Баец ССА Украіны расказаў пра бой, у якім загінуў беларус Аляксей Скобля («Тур»)

Аляксей Скобля — з Мінска, ён ваяваў за Украіну з 2014 года. У красавіку пасмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны.

Аляксей Скобля

Аляксей Скобля

Баец Сіл спецыяльных аперацый Украіны расказаў пра бой, у якім 13 сакавіка 2022-га пад Кіевам загінуў беларус Аляксей Скобля (пазыўны "Тур"). Яго група ў раёне населенага пункта Машчун неаднаразова праводзіла разведку, наводзіла артылерыю на пантонныя пераправы расіян, аднойчы ў баі знішчыла дзясятак спецназаўцаў, піша Еўрарадыё.

У той дзень было атрымана заданне правесці разведку ў раёне Машчуна — зноў шукалі пантонную пераправу расіян праз рэчку. Яны ехалі на цывільнай машыне. Але ў тым раёне "тактычная сітуацыя змянілася", а байцоў ССА пра гэта ніхто не папярэдзіў.

"Мы ехалі па лясной дарозе і патрапілі ў засаду, — расказвае баец. — ...Спыніліся, "высыпалі" з машыны, пачалі страляць. Адпаведна стралялі і ў нас. Дыстанцыя кантакту была 15 метраў. Варожыя войскі знаходзіліся на статычных замаскаваных пазіцыях, з "усёй рускай душой" пасыпалі нас з кулямётаў і аўтаматаў. Мы стралялі ў адказ, адыходзілі назад. І ў працэсе бою, гэтай засады сябар "Тур" атрымаў раненне... Прымаў удзел у прыкрыцці адыходу групы і загінуў".

Скобля — ураджэнец Мінска, ён быў сярод беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе, ваяваў за Украіну з 2014 года. Пасля ўступіў у ССА Украіны, быў старшым сяржантам. Загінуў у 32 гады. У красавіку пасмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны.

У Сілы спецыяльных аперацый нядаўна набралі першую групу байцоў беларускага палка "Пагоня". Ім было паабяцана, што калі яны набудуць неабходны досвед, спецназаўцаў збяруць у адно беларускае падраздзяленне.