Андрэй Ягораў: "Дыялог аб мадэрнізацыі" як працэс можа перарасці ў перамоўную пляцоўку


Ужо больш як паўгода дзейнічае ініцыятыва Еўрасаюза "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". Палітолаг Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі (Мінск), з'яўляецца каардынатарам адной з рабочых груп экспертаў у межах мадэрнізацыйнага дыялогу. У інтэрв'ю БелаПАН ён расказаў, як прасоўваецца праца экспертаў, ці магчыма супрацоўніцтва з уладамі і каго яшчэ неабходна прыцягнуць да дыялогу.
 



images1.jpg


— Чым ужо могуць пахваліцца групы, якія ёсць напрацоўкі?

— Напэўна, спачатку трэба коратка расказаць пра структуру "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі". Гэта ініцыятыва прадугледжвае ўдзел некалькіх бакоў.

Еўропа прадстаўлена Еўракамісіяй і Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў, а таксама прадстаўніцтвам Еўракамісіі ў Мінску. Плюс краіны Еўрасаюза, у якіх праводзяцца нейкія тэматычныя семінары па пытаннях мадэрнізацыі. З беларускага боку ў мадэрнізацыйным дыялогу ўдзельнічаюць грамадзянская супольнасць, палітычная апазіцыя.

І патэнцыяльна, вядома, у гэтай структуры могуць быць беларускія ўлады. Ім неаднаразова паступалі прапановы далучыцца да дыялогу хаця б на экспертным узроўні, але пакуль дзяржава ўстрымліваецца.

Цяпер у структуры дыялогу ў Беларусі працуюць тры экспертныя групы — па пытаннях палітычнай мадэрнізацыі, па пытаннях рэформ юрыдычнай сістэмы і па пытаннях сацыяльна-эканамічных рэформ.

Пакуль гэтыя групы спрабавалі вызначыць прыярытэтныя сферы рэфармавання і вылучылі шэраг крытэрыяў, па якіх можна падыходзіць да вызначэння гэтых ключавых для Беларусі рэформ. Крытэрыі, на якія першым чынам звярталі ўвагу эксперты, — гэта важнасць і крытычная неабходнасць для краіны, зацікаўленасць беларускіх улад у рэфармаванні пэўных сфер.

Без дзяржавы немагчыма рэалізоўваць шэраг рэформ. Важна гэта разумець. Акрамя таго, паколькі мы не хочам быць выключна сэрвіснымі структурамі пры дзяржаве, то, вырашаючы пытанні, якія цяпер для яе актуальныя, мы шукаем спосабы для дыялогу і тыя сферы, дзе сёння магчымы такі дыялог або ўплыў на прыняцце дзяржавай рашэння. Таму што неабходна рэалізоўваць тыя рэформы, якія ў інтарэсах краіны ў цэлым, а не толькі цяперашняй улады.

Яшчэ адзін важны крытэрый — гэта наяўнасць суб'ектаў са сваімі інтарэсамі ў рэформах. Гаворка ідзе пра грамадска-палітычных суб'ектаў, бо зразумела, што не толькі дзяржава рэалізуе нейкія рэформы, яны рэалізуюцца і структурамі грамадзянскай супольнасці, абавязкова ўдзел палітычных сіл.

На рэалізацыю рэформ таксама ўплываюць устаноўкі насельніцтва, якое прымае або не тыя ці іншыя рэформы. Таму наяўнасць выражанай волі гэтых грамадска-палітычных суб'ектаў вельмі важна для таго, каб вызначаць прыярытэтнасць змяненняў.

— Гэтыя групы паміж сабой неяк кантактуюць, абменьваюцца інфармацыяй і ідэямі ці кожная працуе асобна?

— Групы працуюць па сваіх тэматычных блоках, але паміж імі існуе перасячэнне. Напрыклад, немагчыма абмяркоўваць пытанні юрыдычнай рэформы, не закранаючы пры гэтым рэфармаванне ў палітычнай сферы, звязанае з праблемамі канстытуцыйнага ўладкавання Беларусі. Тут яшчэ важна разумець, што ёсць рэформы, якія можна правесці і цяпер, а ёсць тыя, якія распрацоўваюцца на перспектыву.

Напрыклад, рэформу вышэйшай адукацыі цалкам можна правесці і цяпер. Ёсць жаданне Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу і ёсць магчымасць грамадзянскай супольнасці ўплываць на рэфармаванне вышэйшай адукацыі.

А ёсць перспектыўныя рэчы, якія неабходна будзе разумець да пачатку рэальных дэмакратычных рэформ у сітуацыі, калі пачнецца нейкая лібералізацыя, будзе круглы стол у Беларусі паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі.

І вось для гэтай будучыні, напрыклад, трэба адказаць на пытанне, на якой канстытуцыйнай аснове будуць будавацца гэтыя пераўтварэнні? Ці варта нам пераглядаць Канстытуцыю 1996 года, ці варта нам вяртацца да Канстытуцыі 1994 года ці трэба шукаць нейкія формы іншага канстытуцыйнага ўладкавання?

І гэтыя пытанні трэба вырашаць ужо цяпер, бо кожны з варыянтаў мае свае плюсы і мінусы. Трэба вызначыць, як гэта будзе будавацца, таму што калі сітуацыя наступіць, да яе трэба быць гатовым. Гэта гатоўнасць павінна быць забяспечана працай мадэрнізацыйнага дыялогу ў тым ліку.

— Але пакуль, атрымліваецца, эксперты працуюць, па сутнасці, у стол? Ці няма апаскі, што калі наступіць гэта самая зручная сітуацыя, усе распрацаваныя ідэі і прапановы ўжо састарэюць?

— Трэба прызнаць, што сапраўды цяпер праца экспертаў — гэта галоўным чынам праца ў стол, пра запас. У дыялогу правальваецца палітычная частка. Гэта значыць у "Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі" дрэнна прадстаўлены грамадска-палітычныя суб'екты, якія б бралі на сябе адказнасць за рэалізацыю рэформ.

Гэтыя грамадска-палітычныя суб'екты ўяўляюць сабою не толькі і не столькі дзяржаву, але і ў тым ліку дэмакратычнае палітычнае поле. Гэта грамадска-палітычныя рухі, партыі, кансалідаваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, напрыклад Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці, нейкія буйныя асацыяцыі — наймальнікі, прафсаюзы і гэтак далей. Гэта ўсе тыя суб'екты, без якіх і актуальныя і будучыя рэформы немагчымыя ў паўнацэнным выглядзе. Сёння неабходна ўвесці гэтыя групы асноўных гульцоў у "Дыялог аб мадэрнізацыі".

Цяпер эксперты, усведамляючы гэту праблематыку і неабходнасць такога захаду, пачалі раўнд кансультацый з гэтымі суб'ектамі.

Прайшла сустрэча з палітычнымі партыямі і з Нацыянальнай платформай Форуму грамадзянскай супольнасці. Платформа праявіла досыць канкрэтную цікавасць у дачыненні да мадэрнізацыйнага дыялогу, зместу працы экспертных груп, выказала зацікаўленасць у замове пэўных распрацовак і рэалізацыі гэтых распрацовак у Беларусі для прыцягнення знешніх рэсурсаў.

— А ў чым навізна "Дыялогу аб мадэрнізацыі"? Бо і раней ЕС з аднаго боку і эксперты, палітыкі, грамадзянская супольнасць з іншага падтрымлівалі нейкія кантакты, выказвалі нейкія ідэі.

— Тут па-рознаму можна ставіцца да таго, што робіцца Еўрасаюзам у Беларусі. Можна бачыць паўтор усяго ці бачыць новыя магчымасці. Я аддаю перавагу разглядаць "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" не з пункту гледжання, чаго хоча ЕС і што можа рабіць, а як нам, беларусам, скарыстацца гэтай ініцыятывай. Гэта значыць як нам яе напоўніць тым зместам, які нам неабходны, і як гэта выкарыстоўваць у нацыянальных інтарэсах.

Новае ж тут — гэта тое, што Еўрасаюз упершыню стварае прастору для дыялогу з сур'ёзным уцягваннем у яго і структур ЕС, і краін-членаў, што павялічвае наш узровень узаемадзеяння, дае магчымасць прыцягваць самае лепшае з ЕС, павялічвае магчымасці палітычнага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, "Дыялог аб мадэрнізацыі" ў перспектыве можа перарасці ў пляцоўку, дзе, магчыма, будзе праводзіцца абмеркаванне рэформ у Беларусі самага рознага парадку ў трохбаковай структуры — з удзелам дзяржавы, грамадзянскай супольнасці і ЕС, які можа выступаць як пасрэднік. Патэнцыяльна "Дыялог аб мадэрнізацыі" як працэс можа перарасці ў такую перамоўную пляцоўку.

— А ці ёсць нейкі шанс усё ж уцягнуць дзяржаўных экспертаў у гэту ініцыятыву, у працу экспертных груп пры цяперашняй уладзе?

— Думаю, так. І тут часта ўзнікаюць галіны, дзе беларуская дзяржава зацікаўлена ў пэўных рэформах. Але рэалізаваць іх яна не можа без уцягвання незалежных экспертаў і без знешніх рэсурсаў, якія можа даць, напрыклад, ЕС.

І вось у такіх галінах магчыма супрацоўніцтва і цяпер, калі на тое будуць хаця б мінімальнае жаданне і воля з боку беларускай дзяржавы. Прычым гэта ў глабальным сэнсе не нясе ніякай пагрозы існаванню сучаснай палітычнай сістэмы Беларусі.

— Пра гэту ініцыятыву ведаюць самі эксперты, ведаюць журналісты, але простым беларусам яна пакуль мала вядомая. Як іх зацікавіць "Дыялогам аб мадэрнізацыі"?

— З насельніцтвам якраз і працуюць сродкі масавай інфармацыі. Нельга ж арганізоўваць экспертныя абмеркаванні з насельніцтвам. Інфармацыя пра падзеі павінна быць данесена да людзей. Як і тое, што "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" нясе магчымасць абнаўлення, змяненняў у іх жыцці ў прыватнасці і ў жыцці краіны ў цэлым.

А цяпер, як сведчаць сацыялагічныя апытанні, больш за 70% насельніцтва зацікаўлена ў пераменах. Трэба паказаць, што гэты інструмент сапраўды можа дапамагчы правесці змяненні ў Беларусі. Прычым найбольш рэальная форма якіх-небудзь змяненняў у нашай краіне — гэта менавіта грамадска-палітычны дыялог.


Гутарку вяла Таццяна Каравянкова, БелаПАН