Жаночыя купэ і адсутнасць жаночай вайсковай формы. Як украінкі змагаюцца за свае правы падчас вайны

Улетку ўкраінская чыгунка ў тэставым рэжыме ўвяла новую цікавую опцыю: жаночыя купэ. Пагутарылі з прадстаўніцай феміністычнай арганізацыі «Марш жінок» Анастасіяй Герасіменка пра неабходнасць тых самых жаночых купэ, шлях змагання за ініцыятыву, а таксама пра праблемы ў галіне правоў жанчын на фоне поўнамаштабнай вайны.

photo_2023_09_05_21_01_26.jpg


«Гэта настолькі будзённае пытанне бяспекі для нашых жанчын, што мы часам нават не заўважаем гэтага»

«Марш Жінок» займаўся пытаннем увядзення асобных купэ для жанчын некалькі гадоў, бо перыядычна адбываліся выпадкі з гвалтам. Найбольш рэзананснай гісторыяй быў напад на Анастасію Лугавую ў 2020 годзе. Тады зламыснік ледзь не згвалтаваў дзяўчыну ў купэ наўпрост на вачах яе шасцігадовага сына. Пры гэтым праваднікі нават адмаўляліся выклікаць паліцыю.

— Гэта справа да сённяшняга моманту ў судзе, бо Анастасія хоча дабіцца таго, каб «Укрзалізниця» ўзяла за гэта адказнасць: нападнік быў падсаджаны ў цягнік «зайцам» без квітка. Гэта, дарэчы, яшчэ адна праблема нашай чыгункі: праваднікі і правадніцы вымушаны браць такіх «зайцоў», бо іх заробак вельмі малы — праблема комплексная. Алгарытму, што рабіць, праваднікі не ведалі, хацелі замяць гэтую справу, прасілі не паведамляць у паліцыю. І калі гісторыя стала рэзананснай, пачаліся размовы пра стварэнне асобных купэ, чыгунка пайшла насустрач. Мы неаднаразова праводзілі сустрэчы адносна падвышэння бяспекі жанчын у цягніках. Падавалі свае прапановы, праца вялася плённая аж да моманту поўнамаштабнага ўварвання. У нас нават была запланавана на канец лютага 2022 года сустрэча, якая, вядома, не адбылася.

Актывістка прыгадвае, што на шляху рэалізацыі задумы было шмат бюракратычных праблем: неабходнасць абнаўляць праграмы чыгункі, распрацоўка новых алгарытмаў кантролю і рэгламенту. Таксама быў і супраціў: асноўны аргумент супраць — адсутнасць попыту.

— Для арганізацыі важна, каб грамадства дало моцны сігнал, што запыт на такія купэ ёсць. Над гэтым мы дбайна працавалі працяглы час: асвятлялі кейсы, калі адбываўся гвалт у цягніках, аказвалі падтрымку пацярпелым, вялі размову з чыгункай… Нашы пасты пра інцыдэнты ў цягніках набіралі проста шалёную колькасць каментароў, у якіх жанчыны дзяліліся падобнымі гісторыямі, у якіх не дайшлі да больш сур’ёзных наступставаў. І тады ўдалося давесці, што гэта сістэмная праблема. Уласна апошнія выпадкі перад тым, як анансавалі сістэму з асобнымі купэ, былі настолькі рэзананснымі, што «Укрзалізницю» тэгалі павальна ў сацыяльных сетках. Гэта ўжо немагчыма было ігнараваць.

Працягласць паездкі з Кіева да Ужгарада больш за 17 гадзін

Працягласць паездкі з Кіева да Ужгарада больш за 17 гадзін

Супраціў ішоў ад мужчын у першую чаргу, некаторыя казалі, што гэта нібыта дыскрымінацыя. Таксама было меркаванне, нібы жаночыя купэ будуць каштаваць даражэй, а жанчыны не пацягнуць гэтую вартасць. Забягаючы наперад, скажу, што кошт не адрозніваецца. Былі і жанчыны, што выступалі супраць, у тым ліку і феміністкі, як ні дзіўна. Адзін з іх аргументаў быў такі: «А што рабіць тым жанчынам, якім не хопіць квіткоў у жаночае купэ», бо колькасць, зразумела, абмежаваная. Для мяне тут адказ у самой пастаноўцы пытання: вядома, што жанчыны не ў жаночым купэ ў небяспецы — гэта і пацвярджэнне, што ехаць жанчыне ў цягніку небяспечна. Галоўны момант, на якім мы настойваем ад пачатку праекта, гэта тое, што жаночыя купэ — гэта аніяк не вырашэнне праблемы бяспекі, а толькі адзін з інструментаў, і маем надзею, што ён часовы. Бо абсалютна жахліва думаць, што ў цягніках небяспечна, і адзіны астравок, дзе можна захавацца ад гвалту, гэта жаночае купэ. Гэта не ўкладаецца ў галаве, у гэта не хочацца верыць. Трэба рабіць бяспеку ў цягніках для ўсіх, гэта мусіць быць сістэмна. Не толькі з дапамогай асобных купэ, але мае быць паліцыя дзяжурная, мае быць відэаназіранне, мае быць кнопка выкліку правадніцы ў кожным купэ. То-бок мае быць працэдура для праваднікоў і начальнікаў цягнікоў, што рабіць у выпадку небяспечнай сітуацыі ў вагоне: яны павінны мець паўнамоцтвы. Гэта ўсё складнікі аднаго вялікага паняцця — бяспека для ўсіх пасажыраў.

Падвышаная ўвага да праблемы вылілася ў петыцыю, якую падпісалі дзясяткі тысяч чалавек, і ўжо першага ліпеня з Кіева адправіўся першы ва Украіне цягнік з асобнымі жаночымі купэ. Анастасія падкрэслівае, што іх арганізацыя ўважліва сочыць за праектам, збірае водгукі, і на сённяшні момант інцыдэнтаў з гвалтам не было. У той жа час здараліся часам камічныя выпадкі.

— Былі прэцэдэнты, калі мужчыны куплялі адмыслова ў жаночае купэ квіткі. Я не ведаю, што гэта: па фане ці, можа, «прыкольна патроліць феміністак»? Купіць квіток у жаночым купэ праз электронны дадатак можа хто заўгодна. Аператары ж чыгункі, калі бачаць, што ў жаночае купэ набыты квіток на мужчынскае імя, ператэлефаноўваюць і пытаюць: «Мабыць, вы памыліліся?» У такіх выпадках чалавек або сазнаецца, што гэта наўмысна, або кажа, што памыліўся і бярэ іншы квіток. Здаралася, што мужчына ўсё ж прарываўся ў такое купэ, але ў правадніц былі ад пачатку інструкцыі, як быць у такіх выпадках: яны проста перасаджвалі чалавека. 

photo_2023_09_05_21_01_09.jpg

Калі першы пілотны варыянт будзе адтэсціраваны і будзе прынята рашэнне, што ён працуе, мае попыт, то колькасць цягнікоў з жаночымі купэ будзе ўзрастаць. Прытым у доўгатэрміновай перспектыве, спадзяецца Анастасія, жаночыя купэ ўвогуле не будуць патрэбныя, бо ажыццявяцца іншыя інструменты бяспекі на сістэмным узроўні. Але пакуль, упэўнена актывістка, такі праект мае попыт і дзейнічае. 

Насамрэч, Украіна — далёка не першы прыклад падобных мер нават на постсавецкай прасторы: у 2021 годзе ў Казахстане з’явіліся цэлыя асобныя вагоны для жанчын. А ў Японіі, дзе востра стаіць праблема сексуальных дамаганняў, гендарны падзел існуе нават у вагонах метро. Але чаму ж мы не чуем пра падобныя прыклады ў краінах Еўропы, дзе пытанням правоў і бяспекі жанчын надаецца асаблівая ўвага?

— Тут ёсць важны момант, — адказвае Анастасія. — Еўрапейцы ўвогуле ў шоку ад таго, што чатыром людзям трэба правесці ноч у закрытым, метр на метр, памяшканні. У іх цягнікі з вагонамі для сядзення, нават на далёкія дыстанцыі. Сама думка, што ты будзеш распранацца, спаць у такой маленькай прасторы з невядомымі людзьмі, для еўрапейцаў дзіўная. Пасля поўнамаштабнага ўварвання, калі сталі немагчымымі авіяпералёты, шмат людзей з розных краін едуць ва Украіну цягнікамі (журналісты, вайскоўцы, прадстаўнікі розных гуманітарных місій): яны ў шоку ад купэ, нават не ведаюць, як раскладаць той ложак. У іх проста няма такой з’явы, адпаведна і праблемы. А для жанчыны ва Украіне гэта звыклая практыка. Ты заходзіш, сядзіш і думаеш: «Божа, божа, хоць бы нармальны быў спадарожнік ці спадарожніца». А потым тэлефануеш маці ці сяброўцы, і першае пытанне, якое табе задаюць: «Ну хто там побач з табой, хто зайшоў?» Гэта настолькі будзённае пытанне бяспекі для нашых жанчын, што мы часам нават не заўважаем гэтага. І таму вельмі кантрасна выглядае рэакцыя людзей з Еўропы. Калі б у іх была такая сістэма цягнікоў, то цікава, ці былі б у іх асобныя жаночыя купэ ці вагоны?

«Сітуацыя сапраўды горшая, чым можна было чакаць»

Поўнамаштабная вайна ва Украіне не спыняе рэформаў, у тым ліку і ў галіне абароны правоў жанчын: апроч увядзення жаночых купэ, яшчэ летам 2022 года Украіна ратыфікавала Стамбульскую канвенцыю — міжнародную дамову Рады Еўропы супраць гвалту ў дачыненні да жанчын і хатняга гвалту. Але, як сцвярджае Анастасія Герасіменка, сёння праблема яшчэ больш актуальная:

— Усе напрамкі, па якіх мы працавалі да поўнамаштабнага ўварвання, зараз вядуцца ў поўным аб’ёме, я б нават сказала, што больш актыўна. Ужо падчас вайны такі была ратыфікавана Стамбульская канвенцыя, але цяпер наша задача — забяспечыць імплементацыю гэтай канвенцыі ва ўкраінскім заканадаўстве, бо, на жаль, яна працуе зараз толькі на паперы: наша паліцыя не можа кіравацца нормамі Стамбульскай канвенцыі, складаючы пратакол, на месцы злачынства і г.д. Гэта наша мэта нумар адзін.

Глядзіце таксама

Пасля расійскага нападу «Марш жінок» арганізаваў лінію крызіснай дапамогі ахвярам гвалту праз тэлеграм-бот, бо існуючыя да гэтага інструменты ўжо не спраўляліся з патрэбай і запытамі. 

— Інтэнсіўнасць тут вырасла недзе ўтрая з пачаткам поўнамаштабнай вайны. Попыт проста шалёны, колькасць зваротаў уражвае ў кепскім сэнсе. Мы намагаемся дапамагчы найбольшай колькасці жанчын. І адвакацыйныя напрамкі зараз вельмі актуальныя. Цяпер больш зваротаў, чым раней, колькасць гвалту ўзрасла, улічваючы, што пабольшала колькасць непадкантрольных тэрыторый, і нават большая, чым падчас каронавіруса, калі ўсе былі замкнуты ў хатах. Статыстыка зараз проста ашаламляе.

Таксама трымаем кантакт з жанчынамі-вайскоўкамі, ужо больш як паўгода дапамагаем індывідуальнымі пасылкамі — збіраем рэчы невайсковага прызначэння: абутак, гігіенічныя сродкі, ніжнюю бялізну – усё тое, чым яны не забяспечаны ў войску. То-бок у нас дзевяць гадоў ідзе вайна, паўтара з іх — поўнамаштабная, і ўсё яшчэ для жанчын у войску не прадугледжана форма і абутак. Жанчыне могуць выдаць толькі мужчынскі камплект, калі пашанцуе з памерам. Гэта я не кажу пра ніжнюю бялізну: ліф, топ нейкі і г.д. Таму забеспячэннем вымушаны займацца грамадскія арганізацыі і валанцёрскія ініцыятывы. Мы замовілі зімні абутак для жанчын, да гэтага быў дэмісезонны, нешта шыем, трымаем пастаянную сувязь, дапамагаем. 

Анастасія Герасіменка, фота з фэйсбука

Анастасія Герасіменка, фота з фэйсбука

Таксама жанчыны з фронту да нас звяртаюцца ў псіхалагічную і юрыдычную службы. Мы ўжо маем справы сексуальных дамаганняў ад камандзіраў. Розныя кейсы. Сітуацыя сапраўды горшая, чым можна было чакаць. Гендарныя стэрэатыпы ў войску засталіся, кардынальна сітуацыя тут не змянілася. Можна сказаць, каму як пашанцуе. Але дастаткова выпадкаў, калі жанчыну не бяруць у падраздзяленне, бо лічаць, што яна будзе адцягваць увагу байцоў. Максімум медсястрою ці нешта мыць, падмятаць. Вельмі сумна чуць такія гісторыі. Некаторыя з іх мы нават не можам агучваць, бо жанчыны баяцца агалоскі, часты адказ такі: «Я распавяду пасля таго, як дэмабілізуюся». Тое, што мы збіраем па дробках, мы пакуль не публікуем, бо хочам ужо больш грунтоўна падысці да гэтай праблемы.

У той жа час вялікая колькасць жанчын у шэрагах абаронцаў краіны ўплывае і на грамадскае меркаванне. Анастасія прыводзіць статыстыку, што цяпер у войску больш як 60 тысяч жанчын.

— Усё больш складана людзям выкарыстоўваць выключна мужчынскую форму ў зваротах кшталту «вітаємо нашіх захисників», бо ігнараваць столькі жанчын на фронце вельмі складана, таму людзі часта выпраўляюцца і дадаюць «і захісниць». 

Нават прэзідэнт выкарыстоўвае фемінітывы, выказваючы шанаванне і жанчынам, якія служаць. Таксама шмат жанчын сацыяльна актыўных у сетках, гэта дапамагае грамадству прыняць жанчыну як тую, якая мае самастойную пазіцыю ў войску: не прыслужвае воінам, а сама бароніць краіну разам з астатнімі. 

Глядзіце таксама

Падчас поўнамаштабнай вайны краіна данаціць і збірае на войска, не раздзяляючы мужчыны/жанчыны. Але ж у жанчын ёсць патрэбы, якія адрозніваюцца. Некаторыя з іх часам не хочуць адасабляць сябе, кажуць: «Я такая, як і мае пабрацімы, я воін». Але, калі не падсвечваць, што гэта менавіта жанчына, што гэта жаночы досвед, то немагчыма бароцца са стэрэатыпамі. А яны застаюцца. 

Актывістка адзначае, што імкненне Украіны інтэгравацца ў Еўрапейскі саюз паскарае і многія ўнутраныя працэсы,  а няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку і «Марш Жінок», ажыццяўляюць грамадскі кантроль, уплываюць і на ажыццяўленне рэформаў. 

— Калі Украіна зможа прыняць адпаведныя дзеянні, каб Стамбульская канвенцыя працавала на практыцы, то гэта будзе рашучым сігналам, што мы цалкам гатовы да ЕС. Веру, што крокі ў гэтым кірунку пабачым ужо найбліжэйшым часам, а не будзем чакаць яшчэ 10 год, як мы чакалі ратыфікацыю. Спадзяюся, прага быць у ЕС дапаможа ўкраінскім жанчынам быць абароненымі ад усіх формаў гвалту.