Крэўскае мора Аляксандра Камінскага

У Крэве на Смаргоншчыне жыве ўлюбёны і зацікаўлены ў свой родны край чалавек. Завуць яго Аляксандр Камінскі. 21 студзеня гэты выдатны краязнаўца і гісторык адзначае свой 50-гадовы юбілей.



Напярэдадні юбілею мы гутарылі пра ягоныя краязнаўчыя здабыткі, і наогул пра жыццё.

— Нарадзіўся я і жыву ў Крэве. Я з тых раслін, якія вельмі хваравіта пераносяць перасадку ў іншае месца. Такая нелюбоў да перамены месцаў дасталася, відаць, ад бацькоў, якім нават нарадзіцца давялося далёка ад Бацькаўшчыны: маці з’явілася на свет у Амерыцы ў сям’і беларускіх эмігрантаў, а бацька — у Расіі, як ён сам казаў: «Мікалаеўскай вайной у бежанцах». Я ж свае пяць гадоў вучобы ў Мінскім інстытуце замежных моваў і тэрмін вайсковай службы ператрываў толькі па той прычыне, што ведаў — гэта часова. Трохгадовую працу ў мілейкаўскай базавай школе на Смаргоншчыне за «эміграцыю» не лічу — гэта ўжо родная глеба, Крэўшчына. Але, калі знайшлося месца ў самой крэўскай школе — перайшоў не раздумваючы. Працаваў настаўнікам французскай мовы і адначасова займаўся краязнаўчай працай: узяў пад сваю «апеку» школьны музей, ладзіў вандроўкі, у працы з дзяцьмі ажыццяўляў разнастайныя свае задумкі і знаходкі. Зараз настаўніцкую працу па шэрагу прычын пакінуў, але з адукацыйнай галіной не развітаўся — працую качагарам у дзіцячым садку. А краязнаўства — гэта назаўсёды!

 Ты даследуеш усё, што звязана з Крэвам і Крэўскім замкам. Чым адметны гэты замак у параўнанні з іншымі замкамі Беларусі?

— Нягледзячы на тое, што замак — своеасаблівая візітоўка Крэва, гэта не мая любімая тэма. Пра яго ўжо столькі напісана! Але мяне ж больш цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі нашага мястэчка і ваколіц. Гэтыя старонкі можа не такія значныя, але, каб не было замка і Крэўскай уніі, менавіта яны з’яўляліся б зместам гісторыі нашага краю. А так — больш значныя падзеі нейкім чынам іх «заглушаюць», адкідаюць на другі план. Праўда, апошнім часам я ўсё больш і больш пачаў звяртацца і да тэмы замка. Аказваецца, у ёй ёсць яшчэ што асвятляць. Нядаўна завяршыў працу над даследаваннем «Крэўскі замак у апісаннях і выявах». Праўда, пакуль яшчэ не ведаю, дзе можна было б гэта надрукаваць. У Літве яшчэ, па-мойму, з савецкіх часоў існуе спецыялізаваны часопіс «Lietuvos pilys» («Літоўскія замкі»), у нас жа пра падобнае можна толькі марыць. Дарэчы, да напісання свайго даследавання мяне падштурхнула праца Відмантаса Янкаўскаса «Іканаграфія Крэўскага замка: паміж рамантызмам і дакументальнасцю», якая змешчана ў тым часопісе, і пра якую мала што ведаюць нашы спецыялісты. Я ж свае асабістыя знаходкі пра замак, свае думкі пра яго выкладаю час ад часу ў блогу «Крэўскае мора». Збіраюся рабіць гэта і надалей. Так што, каму цікава — сардэчна запрашаю на свой сайт www.kreuski.livejournal.com!

— А ці магчыма сёння аднавіць Крэўскі замак?

— Апошнім часам можна знайсці вялікае мноства варыянтаў рэканструкцыі (ці, інакш кажучы, адноўленага першапачатковага выгляду) Крэўскага замка. Іх столькі, і яны такія розныя! Адсутнасць першапачатковых чарцяжоў дае волю фантазіі. А гэта можа прывесці да таго, што адноўлены калі-небудзь замак, сапраўды, набудзе хоць і падагнаныя пад Сярэднявечча, але нейкія чужародныя рысы. Многія прытрымліваліся і прытрымліваюцца думкі, што яго не трэба аднаўляць поўнасцю, а толькі закансерваваць у тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нашага часу. Гэта захавала б нейкім чынам і памяць пра падзеі, якія адбываліся навокал на працягу стагоддзяў. А кансервацыя прадухіліла б далейшае разбурэнне замка. Па-мойму, гэта быў бы найлепшы, прычым менш затратны, варыянт. Калі ўсё ж будзе рашэнне аднавіць Крэўскі замак, то тут спяшацца не варта. Каб адрадзіць разбуранае, трэба ведаць з чаго ўсё пачыналася і які выгляд яно мела да разбурэння. Для гэтага неабходна вывучыць як мага болей дакументаў з апісаннем аб’екта, перабраць усе яго планы і чарцяжы, малюнкі і фотавыявы. Свой сціплы ўклад у гэта раблю і я.

Ці праводзяцца ў Крэве якія-небудзь гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя сустрэчы, фестывалі?

— Пахваліцца няма чым. Не сказаць, што мы зусім убаку ад цывілізацыі. Добрую справу робяць удзельнікі штогадовых летнікаў — студэнты сталічных навучальных устаноў, якія не толькі праводзяць тут пэўную працу па вывучэнні і захаванні помнікаў мінуўшчыны, але і ладзяць часам даволі цікавыя фестывалі, экскурсіі, выставы. Да нядаўняга часу літоўцы, якія пражываюць у Беларусі, амаль штогод праводзілі ў Крэве святы, прымеркаваныя да дня каранацыі Міндоўга. Было прыемна, што да іх правядзення далучаліся і мясцовыя творчыя калектывы. Праз нейкі час літоўцы пакрысе адышлі ад гэтай справы, свае ж культработнікі хоць і працягваюць традыцыю, але знікла тая разынка, якая б прыдавала фестывалю сваю адметнасць і каларыт. У мінулым годзе ў жніўні ў Крэве, напрыклад, адбыўся фестываль «Крэўская кераміка». Свята сапраўды атрымалася прыгожым і арыгінальным. Але ж згадзіцеся: адно такое свята на год — гэта вельмі мала.

— А літаратурная імпрэза «Дрэва паэзіі», прысвечаная Уладзіміру Някляеву, які дзіцячыя гады правёў у Крэве?

— Так, з больш камерных падзей культурнага жыцця ў Крэве можна назваць адкрыццё некалькі гадоў таму тут, на радзіме Уладзіміра Някляева, Дрэва паэзіі, разнастайныя пленэры для мастакоў і фатографаў. На жаль, няма ў Крэве (ды і ў Смаргонскім раёне наогул) таго асяродку (клуба, музея, выдання і т. п.), які збіраў бы вакол сябе краязнаўцаў, гісторыкаў, літаратараў, наогул творчых людзей, дзе нараджаліся б і ажыццяўляліся б ідэі, дзе можна было б вольна абмяркоўваць свае знаходкі, прыцягваць да справы іншых зацікаўленых людзей. Нешта падобнае, нібыта, зараджаецца ў Залессі вакол адноўленай сядзібы Агінскага, але я баюся, што і там усё хутка абрасце казёншчынай і фармалізмам.

— Калі ты ўжо з’явіцца твая кніга пра Крэва?

— Тут існуе некалькі праблем. Дзе-небудзь штосьці надрукаваць наогул няпроста. У той жа раённай газеце матэрыялы могуць праляжаць у стале гадамі, хоць менавіта ёй артыкулы па краязнаўству найбольш падыходзяць. Вось неяк патэлефанавалі з «Гродзенскай праўды», папрасілі дазволу выкарыстаць у сваёй публікацыі адзін з матэрыялаў з майго блогу і пачалі выпытваць пра іншую сенсацыйную інфармацыю, якой я валодаю. «Калі ласка, друкуйце, — кажу. — А наконт матэрыялаў, то магу прапанаваць для газеты свае асабістыя артыкулы». З адказу я зразумеў, што не варта туды і сунуцца.

— Але ж ты шмат друкуешся, я ж чытаю…

— Пішу, і апублікаваць тое-сёе ўдаецца. Мае матэрыялы прымаюць час ад часу «Куфэрак Віленшчыны», «Беларускі гістарычны часопіс», «ARCHE» і іншыя выданні. Рэдактар «Куфэрка» ў Маладзечне Міхась Казлоўскі выдаў некалі і маю кніжку «Пад хвалямі Крэўскага мора». Сам час ад часу займаюся «самвыдатам», больш для сяброў і знаёмых. А выдаць нешта саліднае — не хапае сродкаў, іх недзе трэба знайсці.

Калі выдаеш кнігу падобнага кшталту, ёсць і іншая праблема: кніга ўжо выдадзена, а ты трапляеш на нейкую новую інфармацыю, якая вельмі добра дапоўніла б тое, што ўжо надрукавана. А часам нават знаходзіш нейкае абвяржэнне таму, што пісаў раней. Але ж не будзеш раз за разам кнігу перавыдаваць, каб ліквідаваць тыя хібы. Урэшце я прыйшоў да высновы, што найлепшы спосаб хутка і без затрат данесці інфармацыю да чытача, а потым без цяжкасцей уносіць дапаўненні альбо абвяржэнні, — гэта стварыць свой краязнаўчы блог.

— Што цікавае знойдзена асабіста табой пра Крэва за апошнія, напрыклад, пяць гадоў?

— Для мяне асабіста цікава ўсё, інакш я гэтым не займаўся б. Але ёсць некалькі маіх меркаванняў, знаходак і прац, якія зацікавілі нават вучоных. Навуковец Янка Трацяк з Гродна нават параіў мне напісаць і абараніць навуковую дысертацыю па тэме мясцовай гаворкі. Гісторык Алег Дзярновіч палічыў вартым увагі маё меркаванне аб часе будаўніцтва Крэўскага замка (дагэтуль сярод спецыялістаў пытанне застаецца нявырашаным). Яўген Уласавец і іншыя зацікавіліся маёй версіяй пра першапачатковае размяшчэнне касцёла ў Крэве. Усе падрабязнасці па гэтых пытаннях не цяжка адшукаць у маім блогу.

Можна было б расказаць і пра полтэргейст, які назіраўся ў Крэве ў 1804 годзе, і пра шматлікія скарбы, якія тут былі знойдзены альбо засталіся нераскрытымі, і пра падземны храм часоў Першай сусветнай вайны недзе пад Крэвам. Але нам для гэтага адной гутаркі не хопіць.

— Табе хто-небудзь дапамагаеў пошуках звестак пра Крэва?

— Гісторыяй цікавяцца многія, але гэта, у асноўным, толькі «карыстальнікі». Так што прыходзіцца працаваць у адзіночку. Праўда, часам нейкія ідэі падкідае мой сябра, найлепшы спецыяліст па гісторыі Смаргоншчыны і Ашмяншчыны Уладзімір Прыхач, які жыве ў Смаргоні. Ён жа мне першаму паведамляе пра свае асабістыя знаходкі, звязаныя з Крэвам. Супрацоўніцтва з тым жа настаўнікам гісторыі і цяперашнім загадчыкам школьнага музея ў Крэве заключаецца толькі ў тым, што ён рэгулярна патрабуе ад мяне інфармацыю для шматлікіх, часам непатрэбных, мерапрыемстваў, загад аб правядзенні якіх зыходзіць зверху. Радуе, што адзін з маіх былых вучняў, які пасля вучобы зноў вярнуўся ў роднае мястэчка, зрабіўся заўзятым калекцыянерам, апошнюю капейчыну гатоў патраціць на набыццё на аўкцыёнах рэдкіх рэчаў і дакументаў, звязаных з Крэвам. З ім ёсць пра што пагаварыць, з ім мы абмяркоўваем новыя знаходкі, планавалі нават сумесна арганізаваць у Крэве выставу, прысвечаную Першай сусветнай вайне. Але, сутыкнуўшыся з пэўнымі цяжкасцямі, гэтую ідэю пакуль адклалі. Дзякуй Богу таксама, што ёсць яшчэ ў Крэве сталыя людзі, якія цікавяцца тым, чым я займаюся, дзеляцца ўспамінамі, падштурхоўваюць на новыя пошукі і адкрыцці.