Уладзімір Зяленскі: Мы падышлі блізка да моманту, калі можна прымусіць Расію спыніць вайну

На думку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аперацыя «Павуціна» паказала здольнасць Украіны змагацца, і цяпер ЗША і Еўропа могуць ціснуць на Пуціна дзеля спынення вайны. А Расія робіць выгляд, што перамагае, на паперы — іх гучныя заявы пра перамогі не пацвярджаюцца фактычнымі данымі. Ідзе 1202-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 159 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 чэрвеня.

Па-ранейшаму самы напружаны — Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 47 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Міралюбаўкі, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Арэхавага, Андрэеўкі і іншых.

На Тарэцкім і Новапаўлаўскім кірунках расіяне здзейснілі па 19 атак на кожным.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 15 разоў паблізу Грэкаўкі, Новага Свету, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны і іншых.

На Курскім кірунку Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 27 атак расійскіх войск. Армія РФ нанесла 13 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 25 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Украінскія войскі контратакавалі на Тарэцкім кірунку, расійцам удалося прасунуцца ў раёне Пакроўска, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Яблонаўкі, непадалёк ад Тарэцка. Расійскія войскі правялі наступальныя аперацыі ў гэтым раёне, але пра іх поспехі не паведамляецца.

Войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Шаўчэнка, на поўдзень ад Пакроўска. Паводле ацэнак ISW, гэта наступ адбыўся не на працягу апошніх 24 гадзін.

* * *

Расійцы абвясцілі пра наступ на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці, аднак ніякіх геалакацыйных пацверджанняў гэтаму няма, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў абвясціў, што быццам армія РФ «пачала наступ» у Днепрапятроўскай вобласці і выліўся новымі пагрозамі. Ён сказаў, што той, «хто не хоча прызнаваць рэаліі вайны»на перамовах, нібыта «атрымае новыя рэаліі на зямлі».

У расійскім Мінабароны таксама 8 чэрвеня заявілі аб прасоўванні УС РФ. Быццам, расійцы дасягнулі мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей на паўночны захад ад Гарыхава і прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Мураўкі, на захад ад Катляроўкі і на захад і паўднёвы захад ад Багданаўкі.

«ISW не выявіла геалакацыйных доказаў гэтых прасоўванняў паблізу мяжы Днепрапятроўскай вобласці», — паведамілі аналітыкі.

Эксперты прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі за 7 і 8 чэрвеня, на якіх былі заўважаныя новыя варонкі ад артылерыі, і прыйшлі да высновы, што бягучая актыўнасць расійцаў паблізу мяжы з'яўляецца працягам наступальных намаганняў на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а не пачаткам новай маштабнай аперацыі па захопе аператыўна значнай тэрыторыі ў Днепрапятроўскай вобласці.

Прадстаўнік Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў назваў дэзінфармацыяй паведамленне Мінабароны Расіі аб прасоўванні УС РФ на межы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей.

Карта аналітычнага сэрвісу DeepState таксама сведчыць, што расійскія войскі не выйшлі на заяўленую адміністрацыйную мяжу.

* * *

У ноч і на досвітку панядзелка, 9 чэрвеня, расійцы атакавалі Роўна і Дубна ў Ровенскай вобласці Украіны ракетамі і дронамі, паведамілі Паветраныя Сілы і маніторынгавыя каналы. У выніку расійскай начной атакі адзін чалавек атрымаў раненні ў Ровенскай вобласці.

Як паведамлялася, гэтай ноччу РФ падымала ў неба чатыры борты ТУ-22М3 з Энгельса і пяць бартоў ТУ-95МС з Аленевай.

У Кіеве і вобласці працавала СПА. Паветраная трывога працягвалася больш за 6 гадзін. З-за расійскай начной атакі ў Барыспальскім раёне Кіеўскай вобласці пашкоджаны жылы дом, гаспадарчая пабудова і аўтамабіль. У Дарніцкім раёне Кіева пашкоджаны офісны будынак.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў украінцаў не ігнараваць сігналы паветранай трывогі ў найбліжэйшыя дні. «Дзякуй усім, хто змагаецца дзеля Украіны, хто працуе дзеля нашай дзяржавы і дзеля нашых людзей. Абавязкова ў гэтыя дні ўлічваем сігналы паветранай трывогі. Беражыце сябе, калі ласка», — напісаў ён у Telegram.

Пасля ўдараў дронаў вайсковы завод у Чэбаксарах (Чувашыя, РФ) спыніў вытворчасць кампанентаў для расійскіх ракет, дронаў і кіраваных авіябомбаў. На прадпрыемстве ўзнік пажар.

Як напісаў губернатар Чувашыі Алег Нікалаеў у Telegram, «два БПЛА ўпалі на тэрыторыі АТ "ВНИИР", з-за чаго прынята адказнае рашэнне аб часовым прыпыненні вытворчасці для забеспячэння бяспекі супрацоўнікаў». Расійскія Telegram-каналы публікуюць кадры маштабнага пажару на тэрыторыі ваеннага завод.

«ВНИИР-прагрэс» вырабляе прымачы спадарожнікавага сігналу сямейства «Камета/Камета М» для барацьбы з сістэмамі РЭБ. Модулі «Камета» выкарыстоўваюцца для ракет Калібр, Х-69, Іскандэр-М і БПЛА Гарпія-А1, Арлан-10, Ластаўка-М, Картограф, Фарпост, Арыён.

* * *

504468412_1063088722670872_2159316348089093949_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра набліжэнне да моманту, калі можна прымусіць Расію спыніць вайну. Ключавымі фактарамі з'яўляюцца аперацыі ў РФ і адзінства ЗША і Еўропы, сказаў ён у інтэрв'ю для ABC News.

«Мы падышлі вельмі блізка да моманту, калі можна прымусіць Расію скончыць вайну. Прынамсі, спыніць яе. Мы гэта адчуваем. Наша аперацыя «Павуціна»... Хоць яны (расійцы) і шалеюць, яны ўсё разумеюць — што калі будуць такія кейсы з 20 тысячамі ракет (якія ЗША планавалі для Украіны, але перадалі на Блізкі Усход) і гэтак далей, то мы будзем разлічваць на свае сілы... Мы не хочам працягу вайны, але калі выйсце толькі такое, мы будзем змагацца за сябе», — заявіў Зяленскі.

«Мы падышлі вельмі блізка. Нам патрэбна моцная дапамога ад Злучаных Штатаў, ЗША трэба адзінства з Еўропай, і ўсё ж такі ціснуць на Пуціна. Ён не хоча скончыць вайну, але ён можа скончыць вайну з-за ціску партнёраў. Гэта дае шанец. І гэта дакладна не песімістычна гучыць, я кажу пра рэальнасць», — сказаў Зяленскі.

* * *

Украінскім пілотам F-16 упершыню ўдалося збіць сучасны расійскі Су-35. Пра гэта ў нядзелю, 8 чэрвеня, піша Bild. Гаворка ідзе пра выпадак, які адбыўся 7 чэрвеня на Курскім кірунку.

Расійцы накіравалі ў бой сучасны Су-35. Аднак пілот расійскага знішчальніка трапіў у засаду. Паводле звестак выдання, разам з F-16 Украіна падняла ў паветра шведскі Saab 340 AEW&C, які выявіў расійскі самалёт за 200-300 кіламетраў і перадаў каардынаты F-16. Украінскі F-16 выпусціў ракету AIM-120, якая збіла Су-35 недалёка ад горада Каранёва ў Курскай вобласці. Расійскі пілот паспеў катапультавацца, а ўкраінскія знішчальнікі вярнуліся на базу без страт.

«Справа не толькі ў F-16 — сапраўдным геймчэнджэрам стала шведская сістэма AWACS, якая распазнае расійскія самалёты за сотні кіламетраў і накіроўвае ракеты F-16 у рэальным часе. Су-35 нават не ведаў, што яго атакуюць», — напісаў канадскі пілот і авіяэксперт Марк Брукс на сваёй старонцы ў сацсетцы X.

Аналітычны партал Air Power падкрэсліў, што гэта быў першы паветраны бой з удзелам украінскага F-16. Паведамляецца, што расійскі самалёт быў збіты галандскай мадыфікацыяй F-16AM, якую многія эксперты лічылі састарэлай.

* * *

Французская Renault можа адкрыць завод па вытворчасці дронаў ва Украіне. Прадстаўнікі французскага аўтавытворцы пацвердзілі адпаведныя планы, аднак канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.

Кампанія будзе супрацоўнічаць з французскім прадпрыемствам, якія спецыялізуюцца на абароннай прамысловасці, паведамляе французскае выданне Franceinfo са спасылкай на крыніцы ў Renault.

Частка дронаў, якія будуць вырабленыя кампаніяй Renault ва Украіне, будзе выкарыстоўвацца французскай арміяй. Такое партнёрства з'яўляецца паваротным момантам у адносінах паміж Украінай і Францыяй, адзначае выданне.