Бамбіць ці не бамбіць-2. Павел Усаў пра сафізмы вайны
Чамусьці некаторыя людзі ўпарта ўспрымаюць словы пра неабходнасць нанясення ўдараў па расійскай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі як удар па Беларусі і беларускаму народу. Прынамсі, гэта вынікае з тых каментароў, якія з’явіліся пад публікацыяй палітолага Паўла Усава наконт удараў па тэрыторыі Беларусі.
![photo_2022_01_30_15_52_16_logo_1.jpg photo_2022_01_30_15_52_16_logo_1.jpg](/img/v1/images/photo_2022_01_30_15_52_16_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цікава, як працуе механізм такога мыслення? Як можна сфарміраваць адзіную сувязь і правесці паралель паміж расійскім вайскоўцам-акупантам і беларускім народам, разважае Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале.
Можа атрымацца неяк так (сафізм): усё, што знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі — беларускае. Калі расійскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, яны частка гэтай тэрыторыі, то-бок беларусы па знаходжанні. Таму, бамбіць расійскія войскі — значыць, бамбіць Беларусь і беларускі народ. А бамбіць беларускі народ нельга, бо ён не вінаваты ў гэтай вайне.
Калі крочыць далей і выкарыстоўваць згаданы прынцып універсальнасці, то атрымаем наступнае.
Калі сцвярджэнне, што бамбіць расейцаў на тэрыторыі Беларусі = бамбіць Беларусь і беларускі народ вернае, то гэта значыць, што беларускі народ вінаваты ва ўсіх тых злачынствах, якія здзейснілі расійскія вайскоўцы, выкарыстоўваючы тэрыторыю нашай рэспублікі.
Гэта, у сваю чаргу, азначае, што калі беларускі народ вінаваты, то бамбёжка тэрыторыі Беларусі (= беларускага народа) апраўдана.