Біржа Пракапені забараніла расійцам гандляваць акцыямі і крыптавалютамі

Крыптабіржа Currency.com прыпыняе аперацыі для рэзідэнтаў Расіі. Стварэнне новых акаўнтаў для расійцаў было заблакавана яшчэ з пачатку вайны.

bitcoin_kriptovalyutnaya_birzha.jpg


Прыпыненне аперацый будзе паэтапным. На вывад фіятных сродкаў і крыптавалют абмежаванні не паўплываюць — кліентам будзе нададзена неабходная дапамога, вывесці сродкі яны змогуць у любы час.

«Расійскае ўварванне ва Украіну стала для народа Украіны жорсткім і трагічным. Мы катэгарычна асуджаем расійскую агрэсію. Мы падтрымліваем Украіну і ўсіх, хто выступае супраць гэтай жудаснай вайны. На жаль, пры такіх абставінах мы не можам працягваць абслугоўваць нашых расійскіх кліентаў. Мы паклапоцімся пра тое, каб яны атрымалі неабходную падтрымку ад нашых спецыялістаў для вываду актываў і вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць у выніку прыпынення аперацый», — сказаў Віталь Кедык, кіраўнік стратэгіі Currency.com.

Дадзенае рашэнне не закране кліентаў з іншых краін і рэгіёнаў, а таксама не адаб'ецца на глабальных аперацыях і ўстойлівасці працы сістэм крыптабіржы. Кампанія ў звычайным рэжыме працягне абслугоўваць глабальную кліенцкую базу праз сваю міжнародную сетку, якая ўключае офісы ў Лондане, Нью-Ёрку, Гібралтары і Вільні.

З пачатку вайны Currency.com ахвяравала больш за $1 млн на падтрымку гуманітарнага крызісу ва Украіне. $500 тыс былі выдаткаваныя Міністэрству аховы здароўя і Чырвонаму Крыжу Украіны — сродкі пойдуць на медыцынскую дапамогу і прадметы першай неабходнасці бежанцам з гэтай краіны. $200 тыс былі ахвяраваныя ASAP Rescue — украінскай валанцёрскай арганізацыі, якая дапамагае эвакуяваць грамадзян падчас стыхійных бедстваў і сацыяльных беспарадкаў. Яшчэ $300 тыс адпраўленыя Міністэрству сацыяльнай палітыкі і дабрачыннай арганізацыі Global Giving — яны дапамагаюць атрымаць доступ да такіх асноўных патрэб, як ежа, жыллё і медыцынская дапамога.

Currency.com — адна з самых хуткарослых платформаў абмену крыптавалютамі ў Еўропе. У 2021 годзе кампанія паведаміла пра рост сваёй кліенцкай базы на 343%.

Currency.com стала першай рэгуляванай біржай такенізаваных каштоўных папер на тэрыторыі СНД. Па стане на сярэдзіну 2021 года, паводле ацэнак дзелавых СМІ, ацэнка Currency.com дасягае 500 мільёнаў долараў.

Currency.com была створана ў 2017 годзе Віктарам Пракапенем і Саідам Гуцэрыевым — сынам блізкага да Лукашэнкі алігарха Міхаіла Гуцэрыева. У жніўні 2021 года Пракапеня выкупіў у Саіда Гуцэрыева яго долю ў біржы.