Міністарка эканомікі Літвы заклікала літоўскі бізнес сыходзіць з Беларусі

Міністарка эканомікі і інвестыцый Літвы Аўшрыне Арманайце заклікала літоўскі бізнес сыходзіць з Беларусі і Расіі.

ausrine_armonaite_89434059.jpg


«Я разумею, што гэта рашэнне і адказнасць самога бізнесу, але мы павінны ўсвядоміць: працуючы ў Расіі ці Беларусі, бізнес наўпрост ці ўскосна фінансуе агрэсіўную палітыку і забойства людзей ва Украіне», — заявіла яна.

Літоўская міністарка абяцае бізнесменам падтрымку ў пошуку новых рынкаў, кліентаў, партнёраў «ва ўсім свеце». «Давайце зробім усё, каб не было фінансавання вайны і агрэсіі», — дадала Арманайце. Яна папярэдзіла літоўскія кампаніі, што праца ў цяперашніх РБ і РФ — гэта рэпутацыйныя рызыкі, а ў будучыні — сур'ёзныя фінансавыя страты, піша Еўрарадыё.

Такі крок літоўскага бізнесу дапамог бы Мінску і Маскве «адчуць вынік сваіх варожых дзеянняў», падкрэслівае міністарка.

Літоўская група SBA, напрыклад, ужо прыняла рашэнне спыніць сваё беларускае прадпрыемства ў Магілёве. Звязана гэта з прыпыненнем дзейнасці IKEA ў Беларусі і Расіі.