Украіна: Пад санкцыі мусяць трапіць і дзеці расійскіх салдат, якія ўдзельнічаюць у вайне
Украіна будзе дамагацца, каб пад санкцыі трапілі дзеці расійскіх салдат, якія ўдзельнічаюць у вайне. «Калі ты прыйшоў забіваць украінцаў, твае дзеці не павінны ехаць вучыцца ў цывілізаваныя краіны… Мы працуем над тым, каб сем'і гэтых салдат нават не маглі паехаць адпачываць у Турцыю».
Пра гэта заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у інтэрв’ю выданню НВ.
Сярод іншага Андрэй Ярмак закрануў і пытанне санкцый: «Сёння з кожным новым пакетам санкцыі становяцца больш балючымі, такімі, якія трапляюць у патрэбнае месца. Цяпер мы працуем перш за ўсё над тым, каб Расею прызналі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Вельмі важна, каб яго прыняў Кангрэс ЗША».
На заўвагу журналіста пра тое, што цяпер у некаторых краінах Еўропы нараджаецца стомленасць ад вайны, а ў заходняй прэсе нямецкія інтэлектуалы заклікаюць Украіну размаўляць з Расіяй ды сесці за стол перамоваў, Андрэй Ярмак заявіў наступнае:
— Расія ўкідвае вялікія грошы, асабліва ў краіны Еўропы. Мы жывём не ў космасе, мы разумеем, што гэта адбываецца кожны дзень і трэба гэтаму супрацьстаяць. Мы выкарыстоўваем усё: ад прамовы ў Кангрэсе да прамовы прэзідэнта на Грэмі [музычнай прэміі], ёсць зоркі, ёсць Шон Пэн. Таму што хтосьці пачуе на з’ездзе, хтосьці пачуе на канцэрце, хтосьці пачуе на плошчы — гэтая праца вядзецца ў рэжыме нон-стоп.
Што да перамоваў з Расійскай Федэрацыяй, то сёння адзіныя перамовы, якія ідуць, — гэта перамовы адносна разблакавання нашых партоў. Яны адбываюцца і на ўзроўні нашых вайскоўцаў, і на ўзроўні МЗС, але толькі пры пасярэдніцтве ААН. Я маю зносіны з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, я не маю зносін з расіянамі. Думаю, у нас ёсць пэўны прагрэс. Але для нас бяспека на першым месцы. Вядома, мы ім [расіянам] не верым — гэта зразумела.
У нас ідзе вельмі важная праца над Кнігай катаў. Я хачу, каб сёння кожны вайсковец, які ступаў на нашу зямлю, яго сваякі, яго дзеці, яго сям'я таксама былі ў спісах на санкцыі. Усе яны павінны ведаць, што калі вы прыйшлі забіваць украінцаў, то вашы дзеці не павінны ехаць вучыцца ў цывілізаваныя краіны. З прававога пункту гледжання гэта зрабіць пакуль складана, але мы працуем над тым, каб сем'і гэтых вайскоўцаў не змаглі нават паехаць на адпачынак у Турцыю. Сёння яшчэ цяжка, але ў будучым мы абавязкова гэтага даможамся. Усе яны павінны адказаць за зробленае.