Ігнат Цэйзік: махляр, змагар, геній?

Прыгавораны да пажыццёвай катаргі Ігнат Цэйзік заявіў, што яго мэтай было пабольшваць інфляцыю, каб паслабляць расійскую сістэму і такім чынам садзейнічаць вызваленню народаў і вяртанню Канстытуцыі 3 мая.

Ружаны. Малюнак Напалеона Орды

Ружаны. Малюнак Напалеона Орды

Гістарычная асоба з ліку жыхароў ваколіц

Біяграфічныя звесткі Ігната Цэйзіка (1779–1860) нешматлікія. У рускай ды беларускай інтэрнэт-прасторы яны папросту адсутнічаюць. Але ўвідавочыць абрысы гэтага персанажа, цікаўнасць да якога ўзнікла перадусім з-за сяброўства і ліставання з адным з пачынальнікаў віленскай мастацкай школы Янам Дамелем, усё ж магчыма.

Сын каваля Міхала і Ганны Сабалеўскай (кажуць, што з Падляшша) быў яшчэ і ўнукам Якуба — капітана гвардыі ВКЛ. Нара­дзіўся Ігнат у Лыскава, што пад Ружанамі. У 1798 годзе закончыў тры класы школы і рушыў у Віленскі ўніверсітэт вучыцца жывапісу ў прафесара, доктара філасофіі (па меркаванні Соф’і Лач, даследчыцы з Беластока) Францішка Смуглевіча.

«Гістарычная асоба з ліку жыхароў ваколіцаў», — так характарызуе Ігната Цэйзіка мемуарыст Цыпрынус (псеўданім народжанага ў Слоніме Восіпа Антонавіча Пржэцлаўскага). Бацькі Цыпрынуса арандавалі напачатку ХІХ стагоддзя ў Францішка Сапегі мястэчка Ружаны.

Цыпрынус — масон, што ў пэўнай ступені тлумачыць адсутнасць яго іканаграфічнай выявы, гадаванец Віленскага ўніверсітэта часоў навучання ў ім Адама Міцкевіча. Асоба, блізкая да «філамацкай» моладзі, патрыёт свайго краю, які стаў на кар’ерныя драбіны Расійскай імперыі — служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў ад 1824 года. Тым не менш у 1829 годзе ён запачаткаваў у Пецярбургу «Tygodnik Peterburgski» на польскай мове, які ў 1833 годзе набыў статус афіцыйнага выдання «Царства Польскага».

У сваіх мемуарах Пржэцлаўскі адзначаў, што Цэйзік — асоба, багата адораная ад прыроды: музыкант (добра граў на розных інструментах, хораша спяваў), скульптар, выдатны малявальшчык, гравёр і каліграф.  

Па нядзелях, калі мясцовыя арандатары збіраліся ў Ружаны на агульны абед, зазвычай прыязджаў і Цэйзік. Шчодра адорваў дзятву ўласнаручнымі вырабамі накшталт цацак са слановай косці ды бурштыну, адмысловых скрыначак, па-мастацку адштукаваных клетак для птушак. Маці потым доўга выхвалялася перад суседкамі новымі керамічнымі вазамі ды гаршчочкамі, а бацька атрымоўваў у прэзент люлькі з гліны для палення тытуню, драўляныя чубукі, аздобленыя разьбой, і іншую прыемную драбязу.

«Каб Цэйзік прысвяціў сябе выключна мастацтву, то, безумоўна, свет меў бы ў яго асобе другога Бенвенута Чэліні», — падсумаваў мемуарыст.

Але карты лёсу расклаліся інакш.

Фальшывы тэатральны білет

Ад 1798 года Ігнат вучыўся на факультэце вытанчаных мастацтваў і літаратуры, у 1802-м перайшоў на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак дыплом не атрымаў. Польскія крыніцы сведчаць пра яго цікавасць да хіміі і алхіміі, да французскай філасофіі, гісторыі, літаратуры і мовы. Ці варта казаць, што да зямлі маладзён не вярнуўся.

Хоць жыццё і не надта песціла дробнапамеснага шляхцюка, у якога з уласнасці толькі і засталіся, што «гонар ды годнасць», у роспач той не ўпаў. Пры ім былі мастацкі талент, жывы розум і ахвота да працы. Ён ва­дзіў сяброўства з мастакамі Янам Дамелем, Язэпам Аляшкевічам, доктарам Юзэфам Лібошчыцам, вядомым матэматыкам таго часу Захарыем Нямчэўскім.

Маючы выключныя здольнасці да каліграфіі (а попыт на яе быў вялікі), Ігнат паступіў на службу ў канцылярыю Віленскага ўніверсітэта. Загаловак дыплома (8–9 радкоў) каштаваў дзесяць, а то і болей рублёў, тым не менш грошай Ігнату не хапала. Нават з тым прываркам, што атрымоўваў з продажу жывапісных твораў сяброў. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ён, як і ўсе яго сябры, быў вялікім аматарам тэатра. А квіткі каштавалі нятанна.

Віленскія тэатры пачатку ХІХ стагоддзя, у якіх апрача твораў сусветнай класікі («Рамэа і Джульета», «Атэла», «Эмілія Галоці» і «Скупы»), давалі спектаклі, што сцвярджалі эстэтычныя погляды Асветніцтва, былі «больш незалежныя ад цэнзуры, чым іншыя тэатры Расіі». Таму ўніверсітэцкая моладзь гатовая была ледзь не начаваць у радзівілаўскім палацыку, дзе штотыдзень гралі тры спектаклі. У віленскіх тэатрах таго часу апрача ложаў існаваў «партэр» з лавамі, нумарацыя на якіх адсутнічала.

Са з’яўленнем у жыцці Ігната Цэйзіка паненкі Марыі Качынскай, з якой у 1805 годзе ён пабярэцца шлюбам і пераедзе ў Слонім, грашовая нястача толькі абвастрылася. І тады ён рашыўся: вырабіў невялічкую партыю тэатральных білетаў, потым яшчэ, яшчэ і яшчэ…

Мастак Ян Дамель (аўтапартрэт) быў сябрам Ігната Цэйзіка. На жаль, партрэта самога Цэйзіка аўтару нарыса адшукаць не ўдалося

Мастак Ян Дамель (аўтапартрэт) быў сябрам Ігната Цэйзіка. На жаль, партрэта самога Цэйзіка аўтару нарыса адшукаць не ўдалося

Напалеонаўскія «фальшачкі»

Але што такое выраб нейкіх тэатральных білетаў, калі падробкі рабіліся на больш высокім узроўні?

Напалеон, геніяльны карсіканец, да паходу на Расію падрыхтаваўся ўсебакова. Фінансава ў тым ліку. Яшчэ задоўга да вайны на ўскрайку Парыжа была арганізавана невялічкая друкарня падробных расійскіх грошай, буйны ўкід фальшывых асігнацыяў быў зроблены пасля перамір’я ў 1808 годзе.

Другая кропка вырабу «фальшачкоў» распачала сваю дзейнасць з абвяшчэннем Герцагства Варшаўскага. Апрача таго, у складзе напалеонаўскага войска на Маскву рухалася 34 фургоны «напалеонавак» — падробных расійскіх асігнацыяў, якімі французскія інтэнданты мусілі былі разлічвацца за фураж.

Разам з гэтай паклажай з Францыі рухалася некалькі «перасоўных друкарак». Лёс адной з іх вядомы. Напалеон, расчулены «хлебам-соллю», і ўвогуле цёплым прыёмам яго войска ў Маскве купецтвам і стараабрадцамі, загадаў перадаць адну друкарку праваслаўнай абшчыне «на вечнае карыстанне».

Куды знікла другая (рэзервовая) друкарка — невядома. Ці не атабарылася яна ў Вільні — горадзе, які Напалеон абвясціў 1 чэрвеня 1812 года сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, і дзе будзе абраны Часовы ўрад ВКЛ? На карысць гэтага меркавання і тое, што менавіта ў Вільні было размешчана сховішча падробных грошай.

«Французскія падробкі асігнацыяў пераўзыходзілі арыгіналы — адрозніваліся больш якаснай паперай, больш выразнымі вадзянымі знакамі, глыбокім рэльефным цісненнем у верхняй частцы банкноты, роўным размеркаваннем літараў у словах асноўнага тэксту», — адзначаюць гісторыкі каштоўных папераў. Быў яшчэ і шэраг іншых прыкметаў, якія дазвалялі адрозніць падробкі ад арыгінала.

Але мінаюць войны, развейваюцца марныя спадзевы, і сябра юнацтва — Ян Дамель — ужо напісаў палатно «Уцёкі войска Напалеона з Вільні», кінуў незакончанай працу «Пераправа праз Бярэзіну». Жыццё працягвалася. Але пры чым тут Цэйзік?

  

Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка»

Тым часам Ігнат Цэйзік разам з усёй сваёй сям’ёй (з ім жылі яшчэ брат Фелікс і швагер Дамінік Тырка) змяніў месца жыхарства. Са слонімскага дома цесця Тамаша Качынскага ён перабраўся ў арандаваны пад Слуцкам фальварак Ханусаўшчызна.

І там пачаў дражніць і дзівіць тагачаснае правінцыйнае грамадства сваімі нешараговымі паводзінамі: мала што заклаў і даглядаў элітны сад ды вырабляў цацкі з гліны, але і раздаваў грошы жабракам і валацугам.

Вось як апісваў Цэйзіка адвакат з Валыншчыны (з Камянца), што заблукаў да яго ў пошуках саджанцаў ігрушы «сапяжанкі»: «Заспеў гаспадара фальварку, чалавек невялічкага росту, хударлявага, далікатнага і гасціннага ў атачэнні гурмы жабракоў, які цярпліва слухаў іхнія просьбы і енкі. …Ён шмат і захоплена гаварыў штось пра «памалогію» — галіну садаводства, пра неабходнасць увагі, культывавання і вытворчасці, ураджайнасці і захаванні садовых дрэваў».

Але неўзабаве ў 1814 годзе на сядзібе Цэйзіка з’явіліся судовы прыстаў ды жандары. Быў зроблены вобшук. Жандары знайшлі ліставанне з віленчукамі і з мастаком Дамелем. А яшчэ друкарскае абсталяванне, фарбу і паперу для вытворчасці казначэйскіх білетаў. Гаспадара абвінавацілі ў прадукаванні фальшывых асігнацыяў імперыі на 65 000 рублёў. На Цэйзіка надзелі кайданкі і разам з памагатымі Феліксам і Дамінікам адвезлі ў вязніцу.

Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка» доўжылася не адзін год і мела на той час моцны розгалас. Дапытвалі ўвесь віленскі асяродак Ігната. Арыштаваных прывезлі ў Мінск. Прафесар матэматыкі Захарый Нямчэўскі праходзіў па справе ў якасці абвінавачанага. Мастак Ян Дамель быў сведкам, але атрымаў пяць гадоў высылкі ў Заходнюю Сібір. Пакаралі амаль усіх.

Галоўны ж абвінавачваны знік з-пад варты 15 ліпеня 1819 года, і праз пэўны час з’явіўся ў Аўстрыі. Вырак: «Пажыццёвая катаржная праца на нерчынскім рудніку» яму будзе вынесены завочна ў 1820 годзе.

Гульня ў хованкі з імперыяй

Мемуарыст кажа, што і ў Вене Цэйзік займаўся вырабам несапраўдных грошай. Але малаверагодна. Пэўна іншае, расійскія віжы не пакінулі яго ў спакоі. Заўважыўшы пераслед, ён вырабіў дакументы на імя Якуба Чудоўскага і перабраўся на Падол. Арандаваў ва ўладаннях Чартарыйскіх фальварак, з усіх бакоў абкружаны лесам.

Гульня ў хованкі з імперскай уладай доўжылася не адзін год, але скончылася раптоўна. Калі засвяціўся паплечнік Ігната — Фелікс, які купляў гуртамі коней ды валоў, каб прадаваць паштучна, такім чынам, легалізуючы падробныя грошы. Дзесь у Слуцку ці Кобрыне (паводле розных крыніц) той небарака натрапіў на шляхцюка, які пазнаў у ім брата Цэйзіка і пачаў правакаваць апошняга «старой пазыкай» у 300 злотых. Натуральна, што сляды прывялі да Цэйзіка.

На паўторным разглядзе справы аднаго разу прыгавораны да пажыццёвай катаргі на нерчынскім рудніку Цэйзік, разам з крыўдамі на неацэненасць яго таленту і незапатрабаванасць грамадствам, заявіў, што дзейнасць яго не была накіравана на ўласнае ўзбагачэнне. Шкоды дзяржаве як сукупнасці грамадзянаў ён не зрабіў, бо фінансавая сістэма краіны, у якой цалкам уладарыць натуральная гаспадарка, задавольвае патрэбы толькі невялікай купкі абраных, блізкіх да адміністрацыі асобаў. Сваёй жа мэтай ён ставіў пабольшваць інфляцыю і тым самым паслабляць расійскую сістэму. І такім чынам працаваць на вызваленне зняволеных народаў, дамагаючыся аднаўлення Рэчы Паспалітай і вяртання ў дзеянне Канстытуцыі 3 мая.

Табольская спадчына

У Табольску пакараны жыў законапаслухмяным жыццём, якое нават выклікала сімпатыю і давер у мясцовых паліцыянтаў. Мастацкі талент і апантаная працаздольнасць так падкупілі тамтэйшую адміністрацыю, што адпраўку ў самую страшную турму —«нерчынскі руднік» замянілі на расканвойнае ўтрыманне ў Табольску. Знайшоўся нават дабрадзей Пётр Машынскі, з былых высланых, які з уласных сродкаў прызначыў мастаку стыпендыю.

Жыццё наладжвалася. У Табольску Ігнат Цэйзік другі раз пабраўся шлюбам. Тут у яго нарадзілася двое сыноў, ён пабудаваў уласны дом. Тут быў ацэнены яго мастацкі талент — ну, не вытанчанага графіка, дык скульптара малых формаў. Яго выраб — дэкаратыўнае блюда (копія ў Цюменскім музеі) атрымаў цэсарэвіч Аляксандр (будучы Аляксандр ІІ), калі праязджаў праз Табольск.

Усю дробную пластыку дэкаратыўна-ўжытковага характару — кубкі, вазы, блюды, шклянкі, цукроўніцы, статуэткі — Ігнат Цэйзік рабіў з гліны. Таксама, як і абразы, партрэты ды рэльефныя сюжэтныя кампазіцыі, якімі могуць ганарыцца музеі Чыты, Краснаярска, Табольска, Іркуцка, Масквы і Пецярбурга.

Яшчэ яго працы захоўваюцца ў Музеі Нарадовым у Варшаве, Музеі Войска Польскага, Нацыянальным музеі Кракава, Віленскім мастацкім і Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі вытанчаных мастацтваў у Каўнасе.  

У месцах ссылкі рабіць партрэты пакараных было забаронена. Але пагроза пакарання не перашкодзілі Ігнату Цэзіку зрабіць партрэт-барэльеф дзекабрыста Аляксандра Міхайлавіча Мураўёва (1801–1853), які зараз захоўваецца ў Інстытуце рускай літаратуры («Пушкінскім доме»). Калі ўлічыць, што пакаранне ў ваколіцах Табольска адбывалі рускія дзекабрысты Аненкаў, Арбузаў, Барацянскі, Ентальцаў, Штэйнгель і Свістуноў, то не выключаны і іншыя знаходкі.

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

Сустрэча з духоўным братам, або Эпілог

Гром грымнуў, як і заўжды бывае, знянацку, у сярэдзіне 1840-х, калі Ігнат Цэйзік, якому было ўжо за 60, невядома з якой патрэбы наважыўся чаканіць срэбраную манету… «Пошукі сябе ў новым матэрыяле» закончыліся хутка — у Акатуйскім рудніку, «пажыццёва прыкутым да вазка» з пародай.

Не факт, але расійская даследчыца Ямшчыкова-Алтаева запэўнівае, што там Ігнат сустрэўся са сваім духоўным братам, католікам Міхаілам Луніным. Рускі Праметэй, аўтар трактата «Позірк на таемнае грамадства» быў прыкаваны ў тым жа рудніку кайданамі да сцяны.  

Пасля ладнага дзясятка гадоў працы пад зямлёй, у 1857 годзе Ігнат Цэйзік «па старасці» выйшаў з шахты і атрымаў дазвол на пасяленне ў Верхняўдзінск (сёння Улан-Удэ, другі бок Байкала ад Іркуцка), а неўзабаве і ў Іркуцку, дзе шчодра вырабляў шматлікіх Будаў для «брацкага бурацкага народа». Апрача таго ў Сібіры пачалася мода на мастака, яго тэракотавыя рэчы, ужытковыя, дэкаратыўна-ўжытковыя, а таксама мастацкія — абразы ды сюжэтныя пано — пачалі падрабляць «пад Цэйзіка» і тыражаваць іх… Баюць таксама, што стары і нямоглы мастак паспрабаваў вярнуцца да вырабу грошай…

 * * *

Як ужо было адзначана, творы гэтага мастака захоўваюцца шмат дзе, толькі не ў Беларусі. Дадамо, што, на нашае адчуванне, лепшы з твораў Цэйзіка набыў высланы за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года Козел-Паклеўскі. Гаворка пра шматпланава-кампазіцыйны тэракотавы аўтапартэт мастака. Агульную плошчу выявы займае сумнавядомая турма — Акатуйскі руднік, за якім — паселішча, што прыляпілася да гарыстага краявіду з заходзячым ці ўзыходзячым сонцам. На другім плане — штольня і некалькі катаржанаў з вазкамі, поўнымі руды. На першым плане Цэйзік у рыззі, прыкуты да вазка, поўнага пароды. Твар сувора-змрочны, з глыбокімі зморшчынамі, вочы пільна ўглядаюцца ў толькі яму бачную далячынь Новага Часу.