Заробкі будуць падаць
Беларускі ўрад імкліва пераглядае прагнозы на наступны год. Плануецца не толькі скарачэнне ВУП і павелічэнне інфляцыі, але і скарачэнне росту заробкаў — амаль катастрафічнае.
Варта нагадаць, што ў 2012 годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы (за вылікам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваных на індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) выраслі на 21,5%. Па
выніках 2013 года, паводле ацэнак уладаў, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва вырастуць на 17,6%. У будучым годзе першапачаткова і так было запланаванае скарачэнне росту даходаў да 6%.
Згодна з новым прагнозам, і гэтая лічба «парэзаная» ўдвая — рост даходаў складзе 3%.
Незадоўга да гэтага прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду рэкамендавалі беларускім уладам знізіць тэмпы росту заробкаў. «Пагаршэнне плацежнага балансу выклікана ў тым ліку больш
хуткім ростам заробкаў і павелічэннем мэтавага крэдытавання. Таму, каб вырашыць узніклую праблему, неабходна прымяняць комплексны падыход, які павінен нацэльвацца на жорсткае кіраванне ўнутраным
попытам», — заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі 28 кастрычніка.
Кіраўнік місіі фонду падкрэсліў, што адной з неабходных мер з’яўляецца абмежаванне даходаў насельніцтва. «У прыватнасці, на нашу думку, неабходна рэзка скараціць рост
заработнай платы і мэтавага крэдытавання — двух галоўных фактараў пагаршэння дысбалансаў. Акрамя таго, неабходны дадатковыя меры па карэкціроўцы пагаршэння сальда дзяржаўнага
бюджэту», — рэзюмаваў Дэвід Хофман.
Тое ж самае разумее і Аляксандр Лукашэнка. На фоне папярэджання эканамістаў, што заробкі растуць, апераджаючы вытворчасць працы, ён нават задумаўся пра тое, каб у беларусаў больш не
з’яўлялася «лішняга рубля, з якім бягуць у абменнікі». Але ці будзе рэальна выкананы план урада?
Эканаміст і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін сумняваецца, што такія прагнозы будуць выкананыя. З аднаго боку, як эканаміста, такая
сітуацыя яго б задаволіла. «Калі будзе рост ВУП вышэйшы, чым у 3%, абмежаванне па росце заробку, я б толькі вітаў. Гэта значыла б, што на свой заробак, нават
«скарочаны», беларусы маглі б набыць больш тавараў і больш паслугаў», — кажа Марголін.
Але наўрад ці гэтая прапанова ўрада ў сённяшняй сітуацыі здолее ажыццявіцца. «На такое абмежаванне вельмі цісне сітуацыя на беларускім рынку працы. У той час, калі мільён беларусаў
з’ехалі працаваць за мяжу, такі ад’езд вельмі цісне на працадаўцаў. Яны проста вымушаныя падымаць заробак, каб людзі ад іх не збягалі, напрыклад, на расійскія будоўлі. Знізіць
заробак у такіх умовах вельмі цяжка, інакш прадпрыемствы проста застануцца без працоўнай сілы», — лічыць Марголін.
А як палітык, ён не верыць у зніжэнне заробкаў, бо 2014-ы год будзе годам перадвыбарчым. «Гэта яшчэ адзін фактар «супраць» скарачэння заробку. Істотна скараціць
заробак перад выбарамі наўрад ці хто дазволіць», — адзначае Марголін.
Адзінае, што на 3% можа павышацца рэальны даход, а не налічаны заробак. «У будучым годзе, калі не здарыцца рэзкага абвалу беларускага рубля, то будуць працягвацца гульні з курсам
валют і плаўнае паслабленне нацыянальнай валюты. Тады, можа быць, заробак і будзе расці ў намінальнай вартасці, аднак беларускія грошы будуць таннець у параўнанні з доларам і еўра. То бок, пры росце
заробку ў лічбах беларускага рубля ён будзе зніжацца ў доларавым эквіваленце. Фармальна заробак падрасце, а рэальна знізіцца», — прагназуе Марголін.
Сапраўды, павышэнне заробку на 3% пры плануемай інфляцыі амаль у пяць разоў большай (14,5%) робіць гэткае павышэнне не павышэннем, а зніжэннем заробку. І наўрад ці нехта пойдзе на гэта ў выбарчы
год.