«Яндэкс» пазбавіўся важных тэхналогій — запасаў хопіць на год-паўтара

Праз санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць Расіі за ўварванне ва Украіну, «Яндэкс» чакае дэфіцыт важных кампанентаў, піша Bloomberg.

63c4d3943a680da0f93033c7f023352a.webp

Праз санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць Расіі за ўварванне ва Украіну, «Яндэкс» чакае дэфіцыт важных кампанентаў, піша Bloomberg.

Так, паўправаднікоў для сервераў, якія забяспечваюць працу сэрвісаў кампаніі, хопіць на 12–18 месяцаў. Крыніцы выдання кажуць, што абмежаванні на пастаўкі ў краіну тэхналогій падвойнага прызначэння асабліва моцна ўдарылі па яе беспілотным падраздзяленні. У «Яндэксе» адмовіліся ад каментароў.

Справы кампаніі, якая з аднаго боку пакутуе ад ціску Крамля, а з другога — спрабуе мінімізаваць наступствы заходніх санкцый, пагоршыліся пасля пачатку вайны ва Украіне. Здзелкі з замежнымі партнёрамі зрываюцца, два чалавекі пакінулі савет дырэктараў, а адна з ключавых фігур «Яндэкса» — Тыгран Худавердзян — быў вымушаны пакінуць свае пасады ў сувязі з санкцыямі ЕС. Рынкавая капіталізацыя кампаніі абрынулася з $31 млрд. на піку ў мінулым лістападзе да $6,8 млрд.

Недахоп сервераў можа закрануць самыя розныя напрамкі працы кампаніі — ад воблачнага сэрвісу і пашукавіка да музычнага стрымінгу і маркетплейса. Але ўсе гэтыя падраздзяленні могуць умацаваць свае пазіцыі на ўнутраным рынку на фоне эканамічнага спаду — паводле ацэнак Bloomberg, падзенне ВУП Расіі сёлета складзе 9%.

Цяпер «Яндэкс» спрабуе рэфармаваць структуру, каб знізіць уплыў санкцый на сваіх супрацоўнікаў. Таксама кампанія вядзе перамовы аб продажы навінавага агрэгатара і блог-платформы «Дзэн» — найбольш верагодным пакупніком лічыцца холдынг VK. Як варыянт, «Яндэкс» можа вылучыць у асобную кампанію беспілотны бізнэс (ён ахоплівае таксі і робатаў-кур'ераў), які ў сакавіку згарнуў працу ў ЗША.

Паводле devby.io