Украіна запускае інфармкампанію па байкоту тавараў з РФ і Беларусі

Украінскія дзяржаўныя ведамствы запусцілі інфармацыйную кампанію DO NOT sponsor murder па байкоце расійскіх і беларускіх тавараў і кампаній за мяжой.

boykot_rossiyskomu.jpg


«Сёння Расія — гэта сінонім слова "забойца". Больш за 140 дзяцей і тысячы мірных украінцаў былі забітыя расійскімі вайскоўцамі цягам першага месяца вайны. Колькасць новых ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва працягвае расці з кожным чарговым днём ваенных злачынстваў Расіі супраць народа Украіны», — гаворыцца ў заяве Мінлічбы Украіны, перадае АФН.

Беларусь таксама зарэкамендавала сябе «пасіўным суарганізатарам» вайны супраць Украіны, бо наступы расійскіх войскаў на Украіну рэгулярна ажыццяўляюцца з тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з 24 лютага 2022 года.

«Цяпер мець якія-небудзь бізнес-сувязі з Расіяй і Беларуссю — гэта велізарны ўдар па рэпутацыі кампаній і фактычная маўклівая падтрымка палітыкі краін-агрэсараў супраць Украіны» — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Галоўная ідэя праекта складаецца ў данясенні да замежнага бізнесу важнасці байкатавання расійскіх і беларускіх тавараў і паслуг; садзейнічанні хуткаму і маштабнаму падзенню эканомікі краін-агрэсараў; замене расійскіх і беларускіх тавараў і паслуг на тавары і паслугі краін, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне, або ў знак падтрымкі эканомікі Украіны — на ўкраінскія.