Замежныя СМІ пра Беларусь: 13–20 верасня
У скандале з ксяндзом Лазарам каталіцкі касцёл павінен быў заняць цвёрдую пазіцыю і заявіць пра сваё непрыманне і нязгоду з такімі дзеяннямі ўлады. Але касцёл і яго кіраўнік арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч маўчаць. Гэта азначае, што іерархі вырашылі гуляць па прапанаваных уладай правілах і, хутчэй за ўсё, вядуцца перамовы аб далейшай працы касцёла ў Беларусі ў новых умовах і па новых правілах, прадыктаваных уладамі. «Газета.ру» (Расія)
Калі саступкі Масквы ў нафтавай сферы апынуліся дастатковымі для таго, каб абвясціць чарговую перамогу А. Лукашэнкі над Крамлём, то навошта Лукашэнка пачынае літаральна прасіць вярнуцца «Уралкалій», пачынае перадаваць у Крэмль праз А. Мілера, Г. Грэфа і І. Сечына прывітанні і пажаданні? Пры гэтым Расія маўчыць. Навошта ў беларускіх СМІ працягваецца антырасійская інфармацыйная вайна? Ізноў гучыць песня пра ўладу алігархаў, кепскае становішча расіян... чуюцца крыкі, што «Пуцін аддаў Расію на водкуп каўказскім бандытам і злодзеям»? Мабыць, А. Лукашэнка разумее, што крызіс далёка не скончаны. Усё ідзе сваёй чаргой. Адсюль і непакой праўрадавых экспертаў, што калійная вайна можа разбурыць рэшткі расійска-беларускіх саюзных адносін. Такім чынам, чым скончыцца гэты восеньскі расійска-беларускі палітычны марафон, пакуль не ясна. Сітуацыя склалася неадназначная.
«Политобзор» (Расія)
Сам Астап Бэндэр мог бы пазайздросціць вынаходлівасці беларускіх уладаў. Калі вялікі камбінатар, герой раманаў Ільфа і Пятрова, ведаў 400 параўнальна сумленных спосабаў адабрання грошай у насельніцтва, то 401-ы прыдумаў асабіста Лукашэнка, абураны тым, што беларусы пакідаюць у замежных паездках да 3 мільярдаў долараў у год. Вядома, у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы перашкода для замежных паездак стане хутчэй «жалезнай фіранкай», чым сапраўднай жалезнай заслонай — такой жа пародыяй, як і Шнобелеўскія прэмія. Тым больш, што за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі грамадзяне прывыклі знаходзіць проціяддзе ў любых абставінах. Ды і мяжа Беларусі на самай справе зусім не на замку, ёсць магчымасць выехаць у ЕС і праз Расію. Але сама сітуацыя вакол магчымага ўвядзення выязной пошліны паказвае, што Еўрасаюз відавочна прайграе аўтарытарнаму кіраўніку сваю ідэю безбар’ерных зносін беларусаў з еўрапейцамі.
«Deutsche Welle» (Германія)
Адзіная эканамічная прастора вызначыла лёс Беларусі — няма суверэнітэту і сацыяльнай унікальнасці. Лукашэнка стаў мясцовым феадалам, які ў рамках расійска-беларускіх адносін займаецца звычайным местачковым шантажам, размяркоўваючы грашовыя патокі. А такія пасажы, як «Без Беларусі Расія не выжыве», «Вы — ніхто без Беларусі»,»Беларусь — усё для Расіі» з’яўляюцца лагічнымі і заканамернымі формамі палітычнага шантажу, якія нарадзіліся ўнутры «Саюзнай дзяржавы», у святле дзвюх першапачаткова несумяшчальных формаў кіравання. На самай справе, гэта нават не шантаж, а крыўда ад таго, што ў Беларусь уліваецца менш грошай, чым у сяброў Пуціна, якія сталі алігархамі.
«Главком» (Украіна)
Паводле законаў эканомікі, каб утрымаць фінансавую раўнавагу, заробкі павінны зніжацца, а пазыковыя рэсурсы даражэць. Рэалізацыі гэтага перашкаджае палітыка ўлады. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб заробкі павялічваліся, а крэдыты таннелі. Інакш прыйдзецца прызнацца ў тым, што эканамічная палітыка была няправільнай і пакінуць пасаду кіраўніка дзяржавы, якая стала яму роднай за 19 гадоў. Эксперты кажуць пра тое, што ўлада сама загнала сябе ў кут, і любое яе рашэнне стане крыніцай эканамічных праблем. Захаванне працэнтных ставак на высокім узроўні будзе весці да зніжэння дзелавой актыўнасці. Такі сцэнар наўрад ці можа быць прымальны для ўладаў. У той жа час іх зніжэнне немінуча прывядзе да паслаблення нацыянальнай валюты і чарговай дэвальвацыі.
«Независимая газета» (Расія)