За іх спінамі — мірная Еўропа, на іх грудзях — мужчынская бронекамізэлька
З якімі праблемамі сутыкаюцца ўкраінскія ваяркі?

Вайскоўцы УСУ. Фота: DonPress
Цяпер помсту за знішчаныя гарады, забітых братоў і сясцёр, скалечаную маладосць і будучыню нясуць 62 тысячы ўкраінскіх дзяўчат. Нягледзячы на тое, што некаторыя з іх прамянялі руль аўтамабіля на штурвал знішчальніка, букеты кветак — на супрацьтанкавыя комплексы, а паветраныя шарыкі — на FPV, большасць пані дагэтуль адчуваюць праблемы праз свой пол.
Дзяўчат ва Узброеных сілах Украіны больш, чым у краінах НАТО
Паводле даных Military Media Center, яшчэ ў 2014 годзе агульная колькасць жанчын ва УСУ складала 49 926 чалавек, 16 557 з якіх былі ваеннаслужачымі.
Дзякуючы адносна актыўнай мілітарызацыі пасля акупацыі Крыма, Данеччыны і Луганшчыны, а таксама поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, што выклікала буйны прырост добраахвотніц, станам на кастрычнік 2023 года лічба павялічылася да 62 062 чалавек, пры гэтым 43 479 з іх — ваеннаслужачыя на полі бою.
Фактычна, з моманту поўнамаштабнага расійскага ўварвання колькасць жанчын, уладкаваных ва УСУ, павялічылася прыкладна на 40%.

Былая 18-гадовая вайсковаслужбоўца Руслана Данілкіна. Фота: Instagram @rusya_danilkina
Адзенне
Хаця ва ўкраінскім войску служыць больш дзяўчат, чым у кожнай з дзяржаў НАТО, асобнай жаночай формы яны дагэтуль не мелі. Пытанне адпаведнай вопраткі ды бялізны для вайсковаслужбоўцаў застаецца даволі вострым.
Глядзіце таксама

Абаронцы былі вымушаны насіць мужчынскія курткі, тактычныя штаны, бронекамізэлькі. Акрамя таго, што такое адзенне і аксесуары банальна нязручныя праз памеры і прапорцыі, яны не падыходзяць пад фізіялогію жаночага цела, што запавольвае і пагаршае рухі, а значыць павышае рызыкі атрымаць траўму ці злавіць кулю. Завялікая куртка збіраецца складкамі пад бронекамізэлькай і шаруе скуру, завялікая тэрмабялізна не аблягае цела і не сагравае яго, а прыніжаная талія штаноў пастаянна агаляе цела, адзначаюць вайсковаслужбоўцы. І гэта далёка не ўсе недахопы выкарыстання мужчынскай формы жанчынамі.

Вольга «Вядзьмарка» Бігар
Летась жаўнерка Вольга «Вядзьмарка» Бігар у інтэрв’ю «УНІАН» распавядала, што Міністэрства абароны сумесна с валанцёрамі актыўна займаюцца праектаваннем першай у гісторыі паўнавартаснай жаночай формы УСУ і прыступаюць да яе пашыву. Абаронца адзначала, што тканіна новага адзення не рвецца, мае гарную абарону ад агню, не плавіцца і не парыцца. Менавіта гэтая ж тканіна ўжо зацверджана ва Узброеных сілах Украіны для мужчын. Тады, па словах Вольгі, для выпрабаванняў на фронт было адпраўлена каля 4 тысяч камплектаў, каб ацаніць надзейнасць часам і дапрацаваць выяўленыя недахопы.
Адзін такі камплект налічвае тактычную кашулю, летні палявы касцюм, ніжнюю бялізну, зімовую тэрмабялізну, дзве ўцепленыя курткі, цёплыя зімовыя штаны і бушлаты.
Жаночая форма УСУ. Фота: Ui.ua
1 лютага 2024 года дзяўчаты УСУ нарэшце атрымалі першыя камплекты летняй вайсковай формы. Цяпер у войскі ўжо паступіла больш за 50 тысяч такіх набораў. Новая форма адзення мае гарныя канструктыўныя элементы, што дазваляюць ваеннаслужачым адчуваць сябе камфортна пры выкананні задач як у пунктах пастаяннай дыслакацыі, так і ў крытычных умовах.
Часткова з праблемай змагаюцца і валанцёры: яны збіраюць ахвяраванні, самастойна разрабляюць канцэпцыі мадэляў, шыюць і дастаўляюць якаснае адзенне на пазіцыі.

Першая жаночая бронекамізэлька ўкраінскай вытворчасці. Фота: mil.gov.ua
Тая ж самая бяда з мужчынскімі бронекамізэлькамі, што прыносяць вельмі шмат дыскамфорту падчас выканання баявых заданняў. Так, валанцёрам прыходзілася шукаць узоры НАТО за мяжой, набываць іх за сабраныя сродкі і прывозіць ва Украіну. Напрыканцы снежня «Украінская бронетэхніка» нарэшце прэзентавала першую жаночую камізэльку з завужанымі плячыма і адаптаванымі пад жаночую фізіялогію асаблівасцямі, але пра серыйную вытворчасць і выкарыстанне гэтай мадэлі ўкраінскі бок паведамленняў не рабіў.
Дыскрымінацыя
У гэтым пункце сапраўды ёсць надзвычай важныя змены ў лепшы бок, але, як і любая пухліна, шанаванне мускуліннасці ды патрыярхату не лечыцца за адзін год.
Галоўная атрутная клетка, што была забіта заканадаўствам, — гэта абмежаванні па прызначэнні асоб жаночага полу на вышэйшыя пасады. Цяпер яны цалкам знятыя, у тым ліку баявыя, па ўсіх групах вайсковых спецыяльнасцяў. Яшчэ некалькі гадоў таму дзяўчыны ва Узброеных сілах былі зашчэмлены традыцыйнымі жаночымі ролямі накшталт медсясцёр, кухарак і тылавых радыстак, што вельмі стрымлівала жаданне служыць у абсалютна савецкім войску без павагі да жаночай годнасці.

Дэсантніца 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ
Але ўкраінскі ўрад увёў правілы, якія дазволілі жанчыне кіраваць танкам на «нулі», служыць у пяхоце аператаркай беспілотніка, стаць кулямётчыцай, снайперкай, артылерысткай альбо сесці за штурвал F-16 пасля такога ж навучання, як у мужчын.
Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець відэа з летніх штурмаў Трэцяй асобнай дэсантна-штурмавой брыгады — дзяўчаты нароўні з мужчынамі працуюць у адным з найбольш баяздольных і эфектыўных падраздзяленняў украінскай арміі.

Аператарка дрона Трэцяй асобнай дэсантна-штурмавой брыгады
Тым не менш абаронцы дагэтуль скардзяцца на сексізм з боку мужчын у камандаванні і асабістым складзе некаторых падраздзяленняў. Дзяўчатам часам прыходзіцца сустракацца нават з такімі жахлівымі тэзісамі, як «кіроўца, лекар, танкіст, дэсантнік і…жанчына».
Прадстаўніца выведкі ВМС УСУ Ярына Чарнагуз у інтэрв’ю выданню «Па той бок навін» распавядала, што калі жанчына ідзе ў войска, перш за ўсё правяраюць, ці гатовая яна прыняць ролю жанчыны ў патрыярхальным сэнсе: «Перашкаджаюць цяжкай працы, маўляў, не цягні, мы турбуемся — з цябе яшчэ трэба нарадзіць».
Калі адрэагаваць жорстка, то з часам гэта пройдзе, а ёсць жанчыны, якія прымаюць такія ўстаноўкі, чым робяць горш не толькі для сябе, але і для астатніх дзяўчат, адзначае абаронца. У той жа час дзяўчаты з іншых падраздзяленняў кажуць, што цяпер іх годнасць вельмі паважаецца, а хлопцы ставяцца выключна як да надзейнага пабраціма.

Ваяры Трэцяй асобнай дэсантна-штурмавой брыгады
Агулам ва УСУ адбылося вельмі шмат станоўчых зменаў, аднак асноўную праблему ў гэтым пытанні складаюць асабістыя якасці людзей, атрыманыя імі праз выхаванне, асяроддзе, стэрэатыпы. А змены ў галовах — то ўжо невядомая верагоднасць. Мо, адзін камандзір нарэшце пачуе жанчыну, другі — прыслухаецца да пабраціма, які патлумачыць, што нельга сябе так паводзіць, а трэці — працягне ўяўляць жанчыну істотай, што здольная выключна гатаваць пірагі і нараджаць дзяцей.