверы, дазваляючы атрымаць доступ да заблакаваных сайтаў. Колькасць загрузак у апошнія дні вырасла ў дзясяткі разоў, паведамляюць аналітыкі Appfigures.

vpn_russia_increase.jpg


Па інфармацыі кампаніі, на гэтым тыдні VPN-прыкладанні выйшлі ў топ App Store і Google Play у Расіі. Калі раней расійцы запампоўвалі падобныя праграмы ў App Store і Google Play у сярэднім 10 тысяч разоў на дзень, то ўжо 1 сакавіка яны былі загружаныя 500 тысяч разоў. З пачатку вайны ва Украіне і да 1 сакавіка рост запампоўкі самых папулярных VPN-дадаткаў склаў у Расіі больш за 1200 адсоткаў, жыхары краіны загрузілі іх больш за 1,3 млн разоў.

VPN-сэрвісы ствараюць абаронены тунэль для трафіку карыстальніка, праводзячы яго праз серверы ў іншых краінах. Гэта ў большасці выпадкаў дазваляе абыходзіць блакіроўкі сайтаў і сэрвісаў, уведзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны.

Пасля пачатку вайны супраць Украіны расійскія ўлады заблакавалі ў краіне Facebook і Twitter, а таксама шэраг незалежных СМІ.