Украіна працуе над стварэннем ўласнага антыдронавага купалу
Украінскае ваеннае камандаванне працуе над тым, каб стварыць уласны антыдронавы купал, паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з СБУ новыя аперацыі ў Расіі. А РФ працягвае гублях нафтагазавыя грошы. Ідуць 1427-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 штурмы расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Арэхавга і ў бок Філіі.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 20 разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Гуляйполя, Салодкага, і ў бок Дабраполля, Варвароўкі і Святапятроўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 15 атак у раёнах Клебан-Быка, Яблонаўкі, Русінага Яру і ў бок Канстанцінаўкі і Новапаўлаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ паблізу Старыцы, Прыліпак, Ваўчанскіх Хутароў, Круглага, Несцернага, Дзягцярнага і ў бок Ізбіцкага.
* * *
Расійскія войскі актывізавалі баявыя дзеянні ўздоўж лініі дзяржаўнай мяжы з Украінай у зоне адказнасці Групоўкі аб'яднаных сіл Украіны, спрабуючы выявіць слабыя месцы ва ўкраінскай абароне і ўзмацняючы ўдары авіяцыяй, паведаміў начальнік упраўлення камунікацыі Групоўкі аб'яднаных сіл Віктар Трэгубаў у эфіры тэлемарафону.
Паводле слоў Трэгубава, у першую чаргу актыўным застаецца Ліманскі кірунак, «даволі актыўныя Купянскі, Ваўчанск і яго наваколлі», — адзначыў ён.
Прадстаўнік ГАС паведаміў, што расійскія войскі спрабуюць «прамацваць» украінскую мяжу па ўсёй яе даўжыні: фіксуюцца спробы знайсці слабыя месцы ў абароне як у Сумскай, так і ў Харкаўскай абласцях.
* * *
Расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся праз міжнародную мяжу на паўднёвы ўсход ад горада Сумы, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Апублікаваныя 19 студзеня відэазапісы з геалакацыяй паказваюць, што расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся праз мяжу і ўвайшлі ў паўночную частку Высокага (на паўднёвы ўсход ад горада Сумы).
У той жа час ISW пакуль не назірае прыкмет таго, што расійскія войскі рыхтуюцца да новага наступу ў Сумскую вобласць, такіх як перадыслакацыя сіл, здольных падтрымаць новы наступ. Расійскія войскі нядаўна правялі кампанію, каб прадставіць абмежаваныя трансгранічныя атакі ў памежны раён Сумскай вобласці як частку больш шырокага наступу, для дасягнення інфармацыйнага эфекту, а не эфекту на полі бою. Пакуль незразумела, ці будуць пазіцыі, захопленыя ў ходзе гэтых атак, падтрымліваць новы будучы расійскі наступ.
Відэаматэрыялы, апублікаваныя 16 студзеня і геалакаваныя 19 студзеня, паказваюць на тое, што расійскія войскі, верагодна, захапілі Дзягцярнае (на паўночны ўсход ад Харкава).
Апублікаваныя 19 студзеня відэазапісы з геалакацыяй паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ў цэнтральнай частцы Іванаполля (на поўдзень ад Канстанцінаўкі).
* * *
Расія ў ноч на 20 студзеня і раніцай ажыццявіла масіраваную атаку на Кіеў і шэраг абласцей Украіны. Паветраныя сілы Украіны паведамлялі пра рух крылатых ракет у Кіеўскую, Чарнігаўскую, Сумскую вобласці. Акрамя гэтага Расія нанесла ўдары дронамі.
У выніку атакі ў Кіеве пацярпеў чалавек, у горадзе ўзніклі перабоі з электразабеспячэннем.
Расійскія войскі ў ноч на 20 студзеня двойчы атакавалі Запарожжа, пашкоджаны прыватны дом.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі ўзгадніў новыя баявыя аперацыі разам з в.а. кіраўніка СБУ Яўгенам Хмарам, напісаў кіраўнік украінскай дзяржавы ў Telegram.
«Узгадніў новыя баявыя аперацыі. Працягваецца і ўнутраная трансфармацыя Службы менавіта так, каб узмацніць нашу дзяржаву», — адзначыў Зеленскі.
«Працягваем падрыхтоўку нашых асіметрычных аперацый супраць Расіі. Усе неабходныя рэсурсы Службы бяспекі Украіны і іншых дзяржаўных структур цалкам забяспечаны», — адзначыў ён.
* * *
Украінскае ваеннае камандаванне працуе над тым, каб стварыць уласны антыдронавы купал, паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў у Telegram.
Паводле слоў Фёдарава, ён зацвердзіў прызначэнне аднаго з самых эфектыўных камандзіраў Паўла «Лазара» Елізарава на пасаду намесніка камандуючага Паветраных сіл УСУ. Ён будзе адказваць за развіццё малой супрацьпаветранай абароны і кірунак перахопу дронаў.
«Наша задача — пабудаваць антыдронавы купал над Украінай. Сістэму, якая не рэагуе постфактум, а знішчае пагрозу яшчэ на падлёце. Для гэтага патрэбны людзі, якія ўжо даказалі эфектыўнасць у сучаснай вайне. "Лазар" — менавіта з такіх», — адзначыў Фёдараў.
Ён удакладніў, што неабходна пабудаваць сістэму, якая працуе не кропкава, а на ўзроўні ўсёй краіны. Міністр звярнуў увагу, што зараз ні ў адной краіны ў свеце няма такога вопыту процідзеяння дронам, як ва Украіны.
Толькі ў 2025 годзе расіяне запусцілі па Украіне да 100 тысяч «Шахедаў» і іншых тыпаў беспілотнікаў.
«Свет не рыхтаваўся да вайны такога тыпу. Але мы вымушаны адказваць хутка, сістэмна і тэхналагічна. Менавіта таму мы змяняем падыход да абароны неба. Трансфармацыя такой сістэмы не адбываецца за некалькі дзён, але трэба пачаць ужо сёння, каб у рэшце рэшт закрыць гэтае пытанне», — адзначыў кіраўнік Мінабароны.
* * *
Даходы РФ ад нафты і газу ў студзені скараціліся амаль удвая з-за падзення рублёвай цаны на нафту і ўмацавання рубля, піша Reuters.
Паводле звестак Reuters, індыкатыўная цана расійскай нафты ў рублях, якая выкарыстоўваецца для падатковых разлікаў, у снежні ўпала на 53% у гадавым вымярэнні, да 3073 рублёў за барэль, тады як рубель адначасова ўмацаваўся на 30,6% у параўнанні са снежнем 2024 года. Такое спалучэнне абвалу цаны і ўмацавання валюты прывяло да значнага скарачэння даходаў бюджэту.
Паводле ацэнак агенцтва, бюджэт краіны мог атрымаць толькі каля 420 млрд рублёў (прыкладна 5,4 млрд долараў), што з’яўляецца самым нізкім паказчыкам са жніўня 2020 года, калі сусветны попыт на энерганосьбіты абваліўся з-за пандэміі COVID-19.
Нафтагазавыя паступленні фарміруюць каля чвэрці федэральнага бюджэту РФ і застаюцца ключавой крыніцай фінансавання дзяржаўных выдаткаў, у тым ліку і ваеннай кампаніі Крамля супраць Украіны. Рэзкае скарачэнне паступленняў стварае дадатковы ціск на фінансавую сістэму РФ.
У 2025 годзе даходы федэральнага бюджэту РФ ад нафты і газу скараціліся на 24% — да 8,48 трлн рублёў, што таксама стала самым нізкім паказчыкам з 2020 года, нагадвае Reuters.