Смол, Батон і Ума: ім патрэбна сям'я, што прыме і палюбіць такімі, як ёсць

На пачатку чэрвеня дзяўчына ішла па сталічнай вуліцы Калініна па сваіх справах і вырашыла скараціць шлях праз двор. Там і ўбачыла малое кацяня з хворымі вочкамі, якое хутка схавалася ў сутарэнні жылога дому. На зваротным шляху кацянятаў было ўжо трое...

mycollages__26_.jpg

Некалькі дзён дзяўчына спрабавала дастаць небарак з сутарэння: пазнаёмілася амаль з усімі жыхарамі дома, з якімі разам шукала малых, і толькі праз тры дні ўсе чацвёра (а менавіта столькі іх там было) паехалі на ператрымку і пачалі лячыцца. Як жартуе тая самая дзяўчына, «скараціла шлях, так...»
Хвароба пакінула свой адбітак на вачах усіх пухнатых гадаванцаў, але зрок яны маюць усе, толькі рознага ўзроўню. Адзіны з чацвёркі ўжо знайшоў сваю сям'ю, а трое працягваюць пошук.
Знаёмцеся!
Смол. Самы маленькі, але і самы беспраблемны. Актыўны і спрытны, якім і мусіць быць малады кот, але досыць ненавязлівы. Няхай вас не бянтэжыць тое, як выглядае ягонае вока — яно не патрабуе ніякай апрацоўкі ці назіранняў. Пазней можна зрабіць аперацыю па яго раскрыццю, але гэта па жаданні. Мае добры апетыт і непераборлівы ў ежы.


Ума. Натуральная «дзяўчынка-дзяўчынка». Любіць гуляцца, лашчыцца і муркатаць. З задавальненнем будзе гуляцца як з вамі, так і сама з сабой. Любіць залезці куды вышэй і за ўсім назіраць. Вока выдалена, але ёй гэта ніяк не замінае быць звычайнай маладой і актыўнай коткай. Дарэчы, аніводнай мухі ў вашай з Умай кватэры не будзе дакладна!


Батон. Вельмі прыгожы хлопчык, мае выдатны нос і нават мяўкае з грузінскім акцэнтам. Самы лянівы з тройкі — можа і есць і піць, лёжачы побач з міскай, але не супраць часам і паскакаць па хаце як лось. Яго вочкі бачаць не ўсё: святло і цень, вялікія прадметы. Яны патрабуюць невялікага догляду і гігіенічнай апрацоўкі.


Усе трое стэрылізаваны, выдатна ведаюць пра латок і кіпцяточку, апрацаваны ад паразітаў. Не баяцца пыласосу і знойдуць агульную мову з іншымі гадаванцамі. У ежы не пераборлівы, могуць спакусіцца і на ваш тварог, кашу ці бульбу.
Тэлефануйце і прыязджайце знаёміцца!
+375 (29) 526-01-25, Яўгенія.