Стаўкі па рублёвых дэпазітах насельніцтва дасягнулі ў банках 50% гадавых
Беларускія банкі працягваюць павялічваць прыбытковасць па рублёвых дэпазітах насельніцтва, працэнтныя стаўкі ў асобных камерцыйных банках дасягнулі 50% гадавых.
Пра павышэнне працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах насельніцтва ў канцы мінулага тыдня абвясцілі дзяржаўныя банкі, якія выступаюць найбуйнейшымі трымальнікамі сродкаў
насельніцтва.
Так, «Беларусбанк» прыняў рашэнне аб павышэнні 27 верасня працэнтнай стаўкі па
ўкладзе «Гарантаваны даход» з 40% да 45% гадавых. «Белаграпрамбанк» павялічыў стаўку па дэпазітах насельніцтва з 43% да 45% гадавых (па
ўкладзе «Старт»).
У сваю чаргу, у рознічных банках стаўкі па рублёвых дэпазітах насельніцтва дасягнулі чарговага максімуму. Так, «Дэльта Банк» па ўкладзе «Летні экспрэс» устанавіў працэнтную стаўку на ўзроўні 50%. Мінімальная сума дэпазіту па гэтым узносе
складае 100 млн. рублёў.
«Ідэя Банк» для сваіх пастаянных кліентаў прапанаваў новы дэпазітны прадукт («Шчодры ўраджай 2»), працэнтная стаўка па якім таксама складае 50% гадавых.
Як паведамлялася раней, па дадзеных на 1 верасня тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце складалі 22 трлн. 657 млрд. рублёў і павялічыліся за жнівень на 1 трлн. 355,4 млрд.
рублёў. Рост рублёвых укладаў адбыўся пасля ліпеньскага павышэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.
Нагадаем, што пасля росту ў студзені—траўні рублёвых укладаў насельніцтва ў чэрвені гэты працэс спыніўся, а ў першай дэкаде ліпеня на фоне росту курсу долара назіраўся адток сродкаў
насельніцтва ў нацыянальнай валюце з банкаў.
Рэагуючы на гэта, камерцыйныя банкі ў другой дэкадзе ліпеня масава павялічылі працэнтныя стаўкі па ўкладах, пасля чаго ў трэцяй дэкадзе ліпеня рост рублёвых дэпазітаў аднавіўся.
На працягу жніўня камерцыйныя банкі захоўвалі максімальныя стаўкі па рублёвых укладах на ўзроўні 35% гадавых. Аднак у верасні на фоне дэфіцыту рублёвай ліквіднасці банкі зноў прынялі рашэнне аб
павышэнні працэнтных ставак.
«Высокія стаўкі на міжбанку — вынік дзеянняў Нацбанка, які, спрабуючы
абараніць курс нацвалюты ад абясцэнення, абмяжоўвае ўзровень рублёвай ліквіднасці»,
— лічыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
belapan.by