Сыны Алексіна, «Нафтан», «Белкалій», Азаронак: хто будзе ў шостым пакеце еўрапейскіх санкцый?

Мяркуецца, што да канца тыдня ЕС апублікуе шосты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, які стаў саўдзельнікам вайны ва Украіне на баку агрэсара. «Экстрэмісцкай» у Беларусі найстарэйшай газеце з карцінкамі сталі вядомыя некаторыя фігуранты гэтага спісу.

Аляксей Алексін

Аляксей Алексін


У ім ёсць як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Вялікі ўдар наносіцца па тытунёвай, калійнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці.

Так, у спісе будзе фабрыка «Інтэр-Табака», якая знаходзіцца ў мінскіх Шабанах і належыць лукашэнкаўскаму дзялку Алексіну.

Таксама пад санкцыямі акажацца гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».

Санкцыі за вайну ва Украіне накладуць на «Нафтан», Беларускую калійную кампанію і «Белкалій». Яшчэ некалькі прыдпрыемстваў пакуль невядомыя.

«Некаторыя з гэтых кампаній і раней фігуравалі ў санкцыйных спісах, але былі нюансы: пад санкцыямі былі іх тавары. А цяпер у спіс трапяць самі кампаніі, што зніжае імавернасць абыходу і ўхілення ад санкцый: напрыклад, “Нафтан” не зможа прадаваць нафтапрадукты, нават калі перакадзіруе іх у растваральнікі. Актывы будуць замарожаныя, нельга будзе больш весці тыя тыпы бізнэсу, якія не былі замарожаныя», — кажа акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

З фізічных асобаў у спіс трапяць двое сыноў Алексіна, на якіх мультымільянер імкнецца перапісаць частку актываў.

Як вядома, у спісе будзе толькі адзін з братоў Карычаў, якія на льготных умовах забудоўваюць Мінск.

Будзе ў пераліку і кіраўнік «Беларуськалія» Іван Галаваты, а таксама тэлепрапагандысты, якія распальваюць варожасць, — Тур, Гладкая і Азаронак.