Эміграцыя ўнутры краіны

У Беларусі з'явілася свайго роду «новая эміграцыі» Усё часцей людзі — найперш маладыя і актыўныя — імкнуцца будаваць сваё жыццё, ніяк не перасякаючыся з дзяржавай. Настолькі, наколькі гэта магчыма.

ten_econ.jpg


Аўтобус са Слоніма ў Жыровічы ідзе прыкладна 15 хвілінаў. Еду і слухаю дыялог двух спадарожніц за спінай.

— Слухай, ты як падатак за дармаедства плаціць будзеш? У сэнсе, з якіх грошай, калі афіцыйна?

— Ды скажу, што маці падарыла. Не напішу жа, што на рынку гандлюю. А ты?

— Я ўжо месяц як паклала працоўную кніжку ў нашым лясніцтве, муж сястры арганізаваў. Я ў іх быццам прыбіральніца. Прыбіраць там няма чаго, ды й заробак яны сабе пакідаюць. Затое лічуся там, ужо не будуць пытаць, з чаго жыву.


Я назіраю гэты феномен ужо каля дзесяці гадоў. Усё больш беларусаў імкнуцца максімальна не сутыкацца з дзяржавай. Гэта ўжо сапраўдная культура, сапраўдны лад жыцця. Я ведаю цэлыя сем’і, якія жывуць на здымных кватэрах, якія працуюць без афармлення, нярэдка — для заходніх або расійскіх заказчыкаў (часцей за ўсё гэта сустракаецца сярод праграмістаў і дызайнераў), якія нават не зарэгістраваныя ў сваёй паліклініцы (карыстаюцца платнымі клінікамі), адпраўляюць дзяцей вучыцца за мяжу, афармляюць машыны на бацькоў, часам нават не маюць банкаўскіх картак. Гэтыя людзі разлічваюцца паміж сабой толькі доларамі або еўра, яны не галасуюць і не звяртаюцца ў міліцыю, стаўшы ахвярай хуліганства, не плацяць падаткі (у сэнсе, не плацяць падаходны падатак і адлічэнні ў ФСАН, то бок тыя, якія грамадзянін мусіць сплачваць сам. А вось ПДВ, падаткі на дарогі, на зямлю ды іншыя, як і акцызы — іх мы плацім усе). Яны імкнуцца ніякай часткай свайго жыцця не датыкацца дзяржавы і яе структур. Але яны не злачынцы, яны жывуць, як большасць беларусаў. Проста яны маральна эмігравалі з краіны, фізічна застаючыся ў ёй.

 

Паралельная эканоміка і псіхалогія

Калі грамадзяне краіны будуюць між сабой эканамічныя адносіны за межамі афіцыйных, гэта завецца «ценявая эканоміка». Але мне не вельмі падабаецца такі выраз. Яго прыдумалі дзяржчыноўнікі, яно адлюстроўвае іх стыль мыслення. Калі чыноўнікі нешта не бачаць або бачаць дрэнна — значыць, яно знаходзіцца ў «ценю». У выніку ў адным кошыку апынаюцца «дзядзька Вася» («нелегальны прадпрымальнік», бо час ад часу, на просьбу сяброў рамантуе ў сваім гаражы чужыя машыны), «цётка Маша» («кантрабандыстка», бо раз на месяц адвозіць пад спадніцай сваякам у Польшчу пару блокаў цыгарэт), і гандляры гераінам на мінскай вуліцы. З пункта гледжання чыноўніка ўсе яны роўныя, толькі з першымі двума яму змагацца і лягчэй, і бяспечней.

 

Калі з гэтай схемы выключыць згаданых наркагандляроў, можна казаць не пра «ценявую», а пра «паралельную» эканоміку. Яе суб’екты не хаваюцца, не выкарыстоўваюць фальшывыя пашпарты, не жывуць на канспіратыўных кватэрах і не друкуюць фальшывыя долары. Яны ходзяць у тыя ж крамы, носяць тую ж вопратку, што і ўсе, і гэтак жа лаюцца з тэлевізарам. Вось толькі яны шчыра не разумеюць, чаму акрамя сваіх дзяцей павінны яшчэ карміць дзяржаву, прорву службоўцаў і людзей у форме.

zpkaperty.jpg


У снежні 2015-га Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) прадставіў даследаванне «Ценявая эканоміка Беларусі». Яго аб’ектам было грамадскае ўспрыманне ценявой эканомікі і ступень уцягнутасці ў яе грамадзян. Прынцыпова важны момант: У тлумачэнні тэрміна «ценявая эканоміка», даследчыкі наўмысна «адсеклі» крымінальны рынак (гандаль наркотыкамі, адмыванне грошай, гандаль крадзеным і г.д.) і разглядалі яе як рынкавую вытворчасць законных тавараў і паслуг, якія наўмысна хаваюцца ад дзяржавы.

 

Што тычыцца асноўных высноў даследавання, то аб’ём ценявой занятасці (праца без афармлення, заробкі ў капэце) у Беларусі — найвялікшы ў параўнанні з суседнімі краінамі і можа быць ацэнены ў 33% ад ВУП. Сектары, у якіх ценявая дзейнасць найболей распаўсюджаная: будаўніцтва і рамонт, гандаль вопраткай і прадуктамі харчавання, аўтамабільны бізнес, а таксама бізнес, звязаны з продажам электронікі і бытавой тэхнікі. Уцягванне ў ценявую эканоміку беларусы тлумачаць эканамічнымі чыннікамі: кошт тавараў на «шэрым» рынку ніжэй, заробак «у капэрце» дазваляе пазбегнуць падаткаў і, адпаведна, павялічыць прыбытак. А значыць, ён вышэй за афіцыйны.

Занятасць у ценявой эканоміцы больш характэрная для найменш сацыяльна абароненых груп і для маладых людзей.

Важны момант для разумення «ценявой эканомікі па-беларуску»: даследаванне паказала высокі ўзровень успрымання ценявой эканамічнай актыўнасці як нормы. 40% рэспандэнтаў апраўдваюць нелегальную занятасць, а атрыманне зарплаты ў капэрце ўспрымаецца як нармальная з’ява паловай насельніцтва. Пры гэтым ценявая эканоміка шкодзіць дзяржаве, але мае і зваротны эфект — яна стварае эканамічны кошт — лічыць акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік.

Цень — значыць цень

Аднак у дзяржавы іншы погляд на маштабы эканамічнага «ценю». Яшчэ ў 2012 годзе міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян заявіў, што аб’ём ценявой эканомікі ў Беларусі складае 8-10% ВУП. Пры гэтым міністр удакладніў, што ў гэтыя 8-10% уключаныя таксама прыбыткі ад прысядзібных гаспадарак. «Таму, натуральна, тут не трэба казаць, што гэта занадта вялікая сума для нашай краіны. Яна значна менш, калі адкінуць гэтыя прыбыткі», — адзначыў ён.

polujan_nalogi_180212.jpg

 

Я, калі бачу выступы Палуяна, кожны раз думаю, што ён — іншапланецянін, які прыляцеў да нас з візітам добрай волі. Таму што 8-10% «ценявога» ВУП — гэта, мякка кажучы, трохі нерэальна. 33% у версіі BISS выглядаюць куды больш адэкватна.

 

Аднымі таварна-грашовымі адносінамі чалавечае жыццё, вядома, не абмяжоўваецца. «Унутраныя эмігранты» імкнуцца нават псіхалагічна абстрагавацца ад беларускай рэчаіснасці. Моладзь можа з галавой сысці ў нейкую субкультуру, людзі трохі старэй дзякуючы інтэрнэту жывуць жыццём Масквы, Берліна або Нью-Ёрка — каму што маральна бліжэй. Я бачыў, якой нечаканасцю для іх стала дэнамінацыя, — многія настолькі адарваліся ад беларускай медыяпрасторы, што нават не ведалі пра пераход на новыя грошы.


Паралельная Беларусь

У маім доме здымае кватэру малады хлопец-кампутаршчык. Для ўсяго квартала збірае і рамантуе кампутары, наладжвае праграмы, падключае да інтэрнэту, кансультуе. Усё — за вельмі сціплыя грошы. Ніякай рэкламы — хапае «сарафаннага радыё». Афіцыйна нідзе не працуе — і атрымлівае больш, чым на любой працы. Ён не плаціць падаткаў, а калі яго спрабавалі забраць у войска, ён проста ўставіў у вочка дзвярэй вэб-камеру, каб бачыць, хто да яго ідзе, не падыходзячы да дзвярэй самому.

Гэта — Паралельная Беларусь.

Па ацэнках МУС, не меней за 20 тысяч жыхароў Гарадзенскай вобласці працаздольнага веку афіцыйна нідзе не працуюць, але пры гэтым ездзяць на дарагіх машынах, будуюць дарагія катэджы або валодаюць некалькімі кватэрамі. На думку праваахоўнікаў, гэтыя людзі зарабляюць на нелегальным трансмежным гандлі. Хоць самі гарадзенцы кажуць, што «з мяжы» корміцца як мінімум на парадак больш людзей, проста далёка не ўсе маюць сапраўды вялікія прыбыткі.

Дайшло да таго, што гады два таму пракуратура Гарадзенскай вобласці прапанавала адмовіць тым, хто ездзіць у суседнія Польшчу і Літву гандляваць саляркай і цыгарэтамі, у бясплатнай медыцыне і танных дзіцячых садках.

І гэта — Паралельная Беларусь.

Сям'я маіх знаёмых з прадуктаў купляе ў краме хіба што хлеб і соль. Мяса і каўбасы яны купляюць наўпрост у знаёмага фермера. За мёдам ездзяць да далёкага сваяка, які трымае пчальнік. Сыр, тварог — у працаўніцы аднаго з малаказаводаў. Кураціну і яйкі вязуць ад вясковых знаёмых. Цукеркі дзецям прывозяць з Украіны, адзежу сабе і дзецям — з Польшчы. Гародніну і зеляніну бяруць у бабуль, што гандлююць ля выхаду з метро. Зразумела, што ўсе іх грашовыя разлікі вядуцца, абыходзячы непатрэбныя фармальнасці накшталт кас, банкаў і падатковай інспекцыі і «абмінаюць» ПДВ.

Гэта — Паралельная Беларусь.


img_2015_05_201970104904.jpg

У красавіку мне ўпершыню давялося наведаць у вёсцы сваякоў, далёка ад Мінска. Пры заробку ў $150 вясковая хата — поўная чара, ёсць і плазменны тэлевізар, і лядоўня Bosh. Гаманкая гаспадыня распавядае:
«Ну, гадую 18 кабанчыкаў. Дачка ў Мінску вучыцца. Гэта шэсць кабанчыкаў: чатыры на вучобу, два — на жыццё. Сын з сяброўкай ажаніліся, хату будуюць. Яшчэ пяць кабанчыкаў ім на будоўлю. Астатняе сабе — жыць жа трэба». На лагічнае пытанне: «А чым вы гэтую чараду кабаноў корміце?», адказ гаспадыні быў няхітры. «Ну я ж на ферме працую. У дзень два мяшка камбікорму прыцягваю. Плюс гарод — буракі, бацвінне, морква розная. Плюс тое, што з кухні застаецца. Хапае…».

Гэта — Паралельная Беларусь.

Вось толькі пытанне: ці жадаем мы ўсё сваё жыццё пражыць у такой — паралельнай — дзяржаве?