Алесь Адамовіч. Годнасць па-за часам і кантэкстам

26 студзеня — дзень незвычайны ў беларускай гісторыі. У розныя гады ў гэты дзень адбыліся значныя рэчы: у 1990-м беларускую прызналі дзяржаўнай мовай; у 1994-м быў адпраўлены ў адстаўку Станіслаў Шушкевіч; у 2001-м памёр Уладзімір Мулявін. У той час, калі Шушкевіч прымаў сваю адстаўку, стала вядома, што пайшоў з жыцця Алесь Адамовіч.

Алесь Адамовіч. Фота Уладзіміра Крука

Алесь Адамовіч. Фота Уладзіміра Крука


Алесь Адамовіч — адзін з тых пісьменнікаў, пра жыццё якіх не трэба прыдумляць гісторыі і міфы, вышукваць здагадкі паміж радкоў у творах і факты ва ўспамінах сяброў. Ён сам пра сябе напісаў і сказаў усё, што трэба было, і гэтая шчырасць, адкрытасць для чытача, як мне падаецца, была самай моцнай яго зброяй, самым надзейным шчытом.

Глядзіце таксама

Чытаць яго ўспаміны не менш цікава, чым мастацкія і дакументальныя творы, і, можа быць, у іх Адамовіч найбольш раскрываецца як асоба — складаная, шматгранная, непрадказальная і адначасова вельмі зразумелая. Я ніколі не забуду, з якой пяшчотай на чацвёртым курсе філфака я чытала аповесць «Vixi», прысвечаную маці пісьменніка. Столькі любові, якая пульсуе паміж радкоў — і часам балюча сціскае сэрца, а часам ціха тахкае клопатам! — і гэта калі кожны радок пра не самае простае: рэпрэсіі, даносы, здрады, паклёпы... «Менавіта пасля такой вайны, такога ўсплёску нянавісці, лютасці, трэба было пачынаць перарываць ланцуг, хаця б на сваім узроўні, участачку», — піша Алесь Адамовіч у «Vixi», і я счытваю гэтыя словы як запавет, пра які мы сёння ўсе забылі. Сэрца, якое ў такіх абставінах здольнае захаваць любоў — вечны рухавік, на якім будзе трымацца свет у самыя змрочныя часы.

Глядзіце таксама

Непахісны, прынцыповы, сумленны — што б ён сказаў пра наш час? Так і хочацца дадаць «у якім наўрад ці знайшоў бы штосьці новае» — прайшоўшы вайну, перажыўшы Сталіна, пабачыўшы на свае вочы Чарнобыль. Але, мабыць, знайшоў бы, што сказаць, дакладна не змаўчаў бы, гледзячы, як тысячы людзей катуюць у турмах, а з роднай зямлі бамбяць ракетамі мірныя гарады.

«Бацькоў начыста адвучылі ад палітыкі, — пісаў ён. — А мы пасляваенныя ўсё больш адчувалі да палітыкі смак». Мімаволі задумаешся: выходзіць, што ў дарослых хутчэй апускаюцца рукі? 15-гадовым падлеткам Адамовіч пайшоў у партызаны — і гэтым самым 15-гадовым партызанам ён заставаўся ўсё жыццё, бясстрашным там, дзе іншыя саступалі. Вялікая трагедыя вайны магла яго зламаць, але не зламала, як не зламалі ні «чысткі», ні даносы, пастаянны ціск, цэнзура, немагчымасць працаваць.


Глядзіце таксама

Застаючыся сабой, верным свайму слову, ён гатовы быў развітацца з пасадай у маскоўскім універсітэце — але не далучыўся да шэльмавання Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля; не змаўчаў, калі радыяцыйныя аблокі прынеслі бяду ў беларускія вёскі і гарады; не стаў хаваць страшную праўду пра тое, якой бывае вайна. Пазбавіўся праз гэта многага — але і многае прыдбаў, у тым ліку магчымасць пры любых абставінах спакойна глядзець у люстэрка і ціснуць людзям руку.

Сённяшняя сітуацыя ў Беларусі цяжка б’е па самаму балючаму для мяне — па магчымасці пісаць вершы. Шукаючы паразумення і паратунку, я перачытала масу ўспамінаў тых, хто жыў у папярэдні віток гісторыі рэпрэсій. Гатовага рэцэпту ні для каго быць не можа, але павінна быць штосьці, што магло б дапамагчы прыняць як дадзенасць: ёсць часы, калі нават паэзія не можа гаварыць. «Ну і пры чым тут Адамовіч?» — спытаеце вы. Парадаксальным чынам, можа быць, адзін з самых празаічных беларускіх пісьменнікаў, ён знайшоў гэтую формулу, у якой паэзія можа захавацца і перачакаць, не знікаючы назусім: калі адбываецца трагедыя, «паэт» не можа не стаць «грамадзянінам». Паэт не мае права маўчаць, раз яму дадзена слова — але слова яго неабавязкова павінна стаць вершам, і ў гэтым маім болі знямелага языка Адамовіч падтрымаў мяне як ніхто іншы.

Глядзіце таксама

Здавалася б, відавочна. Здавалася, проста, як двойчы два: часам ты мусіш быць перш за ўсё чалавекам. Але гэтая простасць хаваецца за наслаеннямі складаных этычных матэрый, праз якія ўжо звыкаеш не прабівацца. Алесь Адамовіч умеў гэтак жа проста і глыбока пісаць свае кнігі пра тое, што навідавоку, але схавана за слаямі хлусні — і пры гэтым асабліва не хаваўся за словамі, нягледзячы на тое, што цэнзура іх бязлітасна крэсліла. Цэнзура крэсліла — а ён пісаў, гаварыў, расказваў.

Ці былі ў яго шанцы не стаць прыкладам? Мне падаецца, што не. Такія людзі заўсёды будуць цэнтрам прыцягнення, асноватворнай сілай таго сусвету, у якім яны ўспыхваюць, як звышновыя, — і таму не дзіўна, што пасля такой глыбы засталіся не толькі крытычна важныя для нас «Я з вогненнай вёскі», «Блакадная кніга», «Хатынская аповесць», не толькі «Ідзі і глядзі» і «Сыны сыходзяць у бой». Думаю, не будзе памылкай сказаць, што пасля Алеся Адамовіча засталіся Святлана Алексіевіч, Нобелеўская прэмія і кнігі, якія сёння ведае ўвесь свет. Беларускі «нобель», літаратура факту, паліфанічны раман і праўда пра нязручнае мінулае пачаліся тады, у саракавыя, калі падлеткі выбралі стаяць на сваім да канца і ніколі гэтаму не здраджваць.