Вайна блізка: СПА Беларусі збіла «Шахед» пад Мозырам

Залёты расійскіх «шахедаў» у Беларусь сталі справай ужо даволі звыклай. Але праца па іх СПА Беларусі ёсць яшчэ нечым незвычайным. Пішуць, што сёння ўначы «Шахед» збілі пад Мозырам. Кошт саўдзелу ў вайне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі становіцца ўсё даражэйшым. Ідзе 1070-ты дзень поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

00_13.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 159 баявых сутыкненняў, больш за ўсё атак расійцаў прыйшлося на Пакроўскі кірунак85, паведамляе ў ранішняй зводцы 28 студзеня Генштаб УСУ.

На Ліманскім кірунку войска РФ атакавала 10 разоў і спрабавала прарваць абарону УСУ ля Новаегораўкі, Капанак, Макееўкі, Цернаў. На Тарэцкім кірунку войска РФ ажыццявіла 13 атак. На Краматорскім кірунку расійцы 7 разоў атакавалі ў раёнах Часавага Яра, Ступачак, Прадцечына і Белай Гары.

На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 8 штурмаў у раёнах Навасёлкі, Канстанцінопаля, Вялікай Навасёлкі.

Украінскія сілы працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі. За мінулыя суткі расіяне нанеслі па сваёй тэрыторыі 24 авіяўдары, скінуўшы 30 кіраваных авіябомбаў, украінскія воіны адбілі 13 атак.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна адбілі раней страчаныя пазіцыі пад Тарэцкам. Між тым на фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх захопнікаў каля Тарэцка, Часавага Яра і Курахава піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія «ваенкоры» працягвалі наракаць на хлусню вайсковага камандавання РФ пра нібыта баявыя поспехі апошнім часам на Ліманскім кірунку. 27 студзеня расійскія блогеры зняпраўдзілі заяву Мінабароны РФ ад 20 студзеня аб захопе Новаегораўкі, сцвярджаючы, што войскі РФ дагэтуль знаходзяцца за 1,5 км ад населенага пункта, і што некаторы час у гэтым раёне не было руху.

Адзін расійскі блогер заявіў, што кадры, на якіх нядаўна паказаныя пуцінскія войскі ў пасёлку, былі фэйкавымі. Расійскія «ваенкоры» заяўляюць, што хлуслівыя заявы Мінабароны РФ аб «захопе» вёскі негатыўна ўплываюць на бягучыя наступальныя аперацыі пуцінскіх войскаў у гэтым раёне.

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў цэнтры Часавага Яру. Геалакацыйныя кадры ад 26 студзеня паказваюць, што расійцы прасунуліся па вуліцах Міру і Горкага ў цэнтры горада. 27 студзеня спікер Луганскай групоўкі войскаў УСУ падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац заявіў, што акупанты нарошчваюць баявую тэхніку, асабліва бронетэхніку, у кірунку Часавага Яра, і нядаўна ўзарвалі ў некалькіх месцах трубы канала Северскі Данец — Данбас, каб стварыць праходы для сваёй бронетэхнікі.

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 26 студзеня сведчаць, што УСУ прасунуліся на паўночны захад горада.

Разам з тым на Тарэцкім кірунку фіксуецца і прасоўванне расійскіх войск. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 27 студзеня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся паблізу Тарэцкай шахты на поўначы горада.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся ў напрамку Курахава. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 студзеня, паказваюць, што акупанты прасунуліся ў паўночнай частцы Андрэеўкі (на паўночны захад ад Курахава).

27 студзеня спікер аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў УСУ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў заявіў, што ўкраінскія абаронцы адышлі з паўднёвай часткі Вялікай Навасёлкі, каб пазбегнуць акружэння. Таксама Трагубаў распавёў, што расійцы акупавалі значную частку населенага пункта, але ўкраінскія ваяры ўсё яшчэ ўтрымліваюць пазіцыі ў Вялікай Навасёлцы бліжэй да ўскраін.

* * *

Харкаў у ноч перад 28 студзеня падвергнуўся паветраным ударам з боку расійскіх войскаў. У выніку абстрэлу адбыўся маштабны пажар на плошчы 1500 м кв.гарэлі вытворчыя памяшканні. Ёсць параненыя асколкамі, сярод іх — дзіця.

У выніку падзення абломкаў расійскага дрона ў Чарнігаве частковыя разбурэнні атрымалі два прыватныя жылыя дамы. Абышлося без пацярпелых.

У Кіеўскай вобласці абломкі збітага расійскага дрона ўпалі на памяшканне, у якім знаходзіўся музей рэтра-аўтамабіляў. Знішчаныя і пашкоджаныя 36 машын.

Наступствы расійскага ўдару зафіксавалі яшчэ ў трох раёнах вобласці. Там пашкоджаныя два прыватныя дамы, тры нежылыя памяшканні і тры аўтамабілі. Пацярпелых няма.

У Адэсе ў выніку расійскай дронавай атакі ёсць пашкоджанні дамоў, гарэлі аўтамабілі. Вядома пра трох пацярпелых, яшчэ аднаго чалавека выратавалі з заблакаванай кватэры.

* * *

photo_2025_01_28_07_03_44.jpg

* * *

Сродкі супрацьпаветранай абароны ў Мазырскім раёне Беларусі ўначы 28 студзеня збілі расійскі ўдарны беспілотнік, які заляцеў туды падчас расійскай атакі на Украіну. Пра гэта паведамляе маніторынгавы Telegram-канал Беларускі Гаюн.

Расійскі «шахед» нібыта быў ліквідаваны сродкамі СПА а 00: 55. Пад Мазыром у гэты час быў чутны выбух. Пры гэтым у маніторынгавай групе заявілі, што праз тры хвіліны пасля гэтага «шахед» ужо не фіксаваўся.

* * *

Паводле звестак агенцтва Reuters, расійскі Разанскі нафтаперапрацоўчы завод прыпыніў працу пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў у канцы мінулага тыдня. Са слоў крыніц, на заводзе гарэла нафтасховішча. Сярод пашкоджанага абсталявання-чыгуначная эстакада і ўстаноўка гідраачысткі, якая выкарыстоўваецца для выдалення прымешак з нафтапрадуктаў.

«Чыгуначныя адгрузкі не ажыццяўляюцца, спынілі перапрацоўку нафты», - сказала крыніца агенцтва.

* * *

Адміністрацыя Трампа адправіла ў адпачынак блізу 60 высокапастаўленых чыноўнікаў Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID), піша Reuters. Гэта адбылося пасля таго, як ЗША цалкам замарозілі амерыканскую дапамогу ва ўсім свеце.

Таксама адзначаецца, што адміністрацыя Трампа прыгразіла дысцыплінарнымі спагнаннямі любому супрацоўніку, які ігнаруе яе загады. Ва ўнутранай службовай запісцы, разасланай супрацоўнікам USAID, гаворыцца пра тое, што новае кіраўніцтва выявіла некалькі дзеянняў у агенцтве, якія, «як уяўляецца, былі накіраваныя на тое, каб абыйсці ўказы прэзідэнта і мандат амерыканскага народа».

«Як вынік, мы адправілі шэраг супрацоўнікаў USAID у адміністрацыйны адпачынак з поўным захаваннем заработнай платы і льгот да далейшага паведамлення, пакуль мы не завершым аналіз гэтых дзеянняў», — гаворыцца ў службовай запісцы і.а. адміністратара Джэйсана Грэя, з якой азнаёмілася Reuters.

У службовай запісцы не пазначана, колькі людзей пацярпела ад гэтага рашэння, але шэсць крыніц, знаёмых з гэтым пытаннем, паведамілі Reuters, што гаворка ідзе пра 57-60 чалавек.

Па словах двух суразмоўцаў, у адпачынак адпраўленыя кар'ерныя супрацоўнікі, якія займаюць кіруючыя пасады амаль ва ўсіх бюро USAID, размешчаных у Вашынгтоне, і займаюцца рознымі пытаннямі — ад энергетычнай бяспекі да бяспекі водных рэсурсаў, дзіцячай адукацыі і лічбавых тэхналогій.

* * *

У ЗША Служба грамадзянства і іміграцыі (USCIS) абвясціла аб прыпыненні працы праграмы для грамадзян Украіны, якія праз шырокамаштабную агрэсію РФ едуць у Штаты. Гаворка ідзе пра праграму Uniting for Ukraine (U4U). Цяпер прыём заявак замарожаны да моманту, пакуль USCIS не разгледзіць усе запыты, якія ўжо былі пададзеныя.

Па стане на сакавік 2023 года па праграме U4U у ЗША прыехала больш за 118 тысяч грамадзян Украіны. Акрамя таго, яшчэ каля 25 тысяч украінцаў трапілі ў ЗША ў пачатку шырокамаштабнага ўварвання РФ у 2022 годзе, перайшоўшы мяжу ў Штаты з боку Мексікі.

Праграма «Яднанне дзеля Украіны» (Uniting for Ukraine, U4U) дае магчымасць грамадзянам Украіны і іх бліжэйшым сваякам, якія знаходзяцца за межамі ЗША, прыехаць у Штаты і часова знаходзіцца ў краіне на працягу 2 гадоў.

Нагадаем, 20 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пад назвай «Абарона нашых межаў». Сярод іншага там утрымлівалася даручэнне адкарэктаваць праграмы па прадастаўленні прытулку людзям, якія прыбываюць у Штаты, і спыніць праграмы па прадастаўленні прытулку, якія супярэчаць палітыцы Вашынгтона.