Аўтар першага беларускага гімну нарадзіўся 135 гадоў таму

Напісаны Любамірам Міхалам Рагоўскім гімн на верш Купалы «А хто там ідзе?» быў выдадзены друкам. Брашура на 4 старонкі пабачыла свет у Вільні як выданне «Нашай Нівы» (№ 15) у 1910 годзе.

rahouski_2.jpg

У адным з выпускаў дадаткаў да газеты «Беларускі голас», што выходзіла ў Таронта, былі апублікаваныя надзвычай цікавыя ўрыўкі з успамінаў аўтара першага беларускага нацыянальнага гімну — кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага. Звестак пра гэтага беларускага дзеяча няшмат. Нарадзіўся ён 3 кастрычніка 1881 года ў Любліне. Маці Караліна Касакоўская паходзіла з Віленшчыны і добра грала на фартэпіяна, бацька Дамінік Рагоўскі граў на скрыпцы. У малога Людаміра Міхала была нянька-беларуска, пра якую ён згадваў: «Мая нянька спявала мне калісьці дзівосныя песенькі, паходжанне якіх доўга пазней шукаў па ўсім свеце (…). Былі гэта старыя паганскія песні з беларускіх лясоў».

У 1906 годзе хлопец скончыў Варшаўскую кансерваторыю. Пасля ўдасканальваў сваё майстэрства і адукацыю ў Лейпцыгу, Парыжы, Мюнхене, Вене, Рыме. Беларускія біяграмы сведчаць: «У 1909–1911 працаваў дырыжорам у Вільні, дзе, магчыма, пазнаёміўся з Купалам (у 1909 перад выездам Купалы ў Пецярбург). У Віленскім беларускім музычна-драматычным гуртку кіраваў хорам (1910–1911). Ездзіў па Віленшчыне, збіраў і апрацоўваў мелодыі беларускіх народных песень. Склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хораў», куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі беларускіх песень. Аўтар 7 сімфоній, 6 опер, 2 балетаў, у тым ліку балета «Купала», «Беларускай сюіты» для сімфанічнага аркестра (1910) і харавога твора на верш Купалы «А хто там ідзе?» (1910)».

Сам Рагоўскі пісаў пра сваё знаходжанне ў Вільні нашмат эмацыйней і цікавей. «…Пасьля павароту з Рыму, Райхман запрапанаваў мне дырэгэнтуру опэры, але адначасна я атрымаў запросіны арганізаваць школу арганістых у Вільні, што мяне больш прыцягвала, бо я меў вялікую ахвоту зарганізаваць сымфанічную аркестру. Дзякуючы апецы Я. Монтвіла, школа была добра зарганізаванай, і агульнаадукацыйныя выклады мелі засяг 4-х клясаў гімназыі. Мая жонка шчыра працавала ў гэтай школе, выкладаючы па-польску і па-беларуску (падч. рэдакцыяй «Сыгналаў»). Абыход абавязковай расейскай мовы быў верхам мастацтва палітыкі Мантвіла. (Заўвага рэдакцыі «Сыгналаў»: камп. Рагоўскі прыбыў у Вільню ў 1909 годзе. Да гэтага ж году трэ’ аднесьці арганізаваньне мантвілаўскай школы арганістых і выклады ў беларускай мове)».

На той час Вільня была не вельмі спрыяльным месцам для творчых асобаў, асабліва беларусаў.

Аднак сярод гараджан была і іншая публіка. Што праўда, гэтую публіку даводзілася выхоўваць, ці нават яе ствараць. «У Вільні я зарганізаваў мяшаны Беларускі Хор, для якога згарманізаваў вельмі сьціпла сьцяг народных песьняў. Мы далі канцэрт. У праграме было з тузіну песьняў. Публіка прыйшла скэптычная, бо ўважала беларускую песьню за нешта зьбліжанага да выцьця ваўкоў (мова аб паляках і расейцах. — рэд. «Сыг.»)». Але ўсё змянялася ў часе канцэрту. «У цягу дзьвёх гадзінаў ня пушчалі нас з эстрады. Бясконца мусілі паўторваць гэтую сваю бедную праграму. Беларусы падаравалі мне цэлую калекцыю народных музычных інструмэнтаў, ахіненых краскамі. Было гэта вельмі прыгожа. Пакідаючы Вільню, я падараваў тую калекцыю Беларускаму музэю, як і свае мэблі, выкананыя ў народным стылі», — пісаў Рагоўскі.

img_0358.jpg


У той час кампазітар вельмі цікавіўся беларускай народнай творчасцю: яго не пакідала зацікаўленасць тымі песнямі, якія яму спявала беларуская нянька. Гэтая яго праца была вельмі плённай. І на гэтай глебе ён пасябраваў з «Нашай Нівай», Іванам Луцкевічам і Аляксандрам Уласавым. Не дзіва, бо менавіта яны дапамагалі кампазітару ў ягоных пошуках.

«…У часе амаль трыгадовага побыту (у Вільні. — заўв. «Сыгналаў»), я запрыязніўся з Луцкевічам і Уласавым — правадырамі беларускага руху. Асабліва я любіў Івана Луцкевіча — людзіну ідэі і вялікага сэрца. Яны палегчылі мне экскурсыі па Беларусі. Памешчыцкія двары польскія і беларускія вельмі ахвотна запрашалі да сябе, але я ехаў толькі туды, дзе абяцалі мне справадзіць старых людзей, ад якія я мог бы здабыць нешта з старых, забытых народных мэлёдыяў…

…З выслухваньнем песьняў, якія мне сьпявалі старыя людзі, ішло мне зусім добра. Я запісаў шмат забытых сяньня песьняў і аддаў цэлы гэты зборнік І. Луцкевічу… Найбольш эмоцыі я меў, слухаючы дыхавічнае і мала выразнае падсьпеўваньне аднаго, больш стагадовага старца, які памятаў добра гады прыгону… Пад уплывам гарэлкі і папяросаў, якімі я яго гасьцяваў, стары ажывіўся і раптам пачаў нешта сабе прыпамінаць, якуюсьці вельмі старую песьню. Мучыўся, бядак, моцна… і ані з мейсца! Нарэшце пытаюся, аб чым была тая песьня? Аб Сьветавідзе! Ужо адно тое для мяне было каштоўным, што наагул такая песьня існавала. Аднак усе мае высілкі, каб дзядок яе ўспомніў — былі дарэмныя. А вялікая шкада!»

Мажліва, праз «Нашу Ніву» да Рагоўскага патрапіў верш Купалы «А хто там ідзе?». Сам кампазітар, дарэчы, тады пра сваё знаёмства з аўтарам тэксту не згадвае:

«Спадабаўся мне верш аднаго з беларускіх паэтаў. І я напісаў да яго музыку. Выйшла на ўзор народных песьняў і сталася нацыянальным гымнам. Казалі мне, што пяюць гэты гымн і цяпер. («А хто там ідзе» — словы Янкі Купалы)».

Напісаны Любамірам Міхалам Рагоўскім гімн на верш Купалы «А хто там ідзе?» быў выдадзены друкам. Брашура на 4 старонкі пабачыла свет у Вільні як выданне «Нашай Нівы» (№ 15) у 1910 годзе. На вокладцы яе ўверсе пададзеная назва кірыліцай: «№ 15. Выданьне «Нашае Нівы» №15 / А хто там ідзе? / Словы Янука Купалы / Музыка Л. М. Рогоускаго».

Ад сярэдзіны старонкі той самы тэкст паўтараецца лацінкай. У самым нізе — адрэса друкарні: «Вільня, Дварцовая д. №4. Друкарня Марціна Кухты» і «1910 год». На ўнутраных бачынах брашуры пададзеныя ноты і тэкст верша. Распаўсюджваны такім чынам твор Рагоўскага на словы Купалы даволі доўга выкарыстоўваўся як нацыянальны гімн у беларускім асяроддзі.

У 1910 годзе ў Вільні пачалося цкаванне дзеячаў беларускай культуры і беларускай інтэлігенцыі. Даходзіла нават да анекдатычных рэчаў. «Іван Луцкевіч быў зьбіральнікам (калякцыянэрам). Спэцыяльна вышукваў і зьбіраў рэчы датычныя Беларусі. Усё, што зарабляў, ішло на закуп новых экспанатаў, або на беларускія мэты. Стала быў сочаны расейскай паліцыяй і зжыўся з гэтым, як з нармальнай рэчай. Адначасна ён быў запісаны як калякцыянэр у якімсь таварыстве, дзе старшынёй быў нехта з Вялікіх Княўзёў. Аднаго разу паліцыя зрабіла труску ў рэдакцыі «Нашай Нівы» і знайшла там цэлую скрыню стараветнае зброі. Зрабілася авантура на цэлую Вільню. Івана ня злоўлена. Быў недзе ўкрыты, але калі даведаўся аб здарэньні, паслаў тэлеграму да Вялікага Князя, што ў яго забралі частку калекцыі… Паліцыя зараз жа атрымала наказ зьвярнуць забраную зброю. Пасьля гэтага Луцкевіч бясьпечна хадзіў па Вільні, баяліся яго зачапляць…» — узгадваў Рагоўскі ў сваіх успамінах.

Цкаванне беларускай інтэлігенцыі набірала моц. І больш за ўсё гэта было непрыемна, калі яно пераходзіла на побытавы ўзровень. «…Па-за працай і ходаньнямі стварыць сымфанічную аркестру, вольная артыстычная брацельня згрупавалася ў г. зв. «Бандзе» (Назоў неахвіцыяльнага мастацкага клюбу. — заўвага рэд. «Сыгналаў»), або ў «Здрайцах». На «сабаты» «Банды» заходзіў часам тоўсты і цынічны журналіст Роўба (віленскі паляк беларускага паходжаньня. — заўв. рэд. «Сыгналаў») вытыкаў нам, што мы чужыя асьмельваемся «дзеяць» у ягонай Вільні. Дзякуючы перадусім гэтым ягоным сталым крытыкам, мы з жонкай пакінулі Вільню, якую палюбілі і якая была дасканалай культурнай ростаняй…»

Людамір Міхал Рагоўскі ў 1911 годзе вымушаны быў з’ехаць з Вільні.

Тым не менш, з Купалам кампазітар знаёмы ўсё ж быў. Можа, не вельмі цесна, і, магчыма, гэтае знаёмства адбылося ўжо пасля напісання гімну. Дакладна вядома, што перад ад’ездам Рагоўскага за мяжу Купала падараваў яму зборнік «Гусляр» з надпісам на польскай мове: «Кампазітару п. Л. М. Рагоўскаму ў знак сапраўднага прызнання прац Яго, прысвечаных развіццю беларускага мастацтва ад шчырага сэрцы ахвяруе Янка Купала. Пецярбург, 27/9 ІІІ/IV 1911 г.» Гэтая кніга зараз зберагаецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве.

Пасля ад’езду з Вільні Рагоўскі некаторы час яшчэ вучыўся ў Парыжы, потым працаваў у Варшаве. У часе Першай сусветнай вайны зноў жыў у Францыі, быў добра знаёмы з Ігнаціем Падэрэўскім, Анатолем Франсам, Айседорай Дункан, Полем Кладэлем і іншымі. У 1921 годзе Рагоўскі вярнуўся ў Варшаву, але не быў прыняты мясцовай музычнай грамадой. Ён быў праціўнікам «еўрапеізацыі» польскай музыкі, лічыў, што трэба абапірацца на народныя славянскія матывы. У той жа час з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Паводле розных сведчанняў, урад БССР на хадайніцтвы Язэпа Дылы, памятаючы ўнёсак Рагоўскага ў беларускую культуру, выдзеліў яму матэрыяльную дапамогу на лячэнне.

З 1926 года Рагоўскі жыў у Дуброўніку (Югаславія). Жыў досыць замкнёна. Праўда, у 1935 і 1938 гадах яшчэ выбіраўся ў Варшаву, і нават падчас другога візіту атрымаў узнагароду ад Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы ды невялікую пенсію, але ваенныя падзеі не дазволілі яе атрымоўваць. У выніку мясцовыя ўлады Дуброўніка далі кампазітару бясплатнае жытло ў кляштары Св. Якуба і невялікае ўтрыманне. Тут ён займаўся творчасцю музычнай і публіцыстычнай, а таксама пісаў успаміны.


szylda.jpg


Памёр Людамір Міхал Рагоўскі 14 сакавіка 1954 года. Пахаваны быў за кошт ураду Дуброўніка. «За труной нябошчыка ішлі гушчы народу і дэлегацыі славенскіх (харвацкіх, С. Хмара памыляецца. — Н.Г.) арганізацыяў, кампазытары, артысты, музыкі, каб аддаць апошні паклон таму, хто прысьвяціў творчасьць апошніх сваіх год іхняму народу і культуры».

Тэкст пісаных ім успамінаў пад назвай «Мой кляштар» застаўся неапублікаваным і захоўваецца ў гарадскім архіве Дуброўніка. Тамсама, верагодна, захоўваюцца і кароткія варыянты ўспамінаў. Невядома, якім чынам даведаўся пра тыя тэксты Рагоўскага выдавец таронтаўскага «Беларускага голасу» Сяргей Хмара. Наўрад ці дзеячы былі знаёмыя асабіста. Магчыма, таронтаўскі беларус-журналіст даведаўся пра смерць Рагоўскага і ягоныя ўспаміны ад кагосьці са сваіх югаслаўскіх калегаў па створанай ім жа Асацыяцыі этнічных журналістаў Канады. Аднак якім чынам з сацыялістычнай Югаславіі ўдалося атрымаць тэкст успамінаў для перакладу, застаецца невядомым.