Усё пад кантролем

«Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі складаная, але ўсё пад кантролем», — заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на прэс-канферэнцыі, падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за першы квартал бягучага года.

Крызіс кампенсуем будаўніцтвам



d86ea612dec96096c5e0fcc8dd42ab6d.jpg

«Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі складаная, але ўсё пад кантролем», — заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на прэс-канферэнцыі, падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за першы квартал бягучага года.
Крызіс кампенсуем будаўніцтвам
Мікалай Зайчанка адзначыў, што тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту ў першым квартале гэтага года склалі 101,1 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2008 года, пры прагнозе на год 110–112 працэнтаў. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе захоўваецца станоўчая дынаміка гэтага паказчыка. Паводле яго слоў, найбольш ад эканамічнага крызісу пацярпела прамысловасць. Спад назіраецца ў аўтамабілебудаванні, вытворчасці трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі — каля 30 працэнтаў. Звязана гэта найперш з тым фактарам, што галіна на 70 працэнтаў арыентавана на экспарт. У студзені — сакавіку індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі склаў 95,5 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Чыноўнікі прагназуюць, што па выніках паўгода гэты паказчык будзе на ўзроўні 97 працэнтаў. Эканамічны крызіс пачаў аказваць уплыў на прамысловасць краіны яшчэ з восені 2008 года. Тады праявілася тэндэнцыя зніжэння індэкса прамысловай вытворчасці да ўзроўню кожнага папярэдняга месяца. У выніку вытворчасць прамысловай прадукцыі ў снежні да ўзроўню жніўня 2008 года склала 78,2 працэнта. Найлепш пачуваюцца паліўная, нафтахімічная і металургічная галіны прамысловасці, у якіх адзначаецца станоўчая дынаміка вытворчасці.
У Міністэрстве эканомікі адзначаюць, што станоўчага паказчыку ВУП ўдалося дасягнуць за кошт кампенсуючых галінаў: будаўніцтва і будаўніча-мантажных работ, харчовай прамысловасці і гандлю. За першы квартал было ўведзена ў эксплуатацыю 1327,4 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, што складае 22 працэнта ад гадавога плану. Да канца верасня мяркуецца здаць у эксплуатацыю 5 тысяч квадратных метраў жылля. Аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі па выніках першага квартала павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам на 6,3 працэнта. На пытанне журналістаў, як атрымалася вывесці на дадатны ўзровень паказчыкі працы харчовай галіны ў міжсезонны час, Мікалай Зайчанка патлумачыў, што, у прыватнасці, павялічылася вытворчасць малака і малочнай прадукцыі.
Вытворчасць спажывецкіх тавараў у першым квартале 2009 года склала 100,5 працэнта да ўзроўню студзеня — сакавіка 2008 года (прагноз на год 112–113 працэнтаў).
«Сёння мы не маем на мэце дасягнуць нейкага ўзроўню ў працы эканомікі, але імкнёмся захаваць станоўчую дынаміку з захаваннем нарматыўных запасаў гатовай прадукцыі на складах», — падкрэсліў міністр эканомікі.
Што тычыцца інвестыцый у асноўны капітал, то ў першым квартале гэтага года іх аб’ём узрос на 20 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па выніках шасці месяцаў плануецца выйсці на паказчык у 15–20 працэнтаў прыросту.
З мінусу атрымліваем плюс
У знешнеэканамічнай дзейнасці па-ранейшаму назіраецца спад. Аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі, разлічаны па метадалогіі плацежнага балансу, за студзень — люты склаў 7 мільярдаў долараў ЗША. У тым ліку экспарт — 3,1 мільярды долараў, імпарт — 3,9 мільярда долараў. У параўнанні са студзенем — лютым 2008 года аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 61,7 працэнта пры прагнозе на год 116,2–117,7 працэнта, экспарт — 55 працэнтаў (прагноз — 117–118,5 працэнта), імпарт — 68,2 працэнта (прагноз — 115,5–117 працэнтаў). За першыя два месяцы бягучага года па метадалогіі плацежнага балансу склалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі — 815 мільёнаў долараў (па прагнозу на 2009 год велічыня адмоўнага сальда мусіць быць 1470–1500 мільёнаў долараў).
Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка адзначыў спад рэнтабельнасці вытворчасці. У цэлым па краіне за першыя два месяцы рэнтабельнасць склала 7,7 працэнта супраць 14,2 за аналагічны перыяд 2008 года.
У справаздачы Мінэканомікі адзначаецца, што ў рэспубліцы «мае месца няпоўная занятасць, абумоўленая вымушаным пераходам асобных вытворчасцяў на скарочаны графік працы». Але «сітуацыя на рынку працы застаецца кантралюемай і кіруемай, а рэжым вымушанай няпоўнай занятасці выкарыстоўваецца як антыкрызісная мера і праяўленне сацыяльнай адказнасці з боку наймальнікаў у адносінах да работнікаў». На фоне гэтых працэсаў у міністэрстве канстатуюць рост рэальнай заработнай платы ў студзені — сакавіку на 3,6 працэнта.
Мікалай Зайчанка паведаміў, што не з’яўляецца прыхільнікам рэзкай дэвальвацыі і цяпер «не бачыць падстаў для разавай дэвальвацыі беларускага рубля». Паводле папярэдніх прагнозаў, інфляцыя ў красавіку бягучага года не перавысіць 0,6 працэнта, а па выніках чатырох месяцаў складзе 6,7 працэнта (аналагічны перыяд 2008 года — 5,3 працэнта). «Мы стартавалі з вельмі высокай інфляцыяй, што было наканавана студзеньскай дэвальвацыяй і ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі», — адзначыў міністр эканомікі. Па выніках паўгоддзя інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 8 працэнтаў. Прагноз на 2009 год пакуль не карэкціруецца і застаецца ў межах 11 працэнтаў. «На другое паўгоддзе застаецца 3 працэнта інфляцыі. Гэта вельмі аптымістычна, складана, але рэальна», — лічыць міністр.
Рыхтуюцца палёгкі
Сярод мераў, якія дазволяць лібералізаваць умовы працы беларускіх прадпрыемстваў, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур назваў плануемую адмену ліцэнзавання 14 відаў дзейнасці. Адпаведны праект указу знаходзіцца ў фінальнай стадыі распрацоўкі. Змены закрануць найперш сферу паслуг: турызм, рознічны гандаль, адукацыю, транспарт, страхавыя, натарыяльныя і рыэлтарскія паслугі. Па падліках Мінэканомікі, выключэнне нават аднаго віду ліцэнзавання рознічнага гандлю дазволіць скараціць колькасць ліцэнзій больш чым на 40 працэнтаў.
Вядзецца праца па скарачэнню колькасці адміністрацыйных працэдур. Напрыклад, органы санітарнага кантролю скарацілі іх амаль на 60 працэнтаў, Міністэрства аховы здароўя — на 30 працэнтаў. Паводле Андрэя Тура, цяпер распрацоўваюцца праекты ўказаў па арэндзе, кантрольнай дзейнасці, разглядаецца магчымасць унясення змяненняў у Адміністрацыйны кодэкс Беларусі.
У Міністэрстве эканомікі адзначаюць і попыт на спрошчаную сістэму падаткаабкладання. На 1 студзеня 2009 года па спрошчанай схеме падаткі сплачвалі 35 тысяч прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, цяпер гэтай палёгкай карыстаюцца 65,6 суб’ектаў гаспадарання.
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Будзем працаваць на склад
Мы звярнуліся па каментар аптымістычных прагнозаў міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі да вядомых у краіне эканамістаў Станіслава Багданкевіча і Леаніда Злотнікава.
Былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч сцвярджае, што запланаваны ўрадам рост сацыяльна-эканамічных паказчыкаў абсурдны. «Я думаю, што дасягнуць зададзеных лічбаў можна, калі працаваць на склад. Сёння запасы гатовай прадукцыі аграмадныя, але калі лічыць вытворчасць па канечных спажыўцах, то ў нас будзе мінус. Калі паставіць мэту, гнаць вал дзеля паказчыкаў, то можна мець любы вынік. Але гэта злачынства пераводзіць сыравіну ў неліквідны прадукт», — адзначае эксперт. Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ўжо цяпер ёсць падставы для дэвальвацыі рубля. Найперш — гэта дэфіцыт гандлёвага балансу. «Але калі Беларусь скарыстаецца міжнароднымі крэдытамі, то да першага ліпеня застанецца нейкі запас трываласці і дэвальвацыі можна пазбегнуць», — гаворыць экс-старшыня Нацбанку.
Што тычыцца даволі невысокага ўзроўню інфляцыі, які хоча бачыць урад напрыканцы года, то для Багданкевіча рэсурсы, за кошт якіх мяркуецца выйсці на запаветныя 11 працэнтаў, ёсць таямніцай. «Я не бачу, за кошт чаго можна выйсці на такі адносна нізкі ўзровень інфляцыі. У нас уведзены высокія мытныя зборы на шэраг тавараў, гэта найперш паўплывае на рост цэн, — адзначае эксперт. — Думаю, што запланаваны паказчык трэба павялічыць у два разы. У нас часам штучна стрымліваюцца цэны, і рабіць доўгатэрміновыя прагнозы мне цяжка. Можна адміністратыўна трымаць цэны, але рана ці позна інфляцыя выявіцца. У кароткатэрміновым перыядзе адміністратыўныя меры даюць вынік, але не на працягу доўгага часу».
Эканаміст Леанід Злотнікаў не згодны з меркаваннем міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі наконт таго, што «ўсё пад кантролем». «Цяпер Беларусі патрэбныя знешнія пазыкі, каб падтрымаць эканоміку, але яны непадкантрольныя беларускаму ўраду. Калі пазыкаў не будзе, ці будуць у меншым памеры, наўрад ці атрымаецца выйсці на запланаваныя лічбы развіцця. Пакуль невядома, ці атрымаем пазыку ад Расіі, другі транш ад МВФ. Знешнія фактары вельмі ўплываюць на стан спраў у Беларусі», — адзначае эканаміст.
Таксама ён звяртае ўвагу на той факт, што з 2006 года Беларусь актыўна брала кароткатэрміновыя замежныя пазыкі. «Летась мы вярнулі толькі 950 мільёнаў долараў працэнтаў па прамых замежных інвестыцыях, — тлумачыць эксперт. — Сёлета, паводле маіх ацэнак, мы мусім затраціць каля дзесяці мільярдаў на выплату асноўных пазыкаў і перакрыццё адмоўнага сальда гандлёвага балансу».
Што тычыцца адносна пазітыўнай статыстыкі па шэрагу пунктаў, то Леанід Злотнікаў дапускае наяўнасць прыпісак. «Я ведаю пра факты, калі кіраўнікоў прадпрыемстваў запрашаюць у мясцовыя органы ўлады, просяць іх не паказваць страты і ўносіць у справаздачы хоць невялікія прыбыткі. Такім чынам вертыкаль аказвае своеасаблівы ціск на гаспадарнікаў».