У акупаваным горадзе публічна пакаралі смерцю жанчыну, якая сказала: «Скадоўск — гэта Украіна»
У горадзе Скадоўск, што знаходзіцца ў анексаванай частцы Херсонскай вобласці, публічна пакаралі смерцю 56-гадовую мясцовую жыхарку Таццяну Мудрэнка, якая канфліктавала з прарасійскімі паліцэйскімі.
Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на сведчанні відавочцаў і сястры загінулай Наталлі Чорнай, якая цяпер жыве ў Дняпры.
Таццяна Мудрэнка працавала медсястрой і актыўна пратэставала супраць расійскай акупацыі. Адзін з апошніх канфліктаў здарыўся ў пачатку кастрычніка, калі яна не ўхваліла ўкраінскіх паліцэйскіх за супрацоўніцтва з расійскімі вайскоўцамі і выкрыкнула: «Скадоўск — гэта Украіна!».
Неўзабаве пасля гэтага, распавялі відавочцы, жанчыну і яе грамадзянскага мужа, у 60-гадовага Анатоля Арэхава, затрымалі. 15 кастрычніка Чорнай паведамілі, што яе сястра мёртвая. Суседзі сцвярджалі, што Таццяне Мудрэнка «нешта ўлілі ў рот», а затым павесілі перад будынкам суда. Выданню «Цензор.Нет» Наталля распавяла, як даведалася падрабязнасці гібелі сястры: “Мне патэлефанавала жанчына, у якой у Скадоўску жывуць сваякі. Яна распавяла, што дзяўчынкі-медсёстры ў Скадоўску пацвердзілі, што Таня забітая – яны апісалі яе знешнасць. Жанчына распавяла мне ўсе падрабязнасці: «Ты павінна ведаць. Тані залілі нешта ў рот і павесілі перад судом у Скадоўску». На чым павесілі – не ведаю. Яе цела вісела на вуліцы… Я так думаю, што гэта было судзілішча, каб нікому непанадна было...”
Анатоля Арэхава вызвалілі, у яго была зламаная рука і засталіся заўважныя сляды збіцця. Пасля пахавання Таццяны Мудрэнка ён зноў знік.
У пасведчанні аб смерці Таццяны Мудрэнка, якое даслалі яе сястры, гаварылася, што прычынай смерці стала «механічная асфіксія», — гэта значыць удушша, выкліканае здушваннем дыхальных шляхоў.
Журналісты Financial Times адзначылі, што не могуць незалежна пацвердзіць абставіны смерці Таццяны Мудрэнка, аднак раней у сярэдзіне кастрычніка пра яе гібель паведамлялі ўкраінская праваабарончая група «Медыйная ініцыятыва за правы чалавека» і выданне «Цензор.Нет».
Паводле censor.net, meduza.io