Якая вам справа?

Падаецца, што шавінісцкая шыза, якая ўжо год пануе на ўсходзе ад беларускай мяжы, набірае абароты. Масква ўжо двўно ваюе з Украінай, каб зрабіць гэтую самабытную і прыгожую краіну часткаю брыдкапамятнага “рускага міра”, але праз гэтую вайну займела сабе ў ворагі амаль увесь цывілізаваны свет. Што, цяпер чарга за намі?

Не паспеў афіцыйны беларускі кіраўнік на 42-м з’ездзе БРСМ (нашчадка тутэйшага камсамолу часоў БССР) хоць колькі словаў сказаць пра важнасць ведання нацыянальнае мовы і культуры, а новы міністр адукацыі выказацца за выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на мове тытульнае нацыі, як у Расіі пачаўся “скулёж і гвалт”. Усялякія “Рэгнумы” і так званыя аналітыкі, прычым на ўзроўні кіраўнікоў нейкіх там “даследчых інстытутаў”, адразу ж завылі, што кіраўніцтва Беларусі стала на шлях бандэраўцаў і ваяўнічага нацыяналізму.

Пардонце, расійскія спадары-таварышы. Па-першае, якая вам справа да таго, на якой мове выкладаецца той ці іншы прадмет у НЕ ВАШАЙ краіне? Ці ўжо свой прыкры “рускі мір” вы распаўсюдзілі і на незалежную (пакуль яшчэ) Беларусь? Па-другое, якое такое права вы маеце ўвогуле разважаць на тэму выкладання ў беларускіх установах адукацыі?

“Дзякуючы” праводжанай вашым жа кіраўніцтвам апошнімі дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі ў Беларусі моўнай і культурніцкай палітыцы ў нас і так засталося вельмі мала чаго беларускага. Вы нават не навучыліся правільна ўжываць назву маёй краіны — Беларусі, а працягваеце па старой дурной завядзёнцы зваць яе “Белоруссией”.

Вы, ашалелыя ад шавіністычнай атруты, зрабілі так, што насельнікі Расіі пераўтварыліся ў азвярэлы статак, якому ўжо нават не важны ўзровень уласнага жыцця. “Крымнаш!”, “Малороссія”, а потым хоць трава не расці.

Вы сталі ў піку ўсяму цывілізаванаму свету. Вы спрабуеце пашырыць сваю тэрытарыяльную і ідэалагічную прастору за кошт іншых краінаў. У тым ліку і прастору моўную. На тэрыторыі Беларусі, трэба прызнаць, вы ўжо многага дасягнулі.

І вось на тле вашай вайны з непакорнай Украінай у маёй краіне нават самыя злосныя беларусафобы зразумелі, што без нацыянальнай мовы і культуры Беларусь страціць сваю незалежнасць, а яны — уладу. Таму, сцяўшы зубы, самыя высокія чыноўнікі пачалі вельмі асцярожна гаварыць пра адраджэнне (хоць наўпрост гэтае слова яны не ўжываюць) мовы і культуры тытульнае нацыі. Хоць маленькімі крокамі.

Але для вас, адэптаў “рускага міра”, нават такія маленькія крокі, нават самі думкі пра штосьці беларускае выклікаюць поўнае адтаржэнне. Вы даўно прыпісалі Беларусь да сябе, не спытаўшыся ў беларусаў, ці хочуць яны плыць з вамі ў адным сумнеўным чоўне, які нагадвае падбітую пасудзіну і рана ці хутка праз вашу ж палітыку пойдзе на дно. 

Ачомайцеся. І пакіньце нас у спакоі. Не кранайце нашу мову і культуру, не чапайце нашу навуку і адукацыю. Пакуль не позна і пакуль вы не займелі яшчэ аднаго, мякка кажучы, недабразычліўца на сваёй заходняй мяжы. Хоць, магчыма, ужо цяпер і позна.