Мікалай Арэхва

Асабіста пазнаёміўся з Мікалаем Сямёнавічам Арэхвам, бліжэй пазнаў гэтага неардынарнага чалавека ў ардынарнай дзяржсістэме я ў 1960-я гады.

77cdfc1e11e36a23bb030892ee00b8cf.jpg

Асабіста пазнаёміўся з Мікалаем Сямёнавічам Арэхвам, бліжэй пазнаў гэтага неардынарнага чалавека ў ардынарнай дзяржсістэме я ў 1960-я гады.
Рыхтавалася да выдання Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Першай, пачатай у 1930-я гады, не наканавана было здзейсніцца з-за татальных рэпрэсій. Цяпер жа, у 1960-я, калі грамадскі гарызонт хоць быў і не вельмі шырокі, але яснейшы, задуманая ў асяроддзі акадэмічных вучоных-беларусазнаўцаў, яна нарэшце рэалізавалася калектывам энцыклапедыстаў пад зверхнасцю паэта-акадэміка Пятруся Броўкі. Рэалізоўваўся праект прэстыжны і перспектыўны для беларусаў. Здзейсніць яго было не так проста. Хоць вучоных ужо нібыта і нарасло, але ціснуў ідэалагічны цяжар мінулага.
У дачыненні ж да праблематыкі, гісторыі колішняй Заходняй Беларусі яшчэ заставалася глумлівая, з дазволу сказаць, канцэпцыя, згодна якой КПЗБ і легальныя дэмакратычныя беларускія арганізацыі ў масе сваёй, радавыя члены іхнія былі добрыя, нармальныя, а вось кіраўніцтва, у тым ліку БСР Грамады, Беларускага пасольскага клуба “Змаганне ды іншых, складалася з ідэйных перараджэнцаў, чытай, “ворагаў народа, вяло не туды. Як вядома, кіраўніцтва Кампартыі Польшчы і аўтаномных у яе складзе кампартый Заходняй Беларусі (КПЗБ) і Заходняй Украіны (КПЗУ) у 1938 годзе прарэджаным рэпрэсіямі Камінтэрнам было прызнана здрадніцкім, заманена ў Маскву і неўзабаве знішчана згодна з тактыкай “приласкать и уничтожить.
У час падрыхтоўкі БелСЭ артыкулаў-персаналій пра асобных грамадска-палітычных дзеячаў, асабліва рэабілітаваных (і такіх было маса), узнікалі засцярогі. Я далучыўся да клопату энцыклапедыстаў, падрыхтаваў некалькі невялікіх матэрыялаў у фармаце энцыклапедычных артыкулаў. У тым ліку артыкульчык пра былога пасла (дэпутата) у польскі сейм ад Заходняй Беларусі, старшыню беларускай пасольскай фракцыі “Змаганне Язэпа Гаўрыліка. У маім жаданні ўключыць у энцыклапедычны рэестр імя Гаўрыліка быў і асабісты, суб’ектыўны матыў. Да абрання дэпутатам у сойм Язэп Гаўрылік, педагог па прафесіі, настаўнічаў у нашай мясцовасці, і мой бацька ўспамінаў час ад часу яго то вершам, вывучаным ад свайго настаўніка, то словамі, якія ён сказаў, калі на вачах вучняў яго аднойчы арыштавала дэфензіва.
У рэдакцыі гісторыі БелСЭ не сказаць, што сумняваліся ў чыстаце рэабілітацыі былога дзеяча (ён прайшоў праз польскую турму, у парадку абмену палітвязнямі трапіў у СССР, праз год працы ў Наркамасветы БССР арыштаваны, у 1937-м расстраляны), але і не мелі пэўнасці, як даваць у энцыклапедыі.
Па рэкамендацыі аднаго з рэдактараў я выправіўся ў Інстытут гісторыі партыі да Мікалая Сямёнавіча Арэхвы як аўтарытэтнага ўдзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, а цяпер яго гісторыка. Цікавасць да Мікалая Сямёнавіча як аўтара ў мяне ўзнікла адразу пасля прачытання яго брашуры, прысвечанай рэвалюцыйнаму руху ў Заходняй Беларусі 1920–1930-х гадоў. У ёй неяк годна і нешматслоўна гаварылася пра складаны лёс Кампартыі Заходняй Беларусі, яе нярэдка ахвярную працу ў абставінах пераследу, падполля, упершыню за многа год з павагай згадваліся некаторыя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
У цэлым жа сціслая публікацыя Арэхвы нанова адкрывала ў савецкай гістарыяграфіі гераічную і драматычную ў адначассі старонку палітычнай гісторыі Заходняй Беларусі. Затым пайшлі кнігі, зборнікі дакументаў і матэрыялаў, мемуарыстыка ўдзельнікаў заходнебеларускага камуністычнага падполля. Калектыў навуковых супрацоўнікаў Гістпарта, аддзел, душой якога быў Мікалай Арэхва, стварыў шырокую базу для навуковага асэнсавання аднаго з найцікавейшых перыядаў у гістарычным лёсе беларусаў.

Арсень Ліс


Падчас майго першага наведвання Гістпарта я атрымаў рэкамендацыйны подпіс Мікалая Сямёнавіча на маім матэрыяле пра Гаўрыліка і першае ўражанне ад асобы Мікалая Сямёнавіча. Стрымана ўважлівы позірк вачэй, яснае шырокачолае аблічча, падцягнуты, не стары на свае гады. Спытаўся, чым займаюся. Выйшлі ў размове неяк на высвятленне маёй малой радзімы.
Найменне роднага мястэчка Мікалая Сямёнавіча можна было нярэдка пачуць у нашых ваколіцах. Яшчэ з пачатку 1920-х гадоў Рак-Міхайлоўскі адкрыў там беларускую семінарыю, і залескія хлопцы з Барунамі, да якіх напрасткі было вёрст дваццаць, звязвалі надзею на асвету, навучанне на роднай мове.
Натуральна, падкупіла мяне і добрая літаратурная беларуская мова Мікалая Сямёнавіча, з элементамі маўлення 1920-х гадоў. На ёй ён гаварыў адразу па маім прадстаўленні. Калі я спытаўся ў суразмоўцы пра крыніцу, абставіны пазнання ім мовы, пачуў, што вывучаў ён яе ў турме, па граматыцы Тарашкевіча. Я ведаў з літаратуры, успамінаў былых палітвязняў польскіх астрогаў пра актыўную палітвучобу, самаадукацыю, арганізаваную турэмнымі камітэтамі, цяпер пачуў яшчэ сведчанне аб вывучэнні там сярод іншых прадметаў беларускай мовы.
Мой эцюдзік пра Язэпа Гаўрыліка, блаславёны Арэхвам, хоць са спазненнем, у дадатак вішнёвай БелСЭ, але патрапіў.
Давялося бачыць Мікалая Сямёнавіча падчас публічнага выступлення. Аддзел культуры Фрунзенскага райкама (знайшліся там інтэлігентныя людзі) адзін час ладзіў культурніцкія імпрэзы. Збіраў навукоўцаў, літаратараў, каб адзначыць нейкую неафіцыйную дату, культурную падзею. На той раз, пра які пойдзе размова, адзначалі 90-я ўгодкі нараджэння беларускага палітыка, асветніка, вучонага Браніслава Тарашкевіча. Была на імпрэзе і старэнькая жонка славутага беларуса. Бедная, колішняя прыгажуня, літаральна прыгнутая гадамі, саромелася сваёй старэчай паставы. Мікалай Сямёнавіч, седзячы побач, быў да яе ўважлівы і пачцівы. Выяўляў унутрана ўласцівую інтэлігентнасць у дачыненні да іншых выступоўцаў. З трыбуны расказаў пра Гданьскую канферэнцыю, на якой быў разам з Тарашкевічам... Гаварыў канкрэтна, коратка, змястоўна.
Успамінаецца яшчэ адзін выпадак маральнай падтрымкі мяне з боку Мікалая Сямёнавіча. Аднаго разу, заглянуўшы да яго на працу, застаў у кабінеце побач з ім ужо досыць вядомага беларускага гісторыка, творча актыўнага і ў меру кан’юнктурнага. Адшукаўшы ў архіве факт аб уваходжанні ў 1920–1923 гадах Тарашкевіча ў масонскую ложу “Праўда, згаданы таварыш пачаў шырока, на некалькі нумароў у “Голасе Радзімы, раскручваць масонскі сюжэт. Між тым з публікацыі не было відаць, што аўтар хоць збольшага разумее кантэкст факту масонства ў маштабе асобы Тарашкевіча, яго ролі ў вызваленчым руху, узбагачэнні беларускай духоўнасці. Захапіўся на той час эфектным эпізодам з драматычнай біяграфіі вядомага дзеяча, не даўшы сабе клопату аналітычна разабрацца ў прычынах і матывах яго ўчынкаў.
Я палічыў для сябе адпаведным момантам, каб паклікаць у арбітры Мікалая Сямёнавіча, і выклаў аўтару сенсацыйнай публікацыі свае простыя прэтэнзіі. Трэба сказаць, што мой эвентуальны апанент не пярэчыў, не супраціўляўся. Тым больш, што маю, можа, занадта горача выказаную прэтэнзію, спакойна, немнагаслоўна і адназначна падтрымаў Мікалай Сямёнавіч.
Аднаго разу, ужо пасля выхаду маёй кніжыцы пра Браніслава Тарашкевіча, Мікалай Сямёнавіч сказаў: “Вам варта схадзіць да Івана Фёдаравіча Сяменікава. Ён бачыў Браніслава Тарашкевіча ў мінскай турме перад самым яго расстрэлам. Напісаць не напішаце (у той час пры рэабілітацыі рэпрэсаваных органамі ўтойвалася сапраўдная прычына смерці), але будзеце ведаць праўду... Вам трэба ведаць праўду... Даў тэлефон Сяменікава, яго адрас. Патэлефанаваўшы загадзя, праз пару дзён я быў у доме, што ў раёне Камароўкі. Дзверы адчыніў мне высокі хударлявы срэбравалосы чалавек. Гэта і быў колішні член ЦК КПЗБ, у мінулым віцебскі рабочы, у свой час пасланы з камсамолу на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Іван Фёдаравіч быў папярэджаны, хто і з чым да яго загляне, і бяседа наша пацякла натуральна, такой, на якую я і спадзяваўся.
Спачатку Іван Фёдаравіч паказаў мне публікацыі, што з’явіліся апошнім часам пра Заходнюю Беларусь, у тым ліку сваю кніжку пра падпольны друк. Галоўнае ж —  распавёў пра перажытае, уласны лёс. Разумна, аб’ектыўна напісанае жыццё гэтага чалавека магло б стаць красамоўным помнікам чалавечай стойкасці і трагізму ідэйнага чалавека ў таталітарным грамадстве, яшчэ адным мільённым дакументам абвінавачання сістэме, яе творцам і функцыянерам. У нас жа нават у паважнай у цэлым 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі знайшлося толькі некалькі радкоў, без указання нават года смерці, публікацыі і пра яго. Проста знішчаны, паўсталы да жыцця цудам і абыякава забыты неардынарны чалавек.
Пры сустрэчы, а была яна напрыканцы 1960 — пачатку 1970-х, Іван Фёдаравіч расказаў, як паўтара гады ў павільёне прыгавораных да смерці чакаў выканання вышэйшай меры пакарання, на якую такія шчодрыя і апатычна цынічныя былі прысуды двоек, троек, асобных нарад. Згадаў эпізод з допытам яго самім шэфам НКВД Берманам, вочную стаўку з былым сакратаром Гродзенскага падпольнага райкама Юзэфовічам, дарэшты зтэрарызаваным фізічна і маральна... Іван Фёдаравіч выстаяў, не падпісаў ілжэпратаколаў, як патрабавала следства, і тым самым выратаваўся ад расстрэльнага лёсу. Тарашкевічу, які пры нечаканай сустрэчы прызнаўся Сяменікаву, што ўжо падпісаў усё, што ад яго вымагалі, бо яму ўсё роўна, Іван Фёдаравіч адно паспеў крыкнуць: “Што вы нарабілі, прафесар?.. Адносна магчымасці сказаць праўду ў друку пра смерць Тарашкевіча ўмудроны жыццём Мікалай Арэхва шчасліва памыліўся.
У прадмове да твораў Браніслава Тарашкевіча, выдадзеных у перадбудовачныя гады, я ўзнавіў сцэну сустрэчы двух рэвалюцыянераў-камуністаў у савецкай мінскай турме, перад самым зыходам аднаго з іх у вечнасць. Але гэту кнігу падараваць Мікалаю Сямёнавічу, як папярэднія, ужо не паспеў.
Перадапошні раз бачыў яго на працы затурбаванага, яўна выведзенага з раўнавагі. Якраз выходзіла, мелася з дня на дзень выйсці ў свет яго кніга “Дела и люди КПЗБ: воспоминания. Тым часам у другой карэктуры было выразана цэнзурай 40 старонак тэксту, і гэту маральную абразу чалавек, вытрыманасць для якога была стылем жыцця, не мог перажыць спакойна.
Я як умеў — рэцэнзія, прызнацца, не мой жанр — адгукнуўся ў перыёдыцы на кнігу ўспамінаў старога байца заходнебеларускага камуністычнага падполля. Пры апошняй сустрэчы на развітанне ён пераказаў мне словы сваёй дачкі, выкладчыцы Мінскага інстытута замежных моваў: “Гэта лепшае, што пра цябе было калі-небудзь сказана. Фактычна ж сказана было вельмі мала ў параўнанні з перажытым і здзейсненым у жыцці гэтым сціплым і годным сынам зямлі беларускай.