330-ты дзень вайны ва Украіне

Ва Украіне раніцай 19 студзеня абвешчаная маштабная паветраная трывога. У Беларусі фіксуюць узлёт авіяцыі.

photo_2023_01_17_12_07_20.jpg

Паветраная трывога была абвешчаная ва ўсіх абласцях Украіны раніцай 19 студзеня — пасля 10:15 (11:15 па беларускім часе).

1_1358.jpg

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі праз расійскія абстрэлы чатыры чалавекі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў параненыя чацвёра мірных жыхароў — у Аўдзееўцы, Хромавай, Іванаўскім і Часавым Яры, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Днепрапятроўская вобласць. Уначы РФ ударыла па Нікапальскім раёне з «Градаў». Пра гэта піша кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Разнічэнка. Ён паведаміў, што з «Градаў» і цяжкай артылерыі абстралялі дзве абшчыны — Краснагрыгорыеўскую і Марганецкую. Па іх выпусцілі больш за 30 снарадаў: «Папярэдне людзі не пацярпелі. Пашкоджаныя прыватныя дамы і гаспадарчыя будынкі. Высвятленне наступстваў яшчэ працягваецца», — заявіў Разнічэнка.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты арміі РФ на раніцу 19 студзеня: асабовага складу — каля 118 530 (+760 за мінулыя суткі) чалавек.

1674108297_9737.jpg

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі арміі РФ у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Церны, Верхнекаменскае, Саледар, Соль, Чырвоная Гара, Бахмут, Клешчаеўка, Аляксандра-Шульціна, Курдзюмаўка, Вадзяное, Мар'інка, Перамога і Параскавееўка Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы

Францыя разглядае магчымасць адпраўкі ва Украіну танкаў Leclerc, піша Politico са спасылкай на французскага чыноўніка. Гэта можа быць зроблена для таго, «каб даць Берліну агульную падставу для паставак танкаў». Пры гэтым «пытанне яшчэ не вырашана ў Парыжы», удакладніў крыніца.

Брытанская выведка паведамляе, што Расія, верагодна, разглядае магчымасць размяшчэння невялікай колькасці сваіх новых асноўных баявых танкаў Т-14 Армата ва Украіне. Аналітыкі нагадалі, што ў канцы снежня на здымках былі бачныя Т-14 на палігоне на поўдні Расіі. Гэта здарылася пасля таго, як праўрадавыя расійскія СМІ сцвярджалі, што Т-14 рыхтуюцца да разгортвання. Аднак незразумела, ці перавезла Расія гэты тып танкаў ува Украіну.

Пры гэтым у выведцы лічаць, што разгортванне Т-14 будзе рызыкоўным рашэннем для Расіі. На працягу 11 гадоў распрацоўкі праграма суправаджалася затрымкамі, скарачэннем запланаванага памеру парку і паведамленнямі аб вытворчых праблемах. Дадатковым выклікам для Расіі з'яўляецца карэкціроўка свайго лагістычнага ланцужка для абслугоўвання Т-14, паколькі ён большы і цяжэйшы за іншыя расійскія танкі.

Калі Расія разгорне Т-14, то, хутчэй за ўсё, у першую чаргу ў прапагандысцкіх мэтах, лічаць у брытанскім Мінабароны. Разведка адзначае, што танкаў выраблена, верагодна, толькі некалькі дзясяткаў, а камандзіры наўрад ці будуць давяраць машыне ў баі.


ЗША завяршаюць падрыхтоўку буйнога пакета вайсковай дапамогі Украіне, аб'ём якога можа скласці 2,6 млрд долараў, паведамляе CNN са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Пакет яшчэ не канчаткова сфарміраваны, але можа быць прадастаўлены да канца тыдня. Ён з'яўляецца адным з найбуйнейшых, абвешчаных з пачатку вайны.

Ужо вядома, што пакет, пра які абвясціць плануюць па выніках сустрэчы на базе Рамштайн 20 студзеня, будзе ўключаць больш браніраваных баявых машын Bradley (верагодна, не менш за 50), што ў спалучэнні з баявымі машынамі Stryker (якіх збіраюцца перадаць калі 100) з'яўляецца значным павелічэннем колькасці бронетэхнікі. У спіс таксама ўвайшлі супрацьмінныя машыны, вядомыя як MRAP.

Чакаецца, што пакет не будзе ўключаць танкі або ракеты далёкага радыусу дзеяння, пра якія неаднаразова прасіла Украіна. Тым не менш, верагодна, ЗША перададуць Украіне больш боепрыпасаў для артылерыйскіх сістэм і комплексаў HIMARS.

Паводле звестак CNN, у новы пакет вайсковай дапамогі Украіне ад ЗША ўвойдуць, між іншым, бронетранспарцёры Stryker і малагабарытныя высокадакладныя ракеты GLSDB, здольныя ляцець на 150 км. А вось танкі Abrams нібыта не хочуць адпраўляць праз складанасць эксплуатацыі і абслугоўвання.

У сваю чаргу Süddeutsche Zeitung піша, што Шольц падчас тэлефоннай размовы з Байдэнам заявіў пра гатоўнасць дазволіць пастаўкі Украіне танкаў Leopard, але толькі пры ўмове, што ЗША дадуць свае Abrams.

У Вашынгтоне лічаць, што кожная краіна павінна прымаць уласнае рашэнне аб дапамозе Украіне ў сферы бяспекі. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер ў адказ на ўмовы Шольц, згодна з якімі ён дазволіць паставіць Кіеву танкі Leopard 2, толькі калі ЗША таксама прымуць рашэнне аб пастаўках сваіх танкаў Abrams.

Жан-П'ер адзначыла, што Злучаныя Штаты вітаюць рашэнне Германіі і Брытаніі аб прадастаўленні ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Па яе словах, «салідарнасць нацый» ў падтрымцы Украіны відавочная. Аднак «гэта рашэнне кожнай краіны». Пры гэтым прэс-сакратар Белага дома нагадала, што ЗША з'яўляюцца найбуйнейшым пастаўшчыком ваеннай і гуманітарнай дапамогі Украіне.

Рэспубліканцы Майкл Маккол і Майк Роджэрс выступілі з заявай, у якой заклікалі адміністрацыю Байдэна тэрмінова перадаць Украіне сістэмы ўзбраення, «неабходныя для перамогі над акупантамі ў развязанай Расіяй вайне».

Расія выкарыстоўвае чыгуначныя цыстэрны для тайнага перакідання сваіх вайскоўцаў на тэрыторыю Беларусі, паведамляе беларускае выданне Наша Н*ва. Журналісты адзначаюць, што Расія гэта робіць, каб увесці ў зман спадарожнікавае і візуальнае назіранне. «Ці перапраўляюць у Беларусь такім чынам або аналагічнымі замаскіраванымі спосабамі вайсковую тэхніку і боепрыпасы, мы не ведаем», — дадало выданне.

Адміністрацыя Байдэна разглядае магчымасць узмацнення наступальных магчымасцяў Украіны, каб дапамагчы ёй наносіць удары па расійскіх войсках, у тым ліку ў Крыме, піша The New York Times са спасылкай на афіцыйных асоб ЗША. Паводле звестак выдання, пасля некалькіх месяцаў абмеркаванняў з украінскімі афіцыйнымі асобамі адміністрацыя Байдэна пачынае прызнаваць, што Кіеву можа спатрэбіцца сіла, каб нанесці ўдар па захопніках у Крыме, нават калі такі крок павялічыць рызыку эскалацыі.

У прыватнасці, па словах крыніц, у адміністрацыі Байдэна ўпэўненыя, што ўдары па войсках РФ у Крыме ўмацуюць пазіцыі ўкраінскага боку на будучых перамовах. А ў апошнія месяцы боязь таго, што Крэмль у адказ можа прымяніць тактычную ядзерную зброю, зменшылася.

Паводле ацэнак амерыканскай выведкі, у раёне Саледара і Бахмута на ноч 18-19 студзеня працягваюцца жорсткія баі, аднак расіяне і цяпер не маюць поўнага кантролю ні над адным з гэтых населеных пунктаў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі.

Кірбі таксама адзначыў, што хоць расійскія салдаты цягам апошніх дзён і развілі пэўны прагрэс, аднак гэта ім абышлося надзвычай дорага — яны фактычна закідваюць целамі сваіх жаўнераў украінскія пазіцыі. Паводле яго слоў, гэтыя намаганні кіруюцца пераважна Прыгожыным і яго ПВК «Вагнер» пры пэўнай падтрымцы расійскіх ваенных.


Зяленскі заявіў у вячэрнім відэазвароце, што сітуацыя на фронце застаецца цяжкай: «эпіцэнтр самых жорсткіх і прынцыповых баёў — на Данбасе. Паступова фіксуем павелічэнне колькасці абстрэлаў і спробаў наступальных дзеянняў ад акупантаў».

ЗША выдзеляць 125 млн долараў на рамонт энергасістэмы Украіны. Пра гэта паведаміла кіраўніца USAID Саманта Паўэр 18 студзеня. На гэтую суму будзе закуплена рэзервовая электраэнергія для сістэм водазабеспячэння і цеплазабеспячэння Кіева. Таксама будуць папоўнены запасы газавых турбін, трансфарматараў і іншага жыццёва неабходнага энергетычнага абсталявання.