Ва Украіне назвалі два тыпы зброі, якія блакіруе Захад. І гэта не танкі

Апошнім часам шмат дыскусій выклікаюць складанасці з атрыманнем Украінай танкаў ад заходніх партнёраў. Але, як выявілася, не гэта на сёння галоўная праблема ўкраінскіх вайскоўцаў у вайне супраць расійскіх акупантаў.

1672052767_1249.webp

На сёння ўдалося разблакіраваць прадастаўленне Украіне амаль усіх відаў узбраення, акрамя баявых знішчальнікаў і дальнабойных ракет. Аб гэтым расказаў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба падчас панэльнай дыскусіі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, піша Укрінформ.

Кулеба адзначыў, што прыняцце рашэнняў партнёрамі займае час, аднак у рэшце рэшт Украіна атрымлівае неабходнае.

«Мы атрымліваем усё, пра што просім, акрамя двух вялікіх рэчаў, якія прынцыпова яшчэ не былі разблакіраваны — заходнія баявыя знішчальнікі і дальнабойныя ракеты. Усё астатняе разблакіравалі ў тым ці іншым выглядзе», — сказаў Кулеба.

630_360_1664282849_370.jpg

Міністр нагадаў, што ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання многія адмаўляліся перадаваць Украіне ўзбраенне, аднак ужо цяпер вялікая колькасць пытанняў разблакіравана, а партнёры падтрымліваюць украінскую армію.

Увосень камандуючы ВПС ЗША ў Еўропе і Афрыцы генерал Джэймс Хэкер выказаў здагадку, што Украіна змагла б атрымаць амерыканскія знішчальнікі F-16 толькі праз два-тры гады.

Эксперты лічаць, што гэта пытанне часу, бо ўкраінскія пілоты ўжо займаюцца па праграме пілатавання гэтых знішчальнікаў.

Нядаўна ў Міністэрстве замежных спраў Украіны прапанавалі Олафу Шольцу перадаць УСУ баявыя самалёты «Tornado», якія бундэсвер павінен замяніць знішчальнікамі-бамбавікамі F-35.

Як вядома, Украіна ўжо доўгі час вядзе перамовы з ЗША адносна дальнабойнай зброі. Аднак цяпер Вашынгтон адмаўляецца даваць ёй ракеты «ATACMS».

Нагадаем, зараз на франтах расійска-ўкраінскай вайны адноснае зацішша. Але, як мяркуецца, гэта зацішша перад бурай. Расія збірае мабілізаваных, каб за іх кошт арганізаваць маштабны наступ. Украіна цяпер збольшага абараняецца, але не выключана, што наступ рыхтуе і яна. І гэта будзе залежаць ад таго, колькі зброі Кіеў атрымае ад Захаду.