Ірына Ніжанкоўская, захавальніца спадчыны Тарашкевіча, 80-гадовы юбілей сустрэла ў шпіталі з пнеўманіяй

Свой 80-ы дзень народзінаў Ірына Ніжанкоўская, сваячка рэпрэсаванага мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча і захавальніца ягонай спадчыны, сустрэла 26 траўня ў агульнай палаце шпіталя ў Маладзечне, піша Радыё Свабода.

Ірына Ніжанкоўская, архіўнае фота

Ірына Ніжанкоўская, архіўнае фота

Спадарыня Ніжанкоўская другі тыдзень знаходзіцца ў шпіталі з двухбаковай пнеўманіяй, чакае паўторнага тэсту на каронавірус. Першы тэст быў адмоўным.

«Чыстыя» і «вірусныя» у адной палаце

У інтэрв'ю Свабодзе Ірына Уладзіславаўна выказала спадзеў, што неўзабаве здолее сабраць гасцей у родных Радашкавічах. Але думаць пра выпіску пакуль заўчасна. Вось ужо больш за тыдзень яе не адпускае двухбаковая пнеўманія. Нават праз тэлефон чуваць, што жанчыне цяжка гаварыць.
Яна ўдакладняе, што хворых з такім дыягназам абавязкова правяраюць на каронавірус. Першы тэст даў адмоўны вынік, цяпер чакае, што пакажа паўторны аналіз.
«Трэба ж было падхапіць двухбаковае запаленне, — наракае юбілярка. — Вось ужо больш за тыдзень у лякарні, ну а як далей — хто яго ведае. Вядома, хочацца спадзявацца на лепшае, што нічога страшнага не здарыцца».

Ляжыць яна ў палаце разам з іншымі жанчынамі з маладзечанскіх ваколіцаў — пераважна пенсійнага ўзросту. Але ёсць і сярэдняга веку, і маладзейшыя, дадае Ірына Уладзіславаўна.

Ірына Ніжанкоўская, 2012 год

Ірына Ніжанкоўская, 2012 год

«Людзей вельмі шмат ляжыць, хоць, дзякуй Богу, месцаў у палатах яшчэ хапае, на калідорах ложкі пакуль не ставяць. І старыя, і не надта, розныя пацыенты. Такая хвароба, што не выбірае датаў нараджэння».
Ірына Ніжанкоўская кажа, што ў Радашкавічах шмат хворых, толькі разам з ёй адтуль на «хуткай» прывезлі трох кабет. Не выключае, што недзе разам і «падчапілі», бо наведвалі адны і тыя ж месцы — колькі таго мястэчка. «Вядома, быў кантакт», — мяркуе яна.
Персанал да хворых ставіцца вельмі карэктна, паважліва, хоць нагрузка на медыкаў завоблачная, працягвае Ірына Ніжанкоўская.
«Усе працэдуры своечасова робяць, нармальна кормяць, няма на што наракаць. Бедныя дзяўчаткі ўсю змену і нават больш ходзяць як тыя „касманаўты“. І дзень і ноч — у масках, пальчатках, абкручаныя цэлафанам. Цяжка, вядома. Нам лягчэй, валяйся ды адпачывай», — знаходзіць сілы пажартаваць пацыентка.
Не найлепшым момантам у гэтай сітуацыі хіба тое, што пацыентаў кладуць уперамешку, не дзелячы на «чыстых» і «вірусных». Іншымі словамі, рызыка падхапіць COVID-19 у шпітальнай палаце такая ж высокая, як і ў кожным месцы масавага збору.

Сямейны дом Тарашкевічаў у Радашкавічах



Радашкавічы, ілюстрацыйнае фота

Радашкавічы, ілюстрацыйнае фота

Гэта цяпер Радашкавічы — непрыкметнае мястэчка. А да 1939 года тут віравала грамадскае жыццё. Ці не самым вядомым месцічам лічыцца Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.
З Вільні яго фактычна спакусіў сюды пераехаць выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, якому належаў маёнтак Мігаўка. Гэта родны дзядзька Веры Сніткі — будучай першай жонкі Тарашкевіча. Яны пабраліся шлюбам у 1923 годзе.
Таксама ў суседстве нарадзіўся будучы сябра Рады БНР Сымон Рак-Міхайлоўскі. Эпіцэнтрам нацыянальнага асяродку была беларуская гімназія, якая літаральна «штампавала» свядомыя кадры. Але да мемарыялізацыі так і не дайшло, хоць планы былі.
Да пачатку ХХІ стагоддзя дом Тарашкевічаў дайшоў напаўразбураны, адну палову новыя гаспадары наагул пераабсталявалі пад гараж. Ірына Ніжанкоўская жыве акурат насупраць гэтага дому. 20 гадоў таму яна пахавала маму — дачку вядомага археолага Андрэя Сніткі, першую жонку Браніслава Тарашкевіча, пляменніцу Аляксандра Уласава.
Патомная шляхцянка, яна пражыла доўгае і цяжкае жыццё і шкадавала, што так і не атрымалася вярнуць сведчанне былой славы «родаваму гнязду».
Сям’ю Тарашкевічаў прымусова выселілі ў 1939-м, праз два гады пасля арышту гаспадара. У тым жа годзе расстралялі і самога Тарашкевіча. Ужо на чацверты дзень вайны, калі ад савецкіх бамбаванняў палала большая частка Радашкавічаў, згарэлі ўсе сямейныя архівы. У 1944-м, незадоўга да вызвалення Беларусі, у баі гіне іхны сын Радаслаў.
Застаўшыся адна, Вера Андрэеўна бярэцца шлюбам з савецкім афіцэрам Уладзіславам Ніжанкоўскім. Праз колькі часу ён таксама будзе забіты. Так што дачка Ірына ведае бацьку толькі з фатаздымкаў. Ужо пасля вайны асірацелая сям’я пераязджае бліжэй да дому, дзе прайшлі найлепшыя часы. Маці потым шкадавала, бо суседства штодня нагадвала пра мінулае.
На той момант нерухомасць ужо перапрафілявалі — размясцілі там шпіталь. А калі ў пачатку 1990-х пацыентаў выселілі, будынак быў занядбаны, вяскоўцы расцягвалі яго на свае патрэбы.

Нерэалізаваная ідэя музея Заходняй Беларусі

Паводле спадарыні Ірыны, маці яшчэ паспела звярнуцца да кіраўніка пасялковага савету: пакуль справа дойдзе да музея, хай бы каго часова пасялілі. Каб ведала, чым скончыцца, можа так і не ўвіхалася б, дадае суразмоўніца. Новыя кватаранты спачатку хату прыстасавалі пад гараж, а пазней перарабілі настолькі, што нічога аўтэнтычнага ад яе не засталося. «Яны той дом перабудавалі да такой ступені, што цяпер нічога ўжо не пазнаць — ні вонкава, ні вакол, бо дрэвы павысякалі, па-свойму ўсё ўпарадкавалі. Цяпер там дзве сям’і жывуць. Звычайнае жыллё. Адзінае, удалося дамагчыся, каб павесілі мемарыяльную дошку. Але да музея справа так і не дайшла, згінула на ўзроўні ідэі. Шкада, безумоўна...», — не хавае эмоцыяў Ірына Ніжанкоўская.
Згадвае, што яшчэ за савецкім часам сям’я, грамадскасць звярталіся да тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча, неўзабаве з'явілася пастанова аб стварэнні музея. Праўда, каб не засяроджвацца на спрэчнай для ўсіх уладаў фігуры Тарашкевіча, планавалася, што гэта будзе музей-сядзіба ўсёй Заходняй Беларусі — з улікам актыўнага беларускага руху ў Радашкавічах.
Пад эгідай Літаратурнага музея пачалі рабіць праект рэстаўрацыі панадворных будынкаў. Але, як гэта часта здараецца, працэс зацягнуўся, СССР распаўся, а маладой суверэннай Беларусі было ўжо не да культуры, людзей хваляваў развал эканомікі.
У адсутнасць афіцыйнага музея Тарашкевіча такім стаў дом Ірыны Ніжанкоўскай — яму таксама больш за стагоддзе. У свой час там здарыўся моцны пажар, але будыніна вытрымала, не ператварылася ў папялішча. Цяпер у якасці экспанатаў застаюцца некаторыя аўтэнтычныя рэчы. Самая каштоўная — несумненна, пісьмовы стол Браніслава Адамавіча. А яшчэ дыванкі той пары, рарытэтныя фатаздымкі.
Пры адпаведным дзяржаўным падыходзе да захавання памяці выбітнага беларускага дзеяча можна было б разжыцца і іншымі ўнікальнымі сведчаннямі.
Паводле біяграфічных звестак, у Тарашкевіча былі два браты і сястра. У Польшчы, Літве і цяпер жывуць ягоныя сваякі, якія наўрад ці былі б супраць таго, каб падзяліцца з музейнымі фондамі. Натуральна, пры ўмове зацікаўленасці беларускага боку. Але пакуль на афіцыйным узроўні такіх сігналаў няма.

Кароткае жыццё Браніслава Тарашкевіча

Браніслаў Тарашкевіч

Браніслаў Тарашкевіч

Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў Мацюлішках пад Вільняй у сялянскай сям’і і здолеў стаць выбітным мовазнаўцам, перакладнікам, кандыдатам філалогіі і ўрэшце акадэмікам, быў таксама лідарам ТБШ і дэпутатам польскага Сейму. Ён пражыў 46 гадоў, многія з якіх былі азмрочаныя засценкамі польскай і савецкай турмаў, але паспеў шмат зрабіць для Беларусі. Самай вядомай працай стала першая «Беларуская граматыка для школ». Укладзены ім правапіс беларускай мовы да 1933 года быў афіцыйным у БССР, а цяпер завецца «класічным» ці, ад імені аўтара, «тарашкевіцай».
Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі, у 1933 годзе Тарашкевіч трапіў пад абмен вязнямі паміж Польшчай і БССР — яго абмянялі на вядомага беларускага літаратара Францішка Аляхновіча, аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ». У Саветах мовазнаўца пражыў некалькі гадоў і зноў трапіў пад рэпрэсіі: дасюль невядома, ці памёр ён у лістападзе 1938 года ад катаванняў, ці ўсё ж быў прыведзены ў выкананне вынесены яму расстрэльны прысуд.
Ігар Карней, svaboda.org