Асуджаны праваабаронца Андрэй Бандарэнка не атрымлівае прэсу

Андрэй Бандарэнка распавёў, што яго таропка пераводзілі з бабруйскай у шклоўскую калонію. З-за чаго сарвалася запланаванае спатканне са сваякамі.



get_img142.jpg

"Самае сумнае, што да доўгага спаткання з бацькам заставалася ўсяго 6 дзён, калі адміністрацыя калоніі прадэманстравала вялікі акт гуманізму, пазбавіўшы маю сям'ю магчымасці сустрэцца са мной. Акрамя, як дробнай подласцю падобная  "мітусня", як аказалася, нічым і не падмацоўвалася .... Пра новае месца сказаць нешта складана. За першыя 2 тыдні ніякіх негатыўных уражанняў не склалася, але, усё яшчэ наперадзе і асноўныя падзеі будуць разгортвацца пасля 1 красавіка. Справа ў тым, што да 1 красавіка 2015 года я знаходжуся ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу - рэд.), паколькі "прывёз" яго з Бабруйска. А потым давядзецца змагацца за "незалежнасць" ужо на жылой зоне. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра", — вытрымку з ліста Андрэя Бандарэнкі на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала грамадская актывістка Ганна Шапуцька.

Андрэй Бандарэнка распавёў, што не атрымлівае газеты і часопісы, і толькі пачалі даходзіць першыя лісты. Таму нічога не ведае пра падзеі за сценамі калоніі, але "стан бадзёры, з упэўненасцю ў будучыні".

Андрэй Бандарэнка быў пераведзены ў шклоўскую з папраўчай калоніі № 2 Бабруйска 2 сакавіка з меркаванняў бяспекі. У бабруйскай калоніі, дзе праваабаронца адбываў пакаранне з канца кастрычніка 2014 года, у яго ўзнік канфлікт з некаторымі вязнямі.

Некалькі гадоў таму Бандарэнку ўжо трымалі ў бабруйскай калоніі — ён адбываў пакаранне па абвінавачванні ў здзяйсненні эканамічнага злачынства, але ў 2011 годзе быў прызнаны невінаватым. Калі праваабаронцу даставілі ў гэтую калонію мінулай восенню, адзін з асуджаных заявіў: яму вядома, што чатыры гады таму Бандарэнка знаходзіўся ў адной камеры з чалавекам з нізкім, па крымінальных мерках, статусам. У сувязі з гэтым некаторыя зняволеныя забаранілі Бандарэнку сядзець у сталовай за агульным сталом. У выніку Бандарэнка вымушаны быў галадаць. З сярэдзіны лістапада адміністрацыя бабруйскай калоніі з меркаванняў бяспекі змясціла Бандарэнку ў штрафны ізалятар, а праз некалькі месяцаў было прынята рашэнне наконт пераводу яго ў іншую калонію.

У шклоўскай калоніі Бандарэнка напісаў на імя адміністрацыі заяву з просьбай ўтрымліваць яго ў далейшым у адзіночнай камэры, каб пазбегнуць магчымых канфліктаў з вязнямі. Па наяўнай інфармацыі, заяву будуць разглядаць у красавіку.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік установы «Платформы инновейшн», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (часткі 1, 2 і 3 артыкула 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.